Персанажам майстра хочацца ўсміхнуцца

Грамадства Захапленні Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

26-02-2016-1

Хто сочыць за творчасцю вядомага ў нашым раёне майстра разьбы па дрэве стаўбчаніна Валерыя Чараднічэнкі, заўважыў новы накірунак у яго мастацтве. Яго пано з дрэва цяпер – сюжэтныя кампазіцыі, малюнкі з жыцця. Наведвальнікі выстаў прыходзяць у захапленне: як можна перадаць настрой персанажаў так, каб хацелася адказаць усмешкай яго каларытным жартоўным асобам. Работы Валерыя Чараднічэнкі настолькі арыгінальныя, настолькі незвычайныя, што кожны прызнае талент майстра.

Яшчэ большую павагу выклікае гэты чалавек, калі ўлічыць, што мастацтва для яго – не прафесійны занятак, а толькі любімае хобі. Падпалкоўнік у запасе, Валерый Фёдаравіч шмат гадоў жыцця аддаў службе ва Узброеных Сілах, прычым у месцах ваенных канфліктаў. Служыў у Манголіі, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Анголе. Яго захапленні разьбой па дрэве і пачаліся з афрыканскіх масак. Яму дарагая гэтая першая калекцыя яго мастацкіх работ.

Выканаўшы воінскі абавязак, Валерый Чарднічэнка вярнуўся на малую радзіму, у родныя Стоўбцы. Больш за 20 гадоў ён вёў урокі тэхнічнай працы ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Вучні вельмі любілі гэтыя заняткі. Яны прыцягвалі не толькі сваёй эстэтычнай накіраванасцю, але і воблікам настаўніка, які шмат зрабіў для станаўлення асоб маладых людзей. Яго вучні са сваімі творчымі работамі былі ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд, конкурсаў. Для братоў Пятра і Паўла Рослікаў заняткі мастацкай разьбой вызначылі прафесію. Яны закончылі мастацкія навучальныя ўстановы і сталі прафесіянальнымі рэзчыкамі. Павел займаецца мастацкай разьбой іканастасаў.

У сучасны момант Валерый Фёдаравіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Хоць адпачывае мала – пастаянна працуе ў сваёй мастацкай майстэрні. Нам заўсёды вельмі прыемна перакінуцца словам з гэтым творцам на выставах народнай творчасці, якія ладзяцца народным клубам майстроў народнай творчасці «Пралеска». Гэты сціплы, вытрыманы, нешматслоўны чалавек бярэ ў палон сваёй інтэлігентнасцю, афіцэрскай выпраўкай. Валерый Фёдаравіч ахвотна расказвае аб новых работах, рады, калі неведвальнікі выстаў убачылі і ацанілі аўтарскую задуму. Дзеліцца планамі: на выставу «Сонцаварот» майстар не паспеў падрыхтаваць задуманую работу –  раскошную рускую тройку. Над ёй працуе. Затое прадставіў выдатную вясёлую калекцыю мастацкіх пано для лазні.

Што казаць, такія людзі – упрыгажэнне нашай зямлі. І мастацкія работы рэзчыка – таксама неацэнны клад для спадчыны роднага краю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *