Юрый Горлаў, старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта: «Стаўбцоўшчына ўпэўнена крочыць наперад»

Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

26-02-2016-1

Паважаныя працаўнікі Стаўбцоўшчыны!

Сёння мы з вамі сустракаемся на традыцыйным і добрым свяце. Свяце, што аб’ядноўвае людзей розных прафесій, якія любяць сваю справу і добрасумленна выконваюць свой абавязак. Праца ўпрыгожвае чалавека. Па працы і гонар – гаворыць народная мудрасць.

Стаўбцоўшчына – самабытны і жывапісны край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі. Выгаднае геаграфічнае месцазнаходжанне, стратэгічна важныя накірункі дарог – чыгунка і аўтамагістраль Брэст–Мінск–мяжа Расійскай Федэрацыі, якія праходзяць па тэрыторыі раёна, – даюць шырокія магчымасці для развіцця рэгіёна і ўстанаўлення цесных эканамічных партнёрскіх сувязяў з суседнімі рэгіёнамі, а таксама краінамі далёкага і блізкага замежжа.

Усё, чым вядомы стаўбцоўскі край, – гэта заслуга многіх пакаленняў і вынікі работы сённяшніх жыхароў раёна. Дзякуючы іх працы ідзе будаўніцтва жылля, выпускаецца якасная сельскагаспадарчая і прамысловая прадукцыя, умацоўваецца матэрыяльная база і ўдасканальваюцца сферы адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту, гандлю і паслуг.

Аграпрамысловы комплекс складае аснову эканомікі раёна. У 2015 годзе сабраны добры ўраджай збожжа, павялічана нарыхтоўка травяных кармоў, створана трывалая база з сыравіны для перапрацоўчай прамысловасці. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна выпушчана валавой прадукцыі на суму больш за трыльён рублёў. Тэмп росту склаў 114,3 працэнта пры заданні 107 працэнтаў. Намалочана каля 105 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 41,9 цэнтнера з гектара. Гэта рэкордны вынік за ўсю гісторыю нашага раёна.

Многа зроблена ў 2015 годзе і па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы жывёлагадоўлі. Пабудаваны чатыры памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, 43 сянажна-сіласныя траншэі, прафілакторыі для ўтрымання цялят. Сёння на фермах раёна функцыянуюць рабатызаваныя ўстаноўкі для даення кароў. Выкарыстанне сучасных тэхналогій дазволіла павялічыць валавы надой малака. За 2015 год ён склаў больш за 83 тысячы тон, а надой малака ад каровы – 5190 кілаграмаў.

Дзякуючы рацыяналізатарскім ідэям рухаецца вытворчы працэс у ААТ «Стаўбцоўская ПМК» і «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». У райаграсэрвісе наладжаны выпуск агрэгатаў па ачыстцы рэшткаў лясных высечак, якія мадэрнізаваны і ў два разы таннейшыя за аналагі польскай вытворчасці. Таксама арганізацыя вырабляе вокны з металічнай трубы і полікарбанату.

У ААТ «Стаўбцоўская ПМК» наладжаны выраб і мантаж паілак з нержавеючай сталі з падагрэвам для малочнатаварных фермаў, стойлавага абсталявання для буйной рагатай жывёлы, вытворчасць і мантаж воданагравальнікаў на цвёрдых відах паліва.

Дасягнутыя паказчыкі аграпрамысловага комплексу нашага раёна – гэта, у першую чаргу, вынік шматгадовай работы людзей, ад кіраўнікоў да радавых працаўнікоў. У вырашэнні вытворчых задач многае залежыць ад кадраў. Доказам гэтага служаць паспяховыя вынікі работы сельскагаспадарчага філіяла «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». За дасягнутыя высокія паказчыкі ў рабоце, на «Дажынках-2015» у горадзе Вілейка, губернатар вобласці Сямён Барысавіч Шапіра ўручыў маладому кіраўніку гэтай арганізацыі Аляксандру Дударэвічу сертыфікат на мільярд рублёў для развіцця гаспадарчай дзейнасці.

На абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2015» таксама ўдастоены ўзнагарод пяць перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. Ганаровы дыплом з прысваеннем першага месца ўручаны Расціславу Васілевічу – старшаму камбайнеру ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», які намалаціў рэкордную колькасць збожжа  (3335 тон) і 403 тоны рапсу. Такі паказчык на Стаўбцоўшчыне дасягнуты ўпершыню. Ганаровымі дыпломамі за дасягнутыя высокія паказчыкі з прысваеннем першага месца ўручаны маладому вадзіцелю ААТ «Вялікі Двор» Сяргею Каробку, заатэхніку ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Валянціне Цыуля, аператару па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы МТФ «Засулле» ААТ Каганец» Мікалаю Сяркову. Пераможцам штогадовага абласнога спаборніцтва ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі стаў Стаўбцоўскі філіял РУСГП па племянной справе «Мінскае племпрадпрыемства» (раённая племстанцыя), дырэктар Людміла Курыльчык.

Значнымі падзеямі і гонарам для Стаўбцоўшчыны сталі: уручэнне медаля «За працоўныя заслугі» Галіне Канатка, аператару па штучным асемяненні жывёлы ААТ «Каганец»; Зінаідзе Ярашэвіч, Герою Сацыялістычнай Працы, брыгадзіру МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці». Дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Вольга Луцык узнагароджана ганаровым знакам «За заслугі» рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў брыгадзіра вытворчага ўчастка ААТ «Агранёманскі» Генадзія Цвірку ордэнам Пашаны.

Стабільна працуюць над выкананнем сацыяльна-эканамічных паказчыкаў калектывы філіялаў Мінскага маторнага завода і Гарадзейсакага цукровага камбіната, Навасвержанскага лесазавода, мясакансервавага камбіната, сельскагаспадарчых арганізацый.

Нельга не адзначыць сферу прадпрымальніцтва. Асабліва добрых слоў заслугоўваюць СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» і СФГ «Сула». «Фрэор Рэфрыгерайшн» на працягу ўжо пяці гадоў застаецца вядучым прадпрыемствам Беларусі па распрацоўцы і выпуску халадзільнага абсталявання для аб’ектаў гандлю, а СФГ «Сула» – адна з вядучых гаспадарак у рэспубліцы па вытворчасці бульбы.

Развіццё гандлёвай сферы – гэта знак клопату аб людзях, якія жывуць і працуюць на Стаўбцоўскай зямлі. Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства адкрыла ў цэнтры горада новую сучасную фірменную секцыю прадукцыі кампаніі «Марк Фармэль», адкрыты аддзел дываноў і дывановага пакрыцця. У 2015 годзе закончана рэканструкцыя рэстарана «Нёман». Якасны ганлёвы сэрвіс прыходзіць у аддаленыя вёскі нашага раёна.

Рост эканомікі для раёна з’яўляецца галоўным інструментам у правядзенні сацыяльнай палітыкі, накіраванай на паляпшэнне якасці жыцця людзей. У 2015 годзе праведзена сур’ёзная работа па рамонце гаспадарчым спосабам устаноў сацыяльнай сферы: у цэнтральнай раённай бальніцы, ва ўстановах адукацыі і культуры.

Неабходна адзначыць работу будаўнічых і дарожных арганізацый раёна. Многіх у гэтым годзе парадавалі адрамантаваныя дарогі. Здадзены ў эксплуатацыю першы жылы 60-кватэрны дом, пабудаваны паводле дзяржзаказу, у якім дзясяткі сем’яў атрымалі новыя кватэры. Усяго за пяцігодку ў Стоўбцах пабудавана 22 шматкватэрныя жылыя дамы, а ў сельскай мясцовасці – 120.

Падзеяй для нашага раёна стала ўвядзенне ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, што будзе спрыяць удасканаленню фізічных здольнасцяў маладых людзей, якія змогуць праславіць нашу Стаўбцоўшчыну ў спорце, і аздараўленню насельніцтва. Гэтаму садзейнічае і стадыён са штучным пакрыццём футбольнага поля.

Значныя творчыя дасягненні і ў сферы культуры. Актыўны ўдзел у конкурсах дэманстравалі вучні УА «Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў». На іх ліку 17 дыпломаў лаўрэатаў конкурсаў толькі міжнароднага ўзроўню. Прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ўдастоены вучні аддзялення народных інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Абрамовіч і Дзмітрый Хвалей. 2015 год – Год моладзі – стаў паспяховым і для сферы адукацыі раёна.

Моладзь Стаўбцоўшчыны – яркая, таленавітая. У верасні ў раёне прайшоў Першы рэспубліканскі форум сельскай моладзі. Ганаровымі гасцямі форуму сталі маладзёжныя дэлегацыі з шасці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Шырокая праграма свята ўключала ў сябе адкрыты дыялог моладзі са старшынёй аблвыканкама, конкурсную праграму, работу шматлікіх секцый.

Святы вёсак, на якія быў багаты 2015 год, сталі не толькі памятнымі, але і адказнымі для ўсіх – і кіраўнікоў органаў улады, і работнікаў раённых арганізацый і службаў, прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, і ўсіх жыхароў.

2015 год – гэта яшчэ і год 70-годдзя Вялікай Перамогі. У раёне прайшло шмат мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце: адкрыццё помніка-гарматы ў гонар вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, эколага-патрыятычны марафон «Спешим спасти планету» сталі значнымі падзеямі, якія аб’ядналі пакаленні, дапамаглі пранікнуцца агульным клопатам за лёс сваёй зямлі.

У 2015 годзе закончыўся чарговы пяцігадовы этап дзяржаўнага будаўніцтва. Значная падзея гэтага года – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Амаль 92% жыхароў Стаўбцоўшчыны прынялі ўдзел у галасаванні. Мы выбіралі не толькі Прэзідэнта, але і адобрылі яго праграму палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны, усяго беларускага грамадства.

Адкрываецца новая старонка ў гісторыі Стаўбцоўшчыны. Няхай яна будзе хоць і няпростай, але абавязкова – змястоўнай. Каб рухацца наперад, нам неабходны талент, вытрымка, рашучасць і любоў да сваёй справы. Імідж краю – гэта мы, нашы справы і наша жаданне прыносіць карысць для дастойнага развіцця сваёй малой радзімы.

Паважаныя жыхары і госці Стаўбцоўшчыны! Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў дазвольце павіншаваць вас са Святам працы і падзякаваць за працу. Няхай збываюцца ўсе вашы планы і надзеі. Жадаю вам міру і новых здзяйсненняў на карысць нашай роднай Стаўбцоўшчыны і Беларусі.

Падрыхтавала Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *