Служба 101. Бяспека

Нумары РАНС інфармуе

22-02-2016-1

ДЛЯ ЮНЫХ ВЫРАТАВАЛЬНІКАЎ

У адзін з лютаўскіх дзён школьнікі Стаўбцоўшчыны трапілі ў цудоўны свет радасці, конкурсаў і падарункаў. І ўзнагародзіў іх такой магчымасцю небезвядомы часопіс «Юный спасатель» у раённым Цэнтры культуры.

Усе мы памятаем леташнюю сустрэчу, арганізаваную часопісам у Стоўбцах. У душы засталася атмасфера вясёлага свята. І на сваіх старонках часопіс ініцыіруе шмат розных конкурсаў, удзел у якіх бяруць хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх рэгіёнаў краіны. Не можа не радаваць той факт, што стаўбцоўская моладзь таксама выходзіць іх пераможцамі.

І на гэты раз спецыяльны карэспандэнт «ЮС» па Мінскай вобласці Таццяна Яшчанка прывезла падарунак адзінаццацікласніцы Вішнявецкай школы Кацярыне Сасноўскай. Кацярына стала адным з пераможцаў конкурсу «Пісьмо чараўніку». Дзяўчына пакарыла сэрцы арганізатараў конкурсу сваёй чалавечнасцю, таму што прасіла ў чараўніка не абноўкі для сябе, а дапамогі, удзелу, падтрымкі для жыхароў суседняй Украіны.

– Быць чалавечным у наш час – дарагога каштуе. Таму мы і не змаглі не звярнуць увагу на гэтае пісьмо, – патлумачыла  Таццяна Яшчанка. – Сапраўды, дапамагчы ўсім матэрыяльна складана, але праявіць чалавечую дабрыню, спагаду – па сіле кожнаму з нас.

Знаёмствам з пераможцай сустрэча не завяршылася. Без увагі не застаўся ніхто з прысутных  у зале. Конкурсы, віктарыны, жарты ішлі адзін за адным без перапынку. Дзеці спаборнічалі ў лоўкасці, знаходлівасці, крэатыўнасці. Акрамя таго, праз гульню адбылася праверка ведання школьнікамі правілаў бяспечных паводзін – акурат на працягу лютага на Стаўбцоўшчыне праходзіць акцыя «Бяспека – у кожны дом!». Ніхто з удзельнікаў не застаўся бз падарункаў і сувеніраў – каляровых часопісаў, яркіх наклеек, календароў на бягучы год, блакнотаў, паветраных шароў, пеналаў…

На завяршэнне выступілі юныя выратавальнікі-пажарныя Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, якія ў творчай форме нагадалі пра тое, што «з бяспекай жартаваць нельга». 

 

З ПАСТАЎЛЕНАЙ БАЯВОЙ ЗАДАЧАЙ

Падчас  правядзення работ па рамонце даху ў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» адбылося загаранне. Пажар пачаў распаўсюджвацца па ўсім даху, стварылася пагроза галоўнаму корпусу. Плошча пажару на момант прыбыцця пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў складала 60 м2.

Прыкладна такое паведамленне магло паступіць ад відавочцаў планава-тактычных вучэнняў, якія праходзілі на мінулым тыдні ў  ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Іх галоўнай задачай была адпрацоўка ўзаемадзеяння пажарнай аварыйна-выратавальнай службы з адміністрацыяй аб’екта і іншымі аварыйнымі службамі, а таксама праверка рэальнасці аператыўнага плана пажаратушэння.

У 10.30 у цэнтр аператыўнага кіравання райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб умоўным загаранні. На аб’екце сіламі добраахвотнай пажарнай каманды і абслуговага персаналу была праведзена эвакуацыя людзей і абясточванне рабочых месцаў, памяшканняў галоўнага корпуса. Па прыбыцці на месца здарэння пажарных-выратавальнікаў былі вызначаны баявыя ўчасткі і пастаўлены задачы для тушэння і абароны будынкаў. Выратавальнікі праклалі ад аўтацыстэрнаў рабочыя і магістральныя лініі, забяспечылі падачу ствалоў па трохкаленных лесвіцах. Яны дзейнічалі зладжана, і ў 11.40 пажар быў лакалізаваны, у 11.50 – ліквідаваны.

– Правядзенне тактыка-спецыяльных вучэнняў – гэта магчымасць набыць у рэальных умовах прафесійныя навыкі і майстэрства, неабходныя для выратавання жыцця людзей, – падкрэсліў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

Пр

 

НА ШЛЯХАХ ЭВАКУАЦЫІ… ГАРДЭРОБ

У планавым парадку правераны шэраг аб’ектаў адукацыі, размешчаных у Стоўбцах. Літаральна на ўсіх былі выяўлены тыя ці іншыя парушэнні, што сведчыць аб аслабленні іх пажарнай бяспекі. 

ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» аснашчана аўтаматычнай сістэмай пажарнай сігналізацыі, якая знаходзіцца ў рабочым стане, забяспечана на 100 працэнтаў пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, яе персанал абучаны патрабаванням і мерам пажарнай бяспекі на выпадак узнікнення пажару або іншай надзвычайнай сітуацыі, правілам карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і т. п. Разам з тым, выяўлена 16 розных парушэнняў, чатыры з якіх ухілены ў ходзе праверкі.

У ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы» немагчыма далучыць пажарныя рукавы да асобных пажарных кранаў, на шляхах эвакуацыі на першым паверсе размешчаны шафы для верхняга адзення дзяцей. У ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы» не забяспечана магчымасць перадачы сігналаў аб пажары і няспраўнасці пажарнай аўтаматыкі на пункт дыспетчарызацыі МНС, ды і сама аўтаматычная пажарная сігналізацыя патрабуе капітальнага рамонту.

Дырэктары ўсіх трох гарадскіх школ прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Адміністрацыйны працэс распачаты і ў адносінах да адказных за пажарную бяспеку ў ДУА «Яслі-сад № 5 г. Стоўбцы», ДУА «Яслі-сад № 4 г. Стоўбцы», ДУА «Яслі-сад № 3 г. Стоўбцы», а таксама ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Радуга». Асноўны недахоп – работнікі гэтых аб’ектаў, якія з’яўляюцца членамі добраахвотнай пажарнай дружыны, і тыя, хто задзейнічаны ў рэалізацыі плана эвакуацыі людзей з будынка пры пажары, не забяспечаны самавыратавальнікамі. У цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга» няспраўнае прыстасаванне «Молния» аўтаматычный сістэмы пажарнай сігналізацыі, прызначанае для перадачы сігналаў на пункт дыспетчарызацыі МНС. Персанал гэтай установы паказаў слабое валоданне ведамі па прымяненні наяўных у цэнтры пярвічных сродкаў пажаратушэння. Акрамя таго, у цэнтры дапускаецца закрыванне дзвярэй эвакуацыйных выхадаў на замок,  які не дазваляе адкрыць дзверы без ключа.      

Акрамя праверкі аб’ектаў адукацыі, была прааналізавана ступень выканання патрабаванняў выдадзенага раней прадпісання на ААТ «Аграбудфірма «ПМК-74 – Налібакі». Высветлілася, што кіраўніцтвам аграбудфірмы не выконваюцца мерапрыемствы як капітальнага характару, так і рэжымнага, якія, па сутнасці, не патрабуюць якіх-небудзь фінансавых укладанняў. Ацэнка, дадзеная стану пажарнай бяспекі, – не адпаведны патрабаванням. 

Пры правядзенні кантрольнай праверкі ТДА «Зіма плюс» парушэнняў не выяўлена, аб чым кіраўніцтву ўручана даведка.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *