Сардэчны доктар

Медыцына Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

26-02-2016-1

Рашэннем райвыканкама фота кардыёлага цэнтральнай раённай бальніцы Ірыны Луцік заносіцца на раённую Дошку гонару.

Такое прызнанне Ірына Леанідаўна заслужыла,  унёсшы вялікі ўклад у высокія паказчыкі работы кардыялагічнай службы раёна.

Выпускніца Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Луцік год праходзіла стажыроўку па спецыяльнасці «Тэрапія» ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы. У стаўбцоўскай бальніцы доктар працуе з лютага 2007 года. У 2011-2012 гадах сваю ўрачэбную практыку яна паспяхова сумяшчала з пасадай загадчыцы паліклінікі.

Усе гэтыя гады работы Ірына Луцік максімальна скарыстоўвала час для свайго ўрачэбнага самаўдасканалення, што каштавала ёй вялікага напружання інтэлектуальных і фізічных сіл. Яна атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю. З 2009 па 2012 год прайшла падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры па спецыяльнасці «Кардыялогія». Мае 32 друкаваныя работы, у тым ліку 19 – у замежных выданнях. Урач прыняла ўдзел  з падачай публікацый у васьмі міжнародных і 12 рэспубліканскіх канферэнцыях. Узнагароджана дыпломам ІІ ступені  Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых вучоных з міжнародным удзелам «Мінскі кансіліум-2014».

Сама яна лічыць найбольш значнымі падзеямі ў сваім жыцці выступленні з дакладамі на 25th European Students’ Conference Charitе (Berlin), 11th Warsaw International Medical Congress for Young Scientists (Warsaw, Poland) і Х Міжнароднай (ХІХ Усерасійскай) Пірагоўскай навуковай медыцынскай канферэнцыі студэнтаў і маладых вучоных (г. Масква), Х Нацыянальным кангрэсе тэрапеўтаў (г. Масква).

Ірына Луцік з 2014 года з’яўляецца кіраўніком навукова-даследчай работы ў рамках Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Прымала ўдзел у выкананні дзвюх Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў па падпраграме «Фундаментальная і прыкладная медыцына і фармацыя» за перыд 2012-2015 гг.

Сваю навуковую працу Ірына Луцік паспяхова прымяняе ў дзейнасці практыкуючага ўрача. У цэнтральнай раённай бальніцы знізілася смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту, у тым ліку сярод асоб працаздольнага ўзросту. Прыменены новыя, больш якасныя падыходы ў вядзенні пацыентаў з хваробамі сістэмы кровазвароту на амбулаторным этапе з выкарыстаннем перадавых методык, палепшыліся паказчыкі рэабілітацыі асоб з вострым інфарктам міякарда. Раённая бальніца дае справаздачу аб тым, што назіраецца рост колькасці праведзеных аперацый на сэрцы. Не раз абагульняўся вопыт кардыялагічнага кабінета паліклінікі стаўбцоўскай бальніцы па вядзенні медыцынскай дакументацыі, прафілактычнага накірунку работы кардыялагічнай службы. Сфарміраваны банк даных асоб мужчынскага полу ва ўзросце ад 40 да 60 гадоў, якія пакутуюць ад хвароб сістэмы кровазвароту і маюць рызыку на іх захварэць. Арганізавана дакладная работа па накіраванні пацыентаў на каранараанаграфію для выяўлення кардыялагічнай паталогіі. За 2015 год выканана 100 КАГ, у тым ліку 66 на базе Салігорскай раённай бальніцы. Паводле вынікаў гэтага даследавання 61 пацыенту праведзена  аператыўнае ўмяшальніцтва на сэрцы, з іх 50 – у працадольным узросце. Столькі чалавек носяць у сваім сэрцы бязмежную ўдзячнасць урачам за вяртанне іх да жыцця.

Пры ўдзеле Ірыны Луцік адкрыта «Школа артэрыяльнай гіпертэнзіі і ішэмічнай хваробы сэрца» і «Школа асоб, якія прымаюць аральныя антыкаагулянты» ва ўмовах паліклінікі. З яе ўдзелам у паліклініцы аформлены стэнд па кардыялагічнай тэматыцы. Яна выступае з матэрыяламі ў газеце «Прамень».

Інтэнсіўнасць яе працы – адметная з’ява. Кардыёлаг шмат увагі надае паляпшэнню якасці лячэння пацыентаў. Пры гэтым сама пастаянна працуе над сваім удасканаленнем. Дае ёй  сілы на ўсё гэта любоў да прафесіі, якую яна абраміла ў дэвіз: «Калі рабіць толькі тое, што ўмееш, ніколі не перасягнеш самую сябе».

НА  ЗДЫМКУ: кардыёлаг Ірына Луцік (справа) са сваёй умелай памочніцай медыцынскай сястрой Вандай Якусік, стаж работы якой у медыцыне складае 36 гадоў.

 Святлана ЖЫБУЛЬ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *