Каб прыгажэлі вёскі

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

26-02-2016-1

Налібацкі сельскі выканаўчы камітэт стаў пераможцам агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні і санітарным стане аб’ектаў народнай гаспадаркі і населеных пунктаў раёна за мінулы год і адзначаны на раённым Свяце працы. А напярэдадні старшыня райвыканкама Юрый Горлаў уручыў старшыні сельвыканкама Аляксандру Пілінкевічу два дыпломы. Адзін – за перамогу ў конкурсе «Лепшы савет грамадскага пункта аховы правапарадку», другі – за лепшае навагодняе афармленне аграгарадка. 

У мінулым годзе старшынёй сельвыканкама, дэпутатамі сельскага Савета і старастамі вёсак – незаменнымі дарадчыкамі і памочнікамі мяцовай улады, праведзена немалая работа па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.

– Пачалі з тэрыторыі вакол будынка сельвыканкама, – расказвае старшыня Налібацкага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Пілінкевіч. – Замест асфальту паклалі на сцяжынку тратуарную плітку, пафарбавалі плот, зрабілі падмурак, адлівы і навес над уваходам. Аднавілі падлогу ў кабінетах – паклалі ламінат. Замянілі дзверы. Адрамантавалі кацельню, каналізацыю і зрабілі цёплы туалет. Затым заняліся добраўпарадкаваннем. Устанавілі ў Налібаках кантэйнеры для смецця. Вяскоўцы ўспрынялі гэта на «ўра», некаторыя нават намалявалі на іх казачных персанажаў. Зрабілі ямачны рамонт вуліцы Школьнай. На забалочанай тэрыторыі ля вуліцы Ліпеньскай, якую немагчыма было абкасіць, зрабілі дзве азярыны. Спілавалі небяспечныя дрэвы і працягваем гэтую работу ў іншых населеных пунктах.

Летась было знесена васямнаццаць падмуркаў і непрыдатных для пражывання дамоў. Вызваленыя ўчасткі прадаюцца жадаючым: каля сарака з іх набылі жыхары сталіцы для будаўніцтва дач. Выручаныя грошы выкарыстоўваюцца на добраўпарадкаванне. Заменена каля 600 метраў драўлянага плоту ў Налібаках на металічны і жалезабетонны. Людзі актыўна дапамагалі мясцовай уладзе ў гэтай справе. Усе дружна рыхтаваліся да свята вёскі: прыбралі ў дварах, пераважная частка гаспадароў пафарбала свае дамы, напярэдадні навялі парадак на могілках. Выйшлі на суботнік звыш 400 чалавек. Прывезлі валуны і побач з могілкамі разбілі сквер, пасадзілі туі. Выкапалі невялікае азярцо. Адным словам, навялі ідэальны парадак.

– Сумесна з дырэкцыяй і прафкамам ТАА «СЖК «Налібакі» штогод ставім навагоднюю ёлку і праводзім конкурс на лепшае афармленне падвор’я, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Узнагароджваем гаспадароў сядзіб, якія вызначыліся, падарункамі. Штогод актыўны ўдзел у навагоднім свяце і яго арганізацыі прымае ксёндз Налібацкага касцёла Мар’ян Шэршань. Дарэчы, з Мар’янам Карлавічам у нас цеснае супрацоўніцтва і ў іншых сферах дзейнасці. Ён займае актыўную жыццёвую пазіцыю і з’яўляецца членам грамадскага пункта аховы правапарадку. Заўсёды ў гушчыні падзей і праводзіць сярод насельніцтва, не толькі ў касцёле, вялікую выхаваўчую работу, якая дае плён.

Старшыня сельвыканкама канстатуе, што на тэрыторыі сельсавета карэнным чынам змянілася сітуацыя з п’янствам. Людзей нібыта падмянілі, яны сталі інакш успрымаць рэчаіснасць, перасталі злоўжываць спіртным, ад якога ўсе беды, а значыць, менш стала сямейных скандалаў. Зменшылася колькасць злачынстваў, па Налібацкім сельсавеце самы лепшы каэфіцыент у раёне на тысячу пражываючых.

– Ксёндз праводзіць мерапрыемствы, на якія з задавальненнем прыходзяць не толькі вяскоўцы, а і іх дарослыя дзеці, якія прыязджаюць у госці да бацькоў, дачнікі, – працягвае гаворку Аляксандр Пілінкевіч. – Напрыклад, кожны год адбываецца асвячэнне вадаёма, свята Купалле і іншыя мерапрыемствы. Усім весела, і людзі задаволены. Мар’яна Шэршаня слухаюцца і паважаюць.

Многае робіцца старшынёй сельвыканкама для таго, каб жыхары вёсак жылі дастойна. Аднак праблем яшчэ нямала. Сёлета ў Прудах неабходна правесці водаправод, у Налібаках паставіць воданапорную вежу і заасфальтаваць вуліцу Ліпеньскую. Не лічачы іншых, больш дробных пытанняў, якія старшыня гатовы вырашаць, каб і надалей прыгажэлі вёскі Налібацкага сельсавета.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: старшыня сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч гутарыць з членам ветэранскай арганізацыі, былым вязнем канцлагера і перадавым у нядаўнім мінулым аператарам машыннага даення Марыяй Дораш.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *