Падарунак – знак увагі

Калонка Рэдактара Нумары

Дзень нараджэнння закончыўся. Госці разышліся. Цяпер можна паглядзець падарункі. Сям’я аддае волю пачуццям. «Падарылі шалік, а ён мне не падыходзіць». «Навошта мне сурвэта, іх у мяне дастаткова». «О! Гэта Сяргей падараваў. Малайчына, не пашкадаваў». «Ну, Нінка, карціну падарыла, але нічога, перадару…»

Безумоўна, тут я злёгку ўтрырую, але падобная сямейная гутарка не рэдкасць. І гаспадары, і госці парушылі амаль усе правілы, звязаныя з цудоўным звычаем дарыць падарункі. Падарунак – гэта сімвал павагі, прызнання, добрых пачуццяў. Мэта яго не ў папаўненні сямейнага бюджэту, не ў дэманстрацыі дабрабыту.

Не трэба дарыць дарагія рэчы. Гэтым ты паставіш у нялоўкі стан гаспадароў і тых гасцей, каму такое не па кішэні. Падарунак патрэбна выбіраць загадзя, абдумана, у адпаведнасці з інтарэсамі вашых сяброў. Рэчы, зробленыя сваімі рукамі, цэняцца больш, чым купленыя ў магазіне. І наадварот, вы праявіце знявагу, калі падбераце падарунак з непатрэбных у вашым доме рэчаў. Падумайце, што так могуць абысціся і з вамі.

Заўважце, што асабістыя рэчы: духі – жанчынам, гальштук – мужчынам – прынята дарыць блізкім людзям і сваякам.

Ва ўсіх выпадках кветкі – лепшы падарунак, а не толькі яго дапаўненне. Ярка-чырвоныя ружы дораць маці, жонцы, мужу, сястры, нявесце. Лічыцца, што чырвоны колер – колер кахання. Букет складайце з кветак аднаго віду з дэкаратыўнымі дабаўкамі. Можна абмежавацца і маленькім букецікам, адной кветкай. Зараз стала вельмі модным рабіць кошычкі з кветкамі. Безумоўна, гэта і стыльна, і прыгожа. Часцей іх дораць на ўрачыстасці, юбілеі, дні нараджэння… Можна дарыць кветкі ў вазонах. Калі вы пасылаеце кветкі з дастаўкай, палажыце ў букет запіску з пажаданнямі.

Этыкет вучыць не толькі падбіраць, але і ўручаць, прымаць падарункі. Устрымайцеся ад каментарыяў накшталт: «Увесь дзень прабегала, але нічога лепшага не знайшла, прыйшлося купіць гэтую вазу», ці «Удалося знайсці гэты шалік. Прыгожы, праўда? Ды і кошт яго немаленькі».

Ветлівы чалавек, атрымаўшы падарунак, разгорне, паглядзіць, падзякуе. Незадаволенасць праяўляць не трэба, нават калі падарунак вам не даспадобы. Калі вам прынеслі цукеркі, торт, не забудзьце пачаставаць прысутных прысмакамі.

Калі вас запрасілі на свята на канкрэтны час (напрыклад – 18.00), то не спазняйцеся. Інакш вы праявіце няветлівасць, непавагу.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *