Будзь благаславенна, родная зямля!

Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

1-03-2016-2

Слаўнай традыцыяй у нашым раёне з’яўляецца свята ўшанавання людзей працы, якія дабіліся высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці за справаздачны год. Прыгожая ўрачыстасць з гэтай нагоды прайшла ў мінулую суботу ў раённым Цэнтры культуры.

Гэтае свята дае магчымасць сустрэцца пакаленням, сябрам, калегам. Раённы выканаўчы камітэт не забывае запрасіць на ўрачыстасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія ў свой час укладвалі талент у развіццё раёна, а цяпер па ўзросце саступілі месца маладому пакаленню. Ветэранам заўсёды самае шаноўнае месца ў зале. Запрашэнне на ўрачыстасць атрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прызнаных пераможцамі, а таксама лепшыя працаўнікі ўсіх сфер дзейнасці раёна, хто ўдастоены быць занесеным на раённую Дошку гонару, атрымаць ганаровыя граматы, падзякі, падзячныя пісьмы аблвыканкама, райвыканкама, галіновых прафсаюзаў. Сярод узнагароджаных было шмат людзей сельскагаспадарчай вытворчасці. І на гэта ёсць падстава – больш за палову даходаў эканоміка Стаўбцоўшчыны атрымлівае ад сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Гэтыя простыя людзі, будні якіх праходзяць на жывёлагадоўчых фермах, у кабінах трактароў і машын, рукі якіх не ведаюць стомы, не прывыклі да высокіх трыбун, шыкоўных аўдыторый, на святочнай сцэне яны падкупілі ўсіх сваёй прастатою і сціпласцю.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў у сваім прывітальным слове вельмі цёпла звярнуўся да ўсіх прысутных у зале, падзякаваў за тое, што ў адзінстве – ад кіраўніка да кожнага члена калектыву, працаўнікі раёна змаглі дабіцца важкіх вынікаў, якія вывелі Стаўбцоўшчыну на перадавыя пазіцыі ў Мінскай вобласці. Грант  у памеры 100 мільярдаў рублёў, атрыманы за лідарства ў сацыяльна-эканамічных паказчыках, будзе накіраваны на далейшае развіццё раёна.

Асаблівая ўвага на свяце была адрасавана брыгадзіру малочнатаварнай фермы «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаідзе Ярашэвіч. Яе адданасць сваёй справе, уменне, вернасць прафесіі больш за пяць дзесяцігоддзяў ацэнены не толькі ў раёне. Зінаідзе Ярашэвіч прысвоена высокае званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці».  Юрый Горлаў выказаў Зінаідзе Пятроўне паклон ад зямлі роднай і ўручыў шыкоўны букет кветак.

Шчыра парадаваўся за поспехі Стаўбцоўшчыны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, які заўсёды знаходзіць час быць са сваімі выбаршчыкамі ва ўсіх значных для раёна падзеях. Павіншаваць працаўнікоў Стаўбцоўскага раёна, прызнаць высокія дасягнутыя поспехі падняліся на сцэну прадстаўнікі суседніх раёнаў – Дзяржынскага, Нясвіжскага, Валожынскага, Уздзенскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Кастрычніцкага раёна Мінска, Гарадзейскага цукровага камбіната. Новыя праекты па развіцці інфраструктуры Стоўбцаў падтрымаў галоўны архітэктар Мінскай вобласці Аляксандр Валовіч. Са словамі віншаванняў і добрых пажаданняў на новы вытворчы год падымаліся на сцэну і іншыя госці. Ганаровымі гасцямі на свяце былі прадстаўнікі духавенства Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў.

Выдатным падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці сталі канцэртныя нумары ў выкананні мастацкіх калектываў раённага Цэнтра культуры, ансамбля бальнага танца са Смалявіч і Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Ва ўдзельнікаў свята застаўся гонар за свой раён, за інавацыі, перадавыя тэхналогіі, якія актыўна ўкараняюцца ў розных сферах дзейнасці, што ў поўнай меры прадэманстраваў відэафільм. Уся атмасфера свята была пранізана думкай: багаццем нашага краю былі і застаюцца людзі, якія сваімі талентамі і ўменнямі робяць яго моцным і працвітаючым. Будзь благаславенна, родная зямля!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *