Вынікі радуюць

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

26-02-2016-1

І СЕРБІЯ ЎПАДАБАЛА НАШУ БУЛЬБУ

У нашым раёне стала працаваць яшчэ адно новае прыватнае прадпрыемства. Яно  адносіцца да фермерскай гаспадаркі «Сула». Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Уладзімір Радзевіч знаёміць нас з вытворчасцю і адказвае на пытанні.

– Уладзімір Уладзіміравіч, якія функцыі выконвае новае прадпрыемства?

– Вопыт гэтага года паказаў: каб прадаць бульбу, яе патрэбна дапрацаваць і мець аб’ёмы, тады толькі можна разлічваць працаваць з добрым прыбыткам і з добрым заказчыкам. Асноўным нашым заказчыкам быў расійскі рынак. Аднак у гэтым годзе цана на гэтую прадукцыю ў Расійскай Федэрацыі ўпала. І дзякуючы стварэнню прадпрыемства «Сула плюс», свайго роду лагістычнага цэнтра з сучаснай вытворчасцю, мы змаглі пераарыентавацца, у тым ліку і на  еўрапейскі рынак. Адгружаем бульбу ў Малдову, Сербію, Румынію. Нядаўна я вярнуўся з Германіі, са службовай камандзіроўкі. Ёсць дагавор аб пастаўцы бульбы ў Францыю для сацыяльных гандлёвых сетак.

– Пэўна ж, гэтаму праекту папярэднічала іншая дзейнасць?

– Так. У 2011 годзе было створана самастойнае прадпрыемства «Аграцэнтр Сула», якое нарошчвала абароты па вырошчванні бульбы прэміум класа, была закуплена ўся неабходная тэхніка. Мы пашыраем плошчы, каб выйсці на аб’ёмы 30 тысяч тон бульбы ў сезон. Сёння дробнаму фермеру вельмі цяжка выстаяць. У Германіі я меў сустрэчу з фермерамі. Адзін з расійскіх фермераў мае 30 тысяч гектараў зямлі, гэта палова тэрыторыі нашага раёна. Для параўнання – у нашай фермерскай гаспадаркі 640 гектараў. Канкурыраваць з імі вельмі цяжка. Таму было створана прадпрыемства «Сула плюс». Мы перапрацоўваем у новым цэху не толькі вырашчаную намі бульбу, але і закупляем. Нам пастаўляюць ужо прадукцыю беларускія вытворцы з Барысаўскага раёна, а таксама з Навагрудка. Прыменена еўрапейская схема, працуюць беларускія і замежныя інвестары. Некаторыя з іх – выхадцы з нашага раёна, якія вярнуліся на радзіму, каб дапамагчы стварыць гэтую вытворчасць, каб павярнуць патокі рэалізацыі бульбы на захад. «Сула плюс» выступае як адзін з заснавальнікаў кампаніі. Калі ёсць аб’ёмы, асартымент, мы можам дыктаваць свае ўмовы спажыўцам.

– Гэта бульба асаблівай селекцыі?

– Так, мы працуем з нямецкімі сартамі. Патлумачу, чаму. Бульба можа быць выдатных смакавых якасцяў, аднак не падыходзіць да перапрацоўкі. Менавіта сарты нямецкай селекцыі прадугледжаны да мыцця, устойлівыя да патрэбнай перапрацоўкі. Акрамя мыцця, мы яшчэ і паліруем бульбу. Ёсць некалькі відаў упакоўкі. Пасля сховішча бульба выходзіць на каліброўку. Адзін варыянт – сухая ачыстка, упакоўка па 10, 25 кілаграмаў для адпраўкі ў Сербію. Другі варыянт – мытая бульба, упакоўваецца  ад 2,5 да 25 кілаграмаў. Для кожнага заказчыка – свая партыя. Бывае, што машыну адпраўляем з пяццю відамі ўпакоўкі, каб выканаць пажаданні пакупніка.

– Уладзімір Уладзіміравіч, якія перспектывы ў «Сулы плюс»?

– Да 2017 года мы плануем пабудаваць бульбасховішча на 20 тысяч тон закладкі клубняў. Цяпер у нас сховішча на 9 тысяч тон. З уводам сучаснага сховішча мы ставім мэту глыбокай перапрацоўкі бульбы. Гэта будзе сухое пюрэ ў вакуумнай упакоўцы як кароткага тэрміну прыгоднасці, так і доўгага – да паўгода. Усе тэхналагічныя асаблівасці абгавораны. Мы выбіраем прапановы замежных кампаній – прыцэньваемся па фінансах, вывучаем тэхналагічныя асаблівасці абсталявання.

 Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЗАСЛУЖАНАЯ АДЗНАКА РУПЛІВЫМ

Адкрытае акцыянернае таварыства «Каганец» занесена сёлета на раённую Дошку гонару. І гэта заслужаная адзнака працавітаму калектыву. Работнікі раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін вытворчасці гаспадаркі з году ў год павялічваюць паказчыкі. Летась упершыню намалочана 5749 тон збожжа, плюс 696 тон да выніку пазалеташняга года. Сярэдняя ўраджайнасць з кожнага гектара склала 43,1 цэнтнера збожжа. Пастараліся механізатары Дзмітрый Трацяк, Іван Малчанаў, бацька і сын Валерый і Сяргей Шахно. Граматна вядзе работу галоўны аграном Дзмітрый Вашкевіч.

На малочнатаварных фермах надоена ў сярэднім ад кожнай каровы па 6898 кілаграмаў малака, прыбаўка 1073 тоны. Рост валавой вытворчасці малака склаў за мінулы год 127,1 працэнта. Плюсуюць працаўнікі малочнага цэха і сёлета, а гэта сур’ёзная заяўка на тое, што сямітысячны рубеж па выніках года будзе перакрыты. Дарэчы, таварыствам за мінулы год рэалізавана на малочны завод 82,3 працэнта малака гатункам «экстра», а гэта дадаткова выручаныя за прадукцыю больш за тры з паловай мільярды рублёў.

Ладзяцца мясныя справы. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы склалі 624 грамы, плюс 55 грамаў. Вырашчана мяса ялавічыны на 20,2 працэнта больш, чым у папярэдні год, а ўсяго 392,5 тоны. Выручка ад продажу ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі (з улікам падатку на дабаўленую вартасць) дасягнула 52 мільярдаў 611 мільёнаў рублёў, прыбытак склаў чатыры мільярды 767 мільёнаў рублёў.

Летась для жывёлы ў таварыстве нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў, запрасавана ў палімерную плёнку звыш 3600 тон сенажу. Набыта нямала сучаснай тэхнікі. Пабудаваны «клюшачнік» для сухастойных кароў,  тры новыя сянажна-сіласныя траншэі, два прафілакторыі для цялят. Рэканструяваны адкормачнік. На фермах людзям створаны належныя ўмовы для працы. Адноўлены бытавыя пакоі, зроблены санітарныя вузлы.

У раённым спаборніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за мінулы год таварыства зноў у  перадавіках. Два прызавыя месцы на п’едэстале: першае – па вытворчасці малака,  другое – па вытворчасці мяса. Шчыруюць і маюць высокія паказчыкі аператары машыннага даення Валянціна Калкоўская, Наталля Храпіцкая, Святлана Гаркач і Тамара Тарасевіч. Відавочны плён працы тэхнікаў-асемянатараў, прызнанага майстра Галіны Канатка, Аксаны Галавач і Валянціны Паляшчук. Добра ведаюць сваю справу галоўны ветурач Валерый Матуліс і галоўны заатэхнік Вера Конюх. Сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы вылучаецца сямейная пара – Мікалай і Таццяна Сярковы.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *