Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

23-02-2016-1

Васілій Лучык трэці год працуе механізатарам у ААТ «Вялікі Двор». У яго распараджэнні энерганасычаны трактар «Беларус-1221», на якім выконвае розныя работы. Летась Васілій Рыгоравіч выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва на сяўбе кукурузы і на свяце «Дажынкі-2015» атрымаў Ганаровы дыплом і прэмію. Гэтымі днямі дбайны працаўнік заняты на вывазцы гноевай жыжкі на палеткі.

 

ПАДАБРАНА КАМАНДА СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

У кастрычніку мінулага года ААТ «Вішнявецкі-агра» ўзначаліў Віктар Худніцкі. Гаспадарка немалая, з развітым бульбаводствам і буракаводствам.  Акрамя пагалоўя буйной рагатай жывёлы, на тэрыторыі гаспадаркі функцыянуе свінатаварны комплекс, расце сад, ёсць пчальнік.

Адным словам, сельгаспрадпрыемства шматгаліновае і маладому дырэктару спатрэбіўся некаторы час, каб як след унікнуць ва ўсе вытворчыя пытанні.

Сёння ён наш суразмоўца.

– Віктар Уладзіміравіч, якія вывады і які першы крок вы зрабілі для таго, каб палепшыліся паказчыкі работы таварыства?

– Падабраў каманду спецыялістаў. Задаволены работай галоўнага інжынера Валерыя Мормыша, з якім раней працаваў у Нясвіжскім раёне. Добра спраўляецца са сваімі абавязкамі галоўны заатэхнік Алег Бараноўскі, які прыйшоў да нас з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Вярнулася на працу брыгадзірам свінатаварнага комплексу Людміла Качановіч. Сад цяпер пад наглядам ведаючага спецыяліста-садавода Ірыны Мамонька. Галоўнае, што гэтым людзям магу поўнасцю давяраць. Кадраў масавых прафесій, жывёлаводаў і механізатараў, дастаткова. Нестае толькі ветспецыялістаў. Людзі прыехалі б на працу, але няма жылля. У планах летам адрамантаваць інтэрнат.

– Як ідуць справы ў жывёлагадоўчай галіне?

– Утрымліваем узровень мінулага года па надоях. Ёсць, аднак, праблема з травянымі кармамі. Дзякуй калегам, кіраўнікам «Жацерава» і «Радзіма Якуба Коласа», якія нам дапамагаюць. Да канца года ўвядзём у строй  дзеючых «клюшачнік», завершым будаўніцтва дзвюх сянажна-сіласных траншэй у Крамцы. Што тычыцца свінакомплексу, то працуе ён пакуль што не вельмі добра. У сувязі з афрыканскай чумой свіней, кармленне ажыццяўляем толькі грануляванымі камбікармамі. Закупляем іх на Пухавіцкім камбікормавым заводзе. Абыходзіцца нятанна, бо няма свайго гранулятара. У планах яго набыць. Раённая ўлада дапамагае нам, выдзяляюцца субсідыі для закупкі збожжа. Каб пракарміць пагалоўе свіней да новага ўраджаю, завозім збожжа з гаспадарак раёна.

– Якія меры прымаеце для таго, каб сёлета забяспечыць жывёлагадоўчую галіну травянымі кармамі?

– Набываем мінеральныя ўгнаенні, у прыватнасці азотныя, для ўнясення пад кукурузу. Летась яе ўраджайнасць была нізкай і склала ўсяго 100 цэнтнераў з гектара. Падсеялі шматгадовыя травы. Пастараемся зрабіць усё, каб быць з сенажом і сіласам. Нялёгка прыходзіцца, бо сёлета пачалі выплату крэдыту за пабудаваны новы малочнатаварны комплекс.

– Надвор’е настройвае на веснавы лад, а ці гатовы да пасяўной?

– Насення дастаткова, тэхніка ёсць і неблагая. Людзі настроены аптымістычна. Прыкладзём усе намаганні, каб па выніках года таварыства мела вышэйшыя паказчыкі.

 

ПЕРШЫЯ Ў ВОБЛАСЦІ

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў краіны за мінулы год. Вытворчасць малака павялічылася і склала 6 635 311 тон. Прадукцыйнасць дойнага статка ўпершыню дасягнула 4766 кілаграмаў малака ў сярэднім ад кожнай каровы. Па гэтым паказчыку наш раён займае 32-е месца ў рэспубліцы і сёмае ў вобласці. Па таварнасці малака стаўбчане першыя сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці з паказчыкам 91,3 працэнта. У ліку лідараў малочнай галіны ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор», «Каганец», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава» і «Агранёманскі», якія займаюць па надоях малака ў рэйтынгавай табліцы 21, 25, 81, 107, 143, 158 і 277 месцы сярод 499 сельгаспрадпрыемстваў краіны, дзе надоена звыш пяці тысяч кілаграмаў малака ад каровы.

 

ПЫТАННІ ЗАСТАЮЦЦА

На мінулым тыдні з удзелам кансультанта ўпраўлення механізацыі і эксплуатацыі машынна-трактарнага парку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь праведзены маніторынг падрыхтоўкі гаспадарак да правядзення веснавых палявых работ.

– Мы наведалі ўсе сельгаспрадпрыемствы і праверылі не толькі гатоўнасць тэхнікі, а і ўвогуле стан машынных двароў, вядзенне дакументацыі, налічэнне заработнай платы, – гаворыць начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарча Барыс Барысевіч. – На даны момант асаблівую трывогу выклікае рамонт энерганасычаных трактароў. Не ва ўсіх даведзены  да ладу камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. 

 

НАЗАПАШВАЮЦЦА ТУКІ

У гаспадарках раёна пад яравую сяўбу назапашана каля 1200 тон азотных угнаенняў у дзеючым рэчыве, што складае 18 працэнтаў да патрэбнасці. Гэтай колькасці дастаткова для таго, каб правесці першую падкормку азімых збожжавых і рапсу. На мінулым тыдні ААТ «Гродна Азот» пералічана дадатковая сума грошай на пастаўку яшчэ 400 тон азотных тукаў. Для правядзення веснавых палявых работ гаспадаркам раёна неабходна набыць не менш за чатыры тысячы тон гэтага віду ўгнаення, а ўсяго на вясенне-летні сезон  – 7200 тон. Больш за іншых азотных угнаенняў маюць: ТАА СЖК «Налібакі» (76 працэнтаў да патрэбнасці), ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Каганец» (адпаведна 49 і 44 працэнты).

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *