Ацэнка – лепшая школа

Адукацыя Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

26-02-2016-1

Самая вялікая сельская школа нашага раёна – Дзераўнянская, з колькасцю вучняў 236 чалавек, – на працягу трох гадоў трымае пазіцыю лепшай навучальнай установы Мінскай вобласці. Па выніках работы за мінулы год гэтая навучальная ўстанова таксама стала пераможцай абласнога спаборніцтва ў намінацыі «Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці». На працягу 13 гадоў школу ўзначальвае Марыя Шумчык, выпускніца гэтай навучальнай установы. Аб тым, што садзейнічае дасягненню такіх высокіх паказчыкаў у розных накірунках дзейнасці школы, мы вядзём размову з кіраўніком.

–  Павышэнне якасці ведаў немагчыма без укаранення сучасных педагагічных тэхналогій. Адукацыйны працэс забяспечваюць 37 настаўнікаў, 16 з іх  маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю,  18 – першую, два – другую. Трэба адзначыць цікавую акалічнасць: 21 з 37 педагогаў – выпускнікі школы. 25 педагогаў маюць сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій, гэта складае 68 працэнтаў. Гарантам трывалых ведаў навучэнцаў з’яўляецца прафесіяналізм кожнага настаўніка, жаданне аддаваць цяпло сваёй душы дзецям, творчы падыход да працы. Усе пачатковыя класы ўстановы адукацыі займаюцца па адукацыйнай мадэлі «Крок за крокам», а 5-11 класы – па мадэлі «Крок у будучыню». Тэхналогіі вучаць дзяцей рабіць самастойны выбар, быць ініцыятыўнымі і творчымі, умець крытычна думаць, браць на сябе адказнасць, выхоўваць самапавагу, уменне быць партнёрам, слухачом і цікавым суразмоўцам, закладваць матывацыю да навучання, вучыць дзяцей вучыцца. Тэхналогія «Крок за крокам» патрабуе і іншых падыходаў да афармлення класных кабінетаў. Гэта своеасаблівыя творчыя лабараторыі настаўнікаў і бацькоў.

–       Якія накірункі школа выбрала ў вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні?

–       У верасні 2015 года ва ўстанове адукацыі арганізавана профільнае навучанне ў Х класе фізікі і матэматыкі на базавым і павышаным узроўнях. Прадаўжаюць вывучэнне гэтых прадметаў на павышаным узроўні 15 навучэнцаў ХІ «А» класа. Арганізаваны факультатыўныя і стымулюючыя заняткі, навучэнцы ўдзельнічаюць у алімпіядах, прадметных конкурсах рэспубліканскага ўзроўню, конкурсах даследчых работ, турнірах, інтэрнэт-алімпіядах. Ахоп факультатыўнымі заняткамі складае 99,6 працэнта.  У 2015 годзе пяцёра навучэнцаў сталі прызёрамі ІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды і пяцёра  – прызёрамі міжшкольнай алімпіяды, 7 вучняў – пераможцы  раённага конкурсу даследчых работ. У раённым турніры юных матэматыкаў каманда школы заняла І месца, у філалагічным турніры – ІІ, у турніры юных хімікаў – ІІІ, юных фізікаў – ІІ месца. Каманда юных фізікаў атрымала дыплом ІІІ ступені ў абласным турніры. Навучэнцы школы былі актыўнымі ўдзельнікамі творчых конкурсаў, 12  сталі пераможцамі на раённым узроўні, трое – на абласным.

–       Што дае навучальнай установе супрацоўніцтва з Беларускім агратэхнічным універсітэтам?

– На працягу 18 гадоў школа цесна супрацоўнічае з гэтай вышэйшай навучальнай установай. У 2015 годзе 8 навучэнцаў займаліся на вочна-завочных курсах у гэтай ВНУ. Паказчыкам станоўчай работы школы стала стапрацэнтнае паступленне выпускнікоў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы Рэспублікі Беларусь на бюджэтную форму навучання. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярэдні бал выпускнікоў склаў 48,3. Дзяніс Пятроўскі атрымаў 96 балаў па матэматыцы, Алеся Булка – 95 балаў па беларускай мове.

– Марыя Мар’янаўна, будынак вашай школы далёка не новы, аднак выгляд яго і ўнутры, і звонку выклікае вельмі добрыя ўражанні.

– На працягу двух гадоў гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах адрамантаваны 8 кабінетаў, дзве лабаранцкія, бібліятэка, школьны музей, абліцаваны пліткай парадны ўваход, устаноўлена агароджа вакол стадыёна. Створаны своеасаблівы дызайн тэрыторыі школы. Усяго асвоена больш за 300 мільёнаў рублёў. Работа педагагічнага калектыву накіравана на тое, каб забяспечыць фізічнае здароўе дзяцей, прадаставіць ім магчымасць атрымаць глыбокія веды, даць  арыенцір у жыцці і чакаць ад іх аддачы ў стваральнай працы на карысць нашай краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: любяць вучні ўрокі інфарматыкі, якія вядзе вопытны педагог Леанід Суднік; дырэктар школы Марыя Шумчык з выдатніцай вучобы, актывісткай, пераможцай алімпіяд і конкурсаў Таццянай Касцюкевіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *