Мужнасць

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

19-02-2016-1

ТРЫ ПОДЗВІГІ ВАСІЛЯ ЖЫБУЛЯ

У многіх сем’ях жыхароў Стаўбцоўшчыны свята захоўваюць баявыя ўзнагароды бацькоў і дзядоў. Іх не толькі беражліва перадаюць з пакалення ў пакаленне, а, больш таго, шукаюць інфармацыю, расшыфроўку кожнай узнагароды свайго продка.

Сярод такіх дапытлівых стаўбчан – і Валянціна Ермаковіч, ураджэнка Заямнага. Пры жыцці яе бацька Васіль Васільевіч Жыбуль заўсёды насіў тры самыя дарагія ўзнагароды – два ордэны Чырвонай Зоркі  і ордэн Айчыннай вайны І ступені. У войска ён быў прызваны ў 1944-м годзе, пасля вызвалення Беларусі, калі яму было 19-ць. Служыў на 1-м Беларускім фронце.

– Бацькі няма ўжо 20 гадоў. Памятаю, на раённых парадах 9 Мая ён заўсёды ішоў наперадзе калоны з чырвоным сцягам… Але не прыпомню, каб ён расказваў нам пра сваё ваеннае мінулае. Іншым разам абрывачна, калі вып’е чарку і расслабіцца, тое-сёе праскочыць… – прыгадвае Валянціна Васільеўна. – Аднойчы абмовіўся, што быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Мы, дочкі, канешне, пацікавіліся: «За што?» «Напэўна, заслужыў, калі прадставілі», – адказ быў ухілістым. Тады мы не дапытваліся… А прайшлі гады і захацелася высветліць ісціну.

Не так даўно сястра Валянціны Ермаковіч адправіла ліст у Падольскі ваенны архіў. І неўзабаве атрымала адтуль копіі ўзнагародных лістоў на бацьку. Тое, што ўказана ў іх, аказалася… ашаламляльным ад праяўленага гераізму.

Першы ордэн Чырвонага Сцяга, да якога 9 сакавіка 1945 года быў прадстаўлены радавы 990 стралковага Сталінскага палка 230 стралковай Сталінскай дывізіі Васіль Жыбуль, заключаўся ў наступным (цытуем узнагародны ліст): «У баі 7-га лютага 1945 года ў населеным пункце  Ной-Левін Брандэнбургскай правінцыі (Германія) на плацдарме на левым беразе ракі Одэр падчас артылерыйскай дуэлі з праціўнікам быў паранены. Зрабіўшы перавязку, адмовіўся пакінуць поле бою. Калі выбыў са строю камандзір гарматы, прыняў камандаванне гарматай на сябе. 8-га лютага 1945 года, калі батальён вёў бой у акружэнні, умела камандуючы сваёй гарматай, падбіў тры нямецкія самаходныя пушкі. Калі застаўся адзін з разліку гарматы,  падбіў нямецкую самаходную гармату, якая працягвала весці агонь. Тады радавы Жыбуль з супрацьтанкавай гранатай забраўся на гарышча дома, каля якога стаяла гэтая гармата, і кінуў на яе гранату. Самаходка немцаў успыхнула, разлік яе пачаў выскокваць. Трапнымі чэргамі з аўтамата Жыбуль знішчыў чацвёра салдат. Калі гармата Жыбуля была разбіта прамым пападаннем снарада, ён прыняў удзел у абароне каманднага пункта батальёна і адбіў спробу праціўніка ўварвацца ў яго размяшчэнне».

Другі ўзнагародны ліст складзены ўжо на Васіля Жыбуля-сяржанта, камандзіра супрацьтанкавай гарматы 990 стралковага ордэна Суворава 3-й ступені палка 230 стралковай Сталінскай дывізіі. Ізноў-такі прыбегнем да цытаты з дакумента, каб быць дакладнымі: «У баі 23 красавіка 1945 года па авалодванні нашымі падраздзяленнямі прыгарадам Берліна – Карлсхорст на ўсходнім беразе ракі Шпрэе праціўнік кінуў у контратаку буйныя сілы пяхоты, узброенай гранатамі «Панцэрфауст», спрабуючы ўтрымаць свае пазіцыі і не дапусціць фарсіравання ракі нашымі войскамі. Сяржант Жыбуль агнём сваёй гарматы на працягу дзвюх гадзін стрымліваў націск ворага, колькасць якога раўнялася складу роты, пры гэтым знаходзіўся ў разбураным доме на скрыжаванні вуліц і трымаў пад абстрэлам усе подступы да перадавой свайго батальёна. Раз’юшаныя немцы, не зважаючы на страты, трапілі ў дом і гранатай «Панцэрфауст» вывелі са строю разлік гарматы сяржанта Жыбуля. Выбухам яму адарвала пальцы на руцэ. Будучы цяжка паранены, у адзіночку ля гарматы, ён акрываўленымі рукамі навёў сваю гармату на ланцуг наступаючага ворага і асколачным снарадам спыніў іх. Сваім гераічным учынкам ён забяспечыў утрыманне занятых палком рубяжоў, адпор шалёных контратак праціўніка і выйгрыш часу для перагрупіроўкі сіл нашых падраздзяленняў і нанясення праціўніку ўдару, якім вораг быў адкінуты з усходняга берага ракі Шпрэе».

Пасля гэтага апісання асабістых заслуг Васіля Жыбуля – заключэнне: «Дастойны ўзнагароджання вышэйшай урадавай узнагароды – прысваення звання Герой Савецкага Саюза».

– Звання Героя бацька так і не атрымаў, але дзесьці праз два месяцы яму быў уручаны другі ордэн Чырвонай Зоркі, – аднаўляе храналогію Валянціна Ермаковіч. – А ў 1986 годзе яго «знайшоў» трэці ордэн – Айчыннай вайны І ступені.

Чаму так здарылася, дакладна сказаць цяжка, можна рабіць толькі здагадкі. Адна з прычын, якая магла паўплываць на тое, што прадстаўленне Васіля Жыбуля да вышэйшай узнагароды не было рэалізавана, – носіць сямейны характар. Пятра, старэйшага Васілёвага брата, як і яшчэ шасцярых мужчын з іх мясцовасці, забралі немцы. Ён лічыцца прапаўшым без вестак. Пасля вайны па просьбе бацькоў Васіль шукаў ягоныя сляды. Напісаў ліст у газету «За Родину!». Атрымаў адказ, што яго брат пахаваны на тэрыторыі Польшчы, указаны і населены пункт. Праўда, удакладніць гэта нашчадкам (калі яны пажадаюць) яшчэ будзе магчымасць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Яшчэ адзін піянерскі атрад  імя ветэрана

У легендарным Налібацкім краі ўжо не засталося ў жывых ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай, але памяць пра іх і іх справы жыве сярод тутэйшай моладзі.

У ДУА «Налібацкая сярэдняя школа» гэтымі днямі з’явіўся яшчэ адзін піянерскі атрад. Па рашэнні схода, новаму атраду прысвоена імя ветэрана вайны Івана Уладзіміравіча Цімкова.

Міжволі раўняючыся на героя-ветэрана, усе восем вучняў пятага класа сталі членамі піянерскай арганізацыі. Ім урачыста павязалі чырвоныя гальштукі. Падзея гэтая прайшла пад гукі піянерскіх горна і барабана, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. На лінейцы прагучаў расказ пра І. У. Цімкова, пра тое, чым адметны яго жыццёвы лёс. Старэйшыя таварышы трымалі справаздачу аб зробленым.

– З мінулага года ўсе піянерскія атрады нашай школы былі названы імёнамі ветэранаў вайны – Міхаіла Францішкавіча Ліпніцкага, Міхаіла Міхайлавіча Супруновіча, Марыі Паўлаўны Вількоцкай, аўтарытэтных людзей, якія жылі і працавалі ў нашай мясцовасці. Іх ужо няма сярод нас, але праз піянерскую работу і сабраны гісторыка-краязнаўчы матэрыял падрастаючае пакаленне не забывае подзвіг, здзейснены нашымі аднавяскоўцамі ў ваенны час, – расказала дырэктар школы Вікторыя Высоцкая.

Так, у класах арганізоўваюцца піянерскія зборы, на якіх піянеры рыхтуюць выступленне аб жыццёвым шляху «свайго» ветэрана. Аформлены таксама і піянерскія куткі, дзе прадстаўлена кароткая біяграфія ветэрана. Перад вачыма вучняў – яго фота. Піянеры ведаюць, што сваёй стараннай вучобай і актыўнай грамадскай дзейнасцю апраўдваюць аказаны ім давер.

Піянерская дружына Налібацкай школы сёння налічвае 28 піянераў. Яе адметнасць, як і піянерскіх атрадаў, – ва ўвекавечванні ветэранскага імені. Названа яна ў гонар Сяргея Пятровіча Шмата. Ураджэнец Краснадарскага краю, ён змагаўся ў партызанскім атрадзе «Бальшавік» брыгады імя Сталіна. Партызаніць давялося ў Стаўбцоўскім і Дзяржынскім раёнах. За мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі «За доблесць і адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга». У мірны час франтавік працаваў вадзіцелем саўгасаў «Івянецкі», затым – «Налібацкі». Сяргея Пятровіча Шмата  не стала ва ўзросце 83 гады, 12 сакавіка 2010 года…

Працягам патрыятычнай работы сярод школьнікаў можна назваць цесную сувязь з былымі вязнямі фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Яны пражываюць у Кляцішчы, Прудах, Налібаках, Церабейным, Несцеравічах… Да Дня Перамогі іх абавязкова запрашаюць у школу. Да святаў ім дасылаюць віншавальныя паштоўкі, зробленыя рукамі дзяцей на занятках у гуртках. Усіх іх школа стараецца ахапіць шэфскай дапамогай. Згодна з планам выхаваўчай работы, з самага пачатку навучальнага года ў школе праходзяць вахты памяці, урокі мужнасці, конкурсныя і іншыя праграмы, прысвечаныя абаронцам Айчыны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *