Балем правілі талент і музыка

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

22-02-2016-1

У Старасвержанскім Цэнтры культуры адбыўся традыцыйны, шаснаццаты па ліку, раённы конкурс пад назвай «Віртуоз года – 2016». Сёлета ён праходзіў у знамянальны для работнікаў культуры час –  Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь бягучы год аб’яўлены Годам культуры.

Мэта правядзення конкурсу, у якім прынялі ўдзел выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў раёна, – удасканаленне выканальніцкага майстэрства і павышэнне прэстыжу прафесіі выкладчыка. На высокае званне «Віртуоз года» прэтэндавалі  адзінаццаць удзельнікаў, якія выступалі ў дзвюх намінацыях: выкананне твораў на музычных інструментах і вакальнае выкананне. Пад апладысменты гледачоў усе яны выйшлі на сцэну, якая стала пастаяннай пляцоўкай правядзення конкурсу.

Старшыня журы, намеснік дырэктара Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці Наталля Даўнаровіч падкрэсліла, што таленты раскрываюцца менавіта на мерапрыемствах такога ўзроўню, а самародкаў у нашых глыбінках нямала. Яна пажадала канкурсантам паспяховага выступлення і перамогі, якая дастанецца лепшаму з лепшых.

На працягу дзвюх гадзін гучалі творы з класічнага, народнага і эстраднага рэпертуару. Зразумела, у душы канкурсанты хваляваліся, але на сцэне трымаліся дастойна і паказалі сваё ўменне і майстэрства. Гледачы ў зале заварожана слухалі выканаўцаў і праводзілі кожнага ўдзельніка гучнымі апладысментамі.

Званне «Віртуоз года – 2016» з уручэннем дыплома прысвоена канцэртмайстру Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзіміру Бандаровічу. Журы і самі ўдзельнікі прызналі, што выкананне на фартэпіяна твораў Гурэцкага і Рахманінава было віртуозным і проста прыгожым. Уладзімір Бандаровіч, а таксама канцэртмайстар гэтай жа школы мастацтваў Ягор Дырда атрымалі дыпломы за высокае выканальніцкае майстэрства.

 У намінацыі «Інструментальная музыка» лаўрэатам конкурсу, з прысуджэннем першага месца, стала выкладчыца па класе «саксафон» Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў, малады спецыяліст Юлія Князюк. Удвайне прыемная нагода, бо ў гэты дзень Юлія адзначыла сваё дваццацігоддзе. Другое месца ва Уладзіміра Рэцкага – выкладчыка па класе «духавыя інструменты» Стаўбцоўскай ДШМ, трэцяе – у Максіма Авязава, выкладчыка па класе «саксафон» Дзераўнянскай ДШМ.

У намінацыі «Вакальнае майстэрства» месцы размеркаваліся наступным чынам: першае прысуджана Аксане Каратыш, выкладчыцы па класе «народныя спевы» (Стаўбцоўская ДШМ); другое – Алене Грыбко, хармайстру ўзорнага ансамбля народнай музыкі і песні «Каласкі» (Наваколасаўская ДШМ); два трэція – Віталію Чарняўскаму, выкладчыку па класе «гітара» (Старасвержанская ДШМ) і Галіне Мілістфер, выкладчыцы харавога класа (Шашкоўская ДШМ). Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі. Марына Камароўская, кіраўнік фальклорнага ансамбля «Звончыкі» (Дзераўнянская ДШМ) і Аляксандра Ліпніцкая, канцэртмайстар гэтай жа школы (дарэчы, у яе таксама быў дзень нараджэння) атрымалі дыпломы за ўдзел у конкурсе.

Уладальнікам дыплома і спецыяльнай прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў культуры (старшыня  і член журы Алена Каралец) стала выкладчыца харэаграфіі Стаўбцоўскай ДШМ Аляксандра Варывоцкая, якой дастаўся і прыз глядацкіх сімпатый.

Дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе, якасны ўзровень конкурснай праграмы і развіццё музычнага мастацтва атрымалі дырэктары Стаўбцоўскай, Старасвержанскай, Наваколасаўскай, Дзераўнянскай і Шашкоўскай дзіцячых школ мастацтваў.

– Мы пастараліся адзначыць усіх, бо кожны ўдзельнік таленавіты і заслугоўвае самай высокай пахвалы, і вылучыць лепшых, хоць гэта было і нялёгка, – сказала старшыня журы Наталля Даўнаровіч. – Шчырае дзякуй арганізатарам і куратарам конкурсу за праведзеную вялікую падрыхтоўчую работу, бо конкурс  сапраўды ўдаўся і прайшоў на  самым высокім узроўні. А калегам выказваю падзяку за захаванне традыцыі.

З віншаваннямі і ўдзячнасцю за падораныя хвіліны радасці, асалоду ад  музыкі і захапленне ад песень звярнулася да ўдзельнікаў конкурсу член журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік. Алена Валер’еўна падкрэсліла, што ўсе належна падрыхтаваліся і выступілі выдатна. 

І сапраўды, адбыўся, без перабольшвання, канцэрт лепшых выканаўцаў інструментальнага і вакальнага жанраў, які, без сумнення, упрыгожыў бы любое святочнае мерапрыемства і прыйшоўся даспадобы самаму патрабавальнаму слухачу.

У пачатку і напрыканцы конкурснай праграмы вучаніцы тэатральнага аддзялення Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў Вівіяна Адамовіч, Хрысціна Качановіч і Кацярына Дземідовіч прачыталі вершы аб музыцы і настаўніку.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *