Паважаць законы дарог

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

19-02-2016-1

Упраўленне ўнутраных спраў, упраўленне дзяржаўтаінспекцыі Мінскага аблвыканкама правялі прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Выязное пасяджэнне праходзіла з удзелам кіраўніцтва РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр», КУП «Мінскаблдарбуд» і мела мэтай звярнуць увагу на такія важныя пытанні, як прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў, павышэнне бяспекі і культуры на аўтадарогах Мінскай вобласці.

На аўтамагістралі М1 у Стаўбцоўскім раёне ўдзельнікаў прэс-тура сустракалі начальнік аддзела дзяржаўтаінспекцыі Стаўбцоўскага РАУС Дзмітрый Воранаў і начальнік філіяла ДЭУ-62 РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Дзмітрый Ёдчык.

У праграме маршруту быў прыпынак на 295 кіламетры аўтадарогі М-1 Брэст–Мінск–мяжа Расійскай Федэрацыі. Тут знаходзіцца пункт кантролю аплаты. Гэта падраздзяленне на базе Стаўбцоўскага РАУС абслугоўваюць 10 супрацоўнікаў. Важнай задачай у іх дзейнасці з’яўляецца кантроль за выкананнем правіл дарожнага руху вадзіцелямі транспартных сродкаў замежных дзяржаў. На дапамогу супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі – тэхнічныя сродкі аўтаматычнага рэжыму, якія фіксуюць хуткасць руху аўтамабіляў. Як было адзначана, асноўнымі парушальнікамі з’яўляюцца грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Наогул у мінулым годзе 7400 вадзіцеляў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне устаноўленага правіламі хуткаснага рэжыму. Яны заплацілі ў бюджэт нашай краіны штрафных санкцый на суму каля двух мільярдаў рублёў.

Па ходу руху начальнік філіяла ДЭУ-62 Дзмітрый Ёдчык звяртаў увагу на стан дарогі, рабіў акцэнты на тым, які від догляду  важнай транспартнай магістралі з высокай інтэнсіўнасцю патоку праводзіць дарожная арганізацыя, якой яму даверана кіраваць. Дзмітрый Ёдчык звярнуў увагу на асаблівасці мясцовасці: у Стаўбцоўскім раёне абапал трасы няма лясных масіваў, таму дарожнікам нямала клопату дастаўляе ўстаноўка абгароджванняў паабапал аўтамабільнай трасы для затрымання снегу. Праводзіцца пасадка зялёных ахоўных палос, а таксама ўстаноўка абгароджванняў з сучасных палімерных матэрыялаў. Новыя тэхналогіі запатрабаваны і пры правядзенні ямачнага рамонту – як прымяненне літых сумесяў.

Асаблівасцю часу з’яўляецца адкрыццё на аўтастрадзе новых і рэканструкцыя існуючых аўтазаправачных станцый. Тэхнічныя ўмовы патрабуюць ад іх уладальнікаў строгага выканання мерапрыемстваў па бяспецы дарожнага руху з забеспячэннем належнага асвятлення, а таксама будаўніцтва  паўнацэнных палос разгону і тармажэння, абгароджванняў першай групы і другой, калі назіраецца інтэнсіўнасць руху пешаходаў.

Адчувалася, што ў дарожнікаў з работнікамі УДАІ вельмі цеснае ўзаемадзеянне. Арганізацыі, якія абслугоўваюць дарогі, прыслухоўваюцца да заўваг работнікаў дзяржаўтаінспекцыі, якія маюць пераканаўчыя аргументы, прыводзячы статыстыку па дарожна-транспартных здарэннях, у выніку якіх гінуць маладыя людзі, дзеці.

Як вынік такой сумеснай работы па доглядзе за станам і ўтрыманні дарог з’яўляюцца новыя транспартныя развязкі, каб знізіць аварыйнасць на асабліва небяспечных участках аўтастрады.

Адна з іх з’явілася нядаўна – на перасячэнні рэспубліканскай аўтадарогі Р2 Стоўбцы–Івацэвічы–Кобрын і рэспубліканскай дарогі Р11 Парачаны–Навагрудак–Нясвіж. За апошнія 10 гадоў тут зарэгістравана 10 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 6 чалавек і 16 паранены. Не ратавалі сітуацыю каскады штучных няроўнасцяў, якія тут устаноўлены, – вадзіцелі маглі не заўважыць на дарозе транспартны сродак, і была вялікая небяспека бакавога сутыкнення. Каб абараніць удзельнікаў аўтамабільнага руху ад такіх трагедый, было прынята рашэнне зрабіць кальцо малога радыусу з мінімальнымі памерамі, каб як мага больш запаволіць рух велікагрузных машын і асабліва фураў. У ходзе мадэрнізацыі гэтага ўчастка  былі ўстаноўлены сучасныя святлодыёдныя ўказальнікі з сонечнымі батарэямі, якія аказваюць вялікую дапамогу вадзіцелям пры недастковай бачнасці падчас туманаў і пры іншых неспрыяльных умовах надвор’я.

Прэс-канферэнцыя прайшла ў кінатэатры «Салют» у Нясвіжы. Начальнік УДАІ УУС Мінаблвыканкама  Мікалай Караткевіч выступіў са справаздачай, падняў праблемы аварыйнасці і акрэсліў перад начальнікамі аддзелаў і аддзяленняў дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці задачы. Важнасць іх абумоўлена і геаграфічным знаходжаннем рэгіёна. Мінская вобласць размешчана на перасячэнні асноўных транспартных маршрутаў, якія звязваюць Заходнюю Еўропу і Усход, рэгіёны Чарнаморскага пабярэжжа і Балтыі. Па тэрыторыі вобласці праходзяць восем магістральных і 39 рэспубліканскіх аўтадарог агульнай працягласцю 3280 кіламетраў. Яшчэ 34 000 кіламетраў складае працягласць вулічна-дарожнай сеткі. Усе яны знаходзяцца пад пільным кругласутачным наглядам супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці.

Аб прынятых ведамасных мерах па прафілактыцы аварыйнасці і павышэнні ўзроўню бяспекі дарожнага руху на важных аўтамагістралях краіны выступілі генеральны дырэктар РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Мікалай Мацюк і генеральны дырэктар КУП «Мінскаблдарбуд» Дзмітрый Сцяпанаў.

Журналісты і ўдзельнікі пасяджэння маглі задаць свае пытанні і атрымаць на іх адказы службовых асоб.

На здымках: начальнік УДАІ УУС Мінаблвыканкама, палкоўнік міліцыі Мікалай Караткевіч; начальнік АДАІ Стаўбцоўскага РАУС Дзмітрый Воранаў (у цэнтры) з калегамі падчас выязнога пасяджэння.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *