Змалку навучана старасць паважаць

Грамадства Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Не раз даводзілася пераконвацца, што на пасаду сацыяльнага работніка ідуць людзі, якія ўнутрана гатовы паслужыць бліжняму.

Вера Гурневіч з Дзераўной больш за 10 гадоў знаходзіцца ў штаце раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у ліку лепшых сацыяльных работнікаў.

Яна абслугоўвае 11 адзінокіх і састарэлых жыхароў сваёй вёскі. Вера Міхайлаўна расказвае аб  буднях, і мы верым, што яна вельмі любіць сваю работу. Калі табе давераны нямоглы чалавек, то свой рабочы графік часта даводзіцца змяняць. І прыйсці да падапечнага не два разы на тыдзень, як прадпісваюць нарматыўныя дакументы, а, бывае, і два разы на дзень. Вера Міхайлаўна гаворыць, што яна не ляжа спаць, пакуль не патэлефануе сваім падапечным. Выхадных дзён у яе практычна не бывае – такі яна ўзяла на сябе клопат па сваім міласцівым сэрцы.

Прыемна слухаць чалавека, які выконвае свае абавязкі як перад Богам. Вера Міхайлаўна гаворыць, што бывае, сходзіць у аптэку, а пажылы чалавек аб’яўляе, што нешта забыўся, трэба яшчэ штосьці купіць. Вера Міхайлаўна разважае: і самі будзем старымі, калі Бог дасць дажыць, трэба ўважыць. І пакорліва вяртаецца назад, каб зрабіць і гэтую пакупку.

Была ў яе на абслузе ляжачая жанчына. Вера Міхайлаўна дапамагала яе пляменніцы даглядаць састарэлага чалавека, не зважаючы на тое, што яна павінна рабіць як сацыяльны работнік, а што – не яе справа. Кажа, што змалку навучана паважаць старасць.

Вера Гурневіч – маці чацвярых дзяцей. Яны ўжо дарослыя. Адметна тое, што трое атрымалі адукацыю ў Польшчы. З такім выбарам дапамагла ім вызначыцца родная сястра Веры Міхайлаўны Часлава, манашка. Дачка Ірына атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, абараніла кандыдацкую як музыказнаўца. Вольга таксама атрымала вышэйшую адукацыю і працуе цяпер з дзецьмі-інвалідамі ў дзяржаўнай інтэрнатнай установе ў Польшчы. У Любліне атрымлівае прафесію журналіста малодшы сын Пётр, пяцікурснік, паспяховы студэнт з павышанай стыпендыяй. Побач з бацькамі, у Дзераўной, жыве толькі сын Андрэй з сям’ёю. І бацькам гэта вялікая ўцеха і падмога. За ўсіх сваіх дзяцей маці дзякуе Богу.

Вера Міхайлаўна – веруючы чалавек, моліцца ў касцёле. Гэта вызначыла яе светапогляд, жыццёвую пазіцыю, яе адносіны да сябе і да людзей, якія жывуць побач.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *