Правапарадак

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

19-02-2016-1

УЧАСТКОВЫ СЛУЖЫЦЬ ВЯСКОЎЦАМ

Андрэй Новікаў служыць у органах унутраных спраў з 1995 года, апошнія дзесяць гадоў – на пасадзе старшага ўчастковага інспектара міліцыі. Яго дзейнасць звязана з адным і тым жа адміністрацыйным участкам, прычым ён сам пражывае на гэтым участку, сярод вяскоўцаў. Зона абслугоўвання ахоплівае такія аддаленыя ад райцэнтра населеныя пункты, як Цеснавая, Слабодка, Мешычы, Пятрылавічы і іншыя. Каб вырашаць праблемы людзей і не дапускаць на сваім участку злачынстваў і правапарушэнняў, старшы ўчастковы інспектар плённа супрацоўнічае з Літвенскім сельвыканкамам, кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі. Часта бывае ён у сем’ях, дзе гадуюцца непаўналетнія дзеці, выступае перад школьнікамі.

Найбольш надзённыя задачы, якія прыходзіцца вырашаць старшаму ўчастковаму інспектару, – гэта барацьба з п’янствам на рабочых месцах,  работа з тымі, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі.

За сваю службовую дзейнасць Андрэй Новікаў быў адзначаны нагрудным знакам «За выдатную службу», а таксама (адным з першых супрацоўнікаў райаддзела міліцыі) медалём «За бездакорную службу».        

Пр

 

Пешаход – у цэнтры ўвагі

З мэтай прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў у цёмны час сутак на тэрыторыі раёна з 12 па 19 лютага была аб’яўлена  прафілактычная акцыя «Пешаход».

У ходзе прафілактычнай акцыі вялася папулярызацыя святлоадбівальных элементаў, тлумачыліся заканадаўчыя і прававыя нормы, якія рэгламентуюць паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху. Праводзілася і абследаванне вулічна-дарожнай сеткі. Асаблівая ўвага была звернута на аварыйна-небяспечныя месцы, мясцовыя дарогі. Для работы па папярэджанні пешаходнага траўматызму прыцягваліся члены добраахвотных дружын. 

Па-ранейшаму наезды на пешаходаў застаюцца пераважным відам дарожна-транспартных здарэнняў. Толькі за студзень бягучага года на тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістравана 19 наездў на пешаходаў, у тым ліку сем – на нерэгулюемых пешаходных пераходах. У выніку аўтааварый тры пешаходы загінулі, 16 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. У 2015 годзе зарэгістравана 19 ДТЗ з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў. У іх шэсць чалавек загінулі, 15 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, шэсць удзельнікаў данай катэгорыі аварый знаходзілся ў стане алкагольнага ап’янення, дзевяць ДТЗ учынена па віне пешаходаў і веласіпедыстаў.

Найбольшы ўзровень пешаходнага траўматызму адзначаецца ў асенне-зімовы перыяд, і доля аварыйнасці з удзелам пешаходаў дасягае 60-70 працэнтаў ад усіх ДТЗ. Правілы дарожнага руху абавязваюць пешахода падчас руху па краі праезджай часткі ў цёмны час сутак абазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі.

Як паказвае статыстыка, небяспечнымі ў плане наездаў застаюцца зоны прыпынкаў грамадскага транспарту і пешаходныя пераходы, асабліва нерэгулюемыя. Маючы на іх перавагу руху, пешаход  павінен пераканацца ў бяспечнасці выхаду на праезджую частку дарогі і не ствараць перашкоды для руху транспартных сродкаў.      

Асаблівы зварот да бацькоў: абазначце флікерамі сваіх дзяцей і нагадайце ім аб асноўных правілах бяспечных паводзін на дарозе. Вадзіцелям пры пад’ездзе да нерэгулюемага пешаходнага перахода трэба максімальна знізіць хуткасць, аж да спынення транспартнага сродку, каб уступіць дарогу пешаходам.          

Катэгорыя веласіпедыстаў таксама ўваходзіць у групу рызыкі, аб чым сведчаць шматлікія прыклады ДТЗ. Нагадваем, што ім неабходна абсталяваць свой веласіпед фарамі, якія выпраменьваюць спераду белы колер, ззаду – чырвоны, і памятаць, што па праезджай частцы дарогі веласіпедысту можна рухацца не далей чым адзін метр ад яе правага краю. 

Што датычыць адказнасці пешаходаў. Пешаход, які ў цёмны час сутак рухаецца па праезджай частцы і не абазначыў сябе флікерам, можа быць пакараны штрафам ад адной да трох базавых велічынь, а калі парушэнне ім правіл дарожнага руху пацягнула стварэнне аварыйнай абстаноўкі, – штрафам ад трох да васьмі базавых велічынь. На суму ад трох да пяці базавых велічынь штрафуецца пешаход, які знаходзіцца на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

ЗА ДАПАМОГУ Ў БАРАЦЬБЕ З КАРУПЦЫЯЙ

Грамадзяне будуць атрымліваць грошы за дапамогу ў барацьбе з карупцыяй, гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў нумар 101 ад 5 лютага 2016 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

«Узнагароджанне і іншыя выплаты фізічнай асобе, якая садзейнічала выяўленню карупцыі, праводзяцца ў выпадках: прадастаўлення інфармацыі, прадметаў і дакументаў, што садзейнічалі выяўленню карупцыйнага злачынства; прадастаўлення звестак аб месцазнаходжанні асобы, што знаходзіцца ў вышуку, якая ўчыніла карупцыйнае злачынства; прадастаўлення інфармацыі аб месцазнаходжанні грашовых сродкаў і іншай маёмасці, атрыманых у выніку ўчынення карупцыйнага злачынства; садзейнічання прадухіленню або кампенсаванню шкоды, прычыненай карупцыйным злачынствам; аказання іншага садзейнічання органам крымінальнага праследавання, што мела значэнне для супрацьдзеяння карупцыйным злачынствам», – сказана ў дакуменце.

Калі размова ідзе аб цяжкім або асабліва цяжкім злачынстве, то выплачваецца да 50 базавых велічынь, менш цяжкім – да 30 базавых. Праводзяцца выплаты кампенсацыйнага характару да 10 базавых велічынь на аснове дакументаў, якія пацвярджаюць зробленыя фізічнай асобай расходы. Выплата назначаецца пракуратурай на падставе хадайніцтва органа крымінальнага праследавання пры прыняцці рашэння па крымінальнай справе, што паступіла для накіравання ў суд і ў некаторых іншых выпадках.

БелТА

 

ПСІХАТРОПЫ – ПОШТАЙ

Мінская рэгіянальная мытня ў пункце мытнага афармлення «Мінская пошта» выявіла факт перамяшчэння ў міжнародным паштовым адпраўленні псіхатропных рэчываў.

Міжнароднае паштовае адпраўленне паступіла ў Рэспубліку Беларусь з Федэратыўнай Рэспублікі Германія і адрасавана было жыхару Мінскай вобласці.

У выніку правядзення мытнага агляду было выяўлена 10 марак, якія ўтрымлівалі ў сваім складзе забароненыя прэпараты. Паводле заключэння эксперта мытнай лабараторыі парашок кваліфікаваны як асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва Лізергід.

Па даным факце Мінскай рэгіянальнай мытняй адкрыта крымінальная справа па ч. 3 арт. 228 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (кантрабанда).

За 2015 год Мінскай рэгіянальнай мытняй спынена 39 фактаў незаконнага ўвозу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. У выніку такой работы ўзбуджана 18 крымінальных спраў. Рост колькасці выяўленых фактаў незаконнага ўвозу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у 2015 годзе ў параўнанні з 2014 склаў больш за 77%. Маса забароненых прэпаратаў, якія знялі з незаконнага абароту ў 2015 годзе, узрасла ў параўнанні з 2014 годам больш чым на 46%.

Таццяна ЛІННІК, інспектар аддзела ідэалагічнай работы Мінскай рэгіянальнай мытні



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *