Інавацыі. Ініцыятыва. Перспектывы

Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

1-03-2016-2

АГРАБІЗНЕС: ПРАЦАВАЦЬ, ЗАКАСАЎШЫ РУКАВЫ

   На тэрыторыі нашага раёна ажыццяўляе дзейнасць прыватнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое выкупіла ў свой час сельгаспрадпрыемства «Заямнаўскае». ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» паспяхова ажыццяўляе аграбізнес, аб чым сведчаць высокія паказчыкі дзейнасці.

Не адзін раз кіраўніку прадпрыемства Сяргею Савіцкаму даводзілася суправаджаць дэлегацыі рознага рангу на малочнатаварную ферму «Ячнае». Звонку яна нічым не выдзяляецца – узрост будынка 30 гадоў. Аднак менавіта гэта і прадстаўляе інтарэс: гаспадары жывёлагадоўчага памяшкання дэманструюць, як можна на старых плошчах карыстацца самымі сучаснымі тэхналогіямі, максімальна сэканоміўшы грошы, прывёўшы старое ў парадак. Кароў на гэтай ферме дояць робаты. За два гады затраты на мадэрнізацыю акуплены, і прадпрыемства працуе на сябе. Новыя даільныя тэхналогіі значна знізілі патрэбнасць у працоўных рэсурсах.

За кошт змянення тэхналогіі ад кожнай каровы ў мінулым годзе атрымана амаль восем тысяч кілаграмаў малака. Дасягнута самая высокая таварнасць малака – 98 працэнтаў. У лютым сярэднясутачны надой на гэтай ферме склаў 23 кілаграмы. Адметна і тое, што амаль 100 працэнтаў малака з рабатызаванай фермы адпраўляецца на перапрацоўку сортам «экстра».

Сяргей Савіцкі такі поспех звязвае з многімі аспектамі: нельга сказаць, што штосьці выканаў – і будзе высокі вынік, усё – у комплексе. Не апошняе месца займаюць высокая дысцыпліна працы, належная арганізацыя вытворчага працэсу. І, безумоўна, кармленне жывёлы. Заробленыя ад продажу малака грошы ўкладваюцца ў развіццё вытворчасці. Як дзеліцца планамі дырэктар, у гэтым годзе запланавана будаўніцтва ўласнага камбікормавага завода. Для гэтага ўжо шмат чаго зроблена. Абсталявана лінія па перапрацоўцы насення рапсу, што дазволіла атрымаць танную бялковую сыравіну. Год назад была запушчана камбікормавая лінія, што дазволіла зрабіць значна таннейшымі кармы.»Профі-Аграцэнтр» першым у раёне прымяніў тэхналогію прыгатавання кармасумесі. З дапамогай сучаснай тэхнікі высокай прадукцыйнасці сталі рыхтавацца кармы патрэбнай якасці. Рацыён разлічваецца па сухім рэчыве – пратэіне, клятчатцы, і т. п., а не па кармавых адзінках. Сумесі строга кантралююцца па якасці і расходзе. На цэнтнер малака ў мінулым годзе затрачана 0,7 цэнтнера кармамавых адзінак.

Будаўніцтва новага камбікормавага завода дасць магчымасць і зарабляць на продажы кармоў. Нават з прыстасаванай дзеючай камбікормавай лініі прадпрыемства мае даход ад продажу кармоў гаспадаркам нашага раёна.

Як адзначыў дырэктар, продаж малака застаецца праблемным пытаннем, таму разглядваецца перспектыўны праект па перапрацоўцы малака на месцы – першапачаткова гэта будзе хоць бы пакетаванне яго.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: загадчыца МТФ «Ячнае» Надзея Станкевіч; працэс кантралюе в. а. галоўнага заатэхніка Валянціна Цыуля; за пультам даільнага робата Ларыса Апрышка.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПЛЁН ШЧЫРАЙ ПРАЦЫ

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «СЖК «Налібакі» – адно з мацнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у рэспубліцы па вытворчасці малака. Па выніках работы за мінулы год жывёлаводы занялі 21 месца ў рэйтынгавай табліцы. У вобласці – сёмыя, а ў раёне чацвёрты год запар перамагаюць у спаборніцтве. Летась у сярэднім ад кожнай каровы надоена 8147 кілаграмаў малака, плюс 159 кілаграмаў, валавы надой – 8367 тон. Сабекошт аднаго кілаграма малака склаў 2654 рублі пры таварнасці 92 працэнты. Вырашчана 588,6 тоны мяса ялавічыны, на 100 гектараў сельгасугоддзяў – 33,8 тоны, другі паказчык у раёне. Прыбытак у цэлым па гаспадарцы атрыманы ў суме 7 мільярдаў 634 мільёны рублёў. Рэнтабельнасць ад продажу жывёлагадоўчай прадукцыі склала 18,4 працэнта, у т. л. ад рэалізацыі малака – 29,4 працэнта.

– Дасягнуты вынік – плён шчырай працы ўсяго калектыву. Мы дабіліся неблагіх эканамічных паказчыкаў менавіта дзякуючы старанню людзей і за кошт збалансаванага кармлення жывёлы, а таксама зніжэння затрат на вытворчасць кармоў, – гаворыць дырэктар таварыства Віталій Кушнер. – Гаспадарка своечасова разлічваецца з усімі структурамі і фондамі, не мае запазычанасці па крэдытах. Сярэдняя заработная плата ў ліку самых высокіх у раёне – 6,5 мільёна рублёў, і выплачваецца своечасова.

Немалая заслуга ў павелічэнні надояў належыць тэхнікам-асемянатарам Святлане Даргевіч, Таццяне Міхно, Валянціне Мусік, Алене Шапялевіч, якая спалучае і абавязкі брыгадзіра. Шчыра працуюць аператары машыннага даення Алеся Дубіцкая, Алена Вялічка, цялятніцы Яніна Макась і Ядвіга Дошчачка. Вылучаюцца стараннасцю брыгадзіры фермаў Павел Міхно і Ірына Жвірбля. У таварыстве падабралася моцная каманда спецыялістаў. Звыш дваццаці гадоў узначальвае жывёлагадоўчую галіну галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі. Стараецца і галоўны ветурач Вячаслаў Вільнявец.

Надзея БАТАЛКА

 

ДАДАТКОВА ДА БЮДЖЭТУ

За мінулы год тэмп росту платных медыцынскіх паслуг у цэнтральнай раённай бальніцы падняўся да 148 працэнтаў. Сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 9 працэнтаў да агульнага фінансавання. Гэта стала дадатковай крыніцай развіцця сферы аховы здароўя раёна.

За пазабюджэтныя сродкі ў мінулым годзе было куплена медыцынскае абсталяванне на суму 367 мільёнаў рублёў, 445 мільёнаў рублёў патрачана на рамонт і гаспадарчыя патрэбы. На інфарматызацыю было выдзелена 393 мільёны рублёў, трэцюю частку ад гэтай сумы склалі сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці.

 Калектыў медыкаў паставіў задачу развіваць экспарт медыцынскіх паслуг за кошт укаранення новых сучасных метадаў дыягностыкі і лячэння. Па выніках работы за мінулы год гэты паказчык выкананы на 132 працэнты.             

Пр

 

НА ГАЛОЎНАЙ МАГІСТРАЛІ

У нашым раёне ёсць дарожная арганізацыя, на балансе якой самая галоўная траса краіны – М1 (Брэст – Мінск – мяжа Расійскай Федэрацыі) і рэспубліканская дарога, яе дублёр, – Р2.  Дарожнікам прад’яўляюцца высокія патрабаванні па забеспячэнні належнага транспартна-эксплуатацыйнага стану аўтастрады. За гэтым стаіць не заўсёды прыкметная, але вельмi складаная i напружаная круглагадовая i кругласутачная, у любое надвор’е праца сапраўдных прафесiяналаў. Мы гутарым з начальнікам філіяла ДЭУ-62 РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Дзмітрыем Ёдчыкам.

– Сетка рэспублiканскiх дарог – асаблiвая. Яна мае патрэбу ў вельмi аператыўным рэагаваннi, перш за ўсё на ўмовы надвор’я, на абстаноўку, якая iмгненна змяняецца. Па прычыне таго, што менавiта рэспублiканскiя дарогi бяруць на сябе асноўны груза- i пасажырапаток, рух па iх ажыццяўляецца з дастаткова высокiмi хуткасцямi, пытаннi бяспекi тут актуальныя.

На нашым балансе знаходзяцца рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання з вялікай інтэнсіўнасцю транспартнага патоку. Гэта ўчастак трасы М1 ад 252 па 330 кіламетр і ўчастак дарогі Р2 ад нулявога да 41 кіламетра. Дарогі ўключаюць межы сямі раёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Вельмi многае робiцца для таго, каб дарогi нашай транзiтнай рэспублiкi сталi камфортнымi, а галоўнае – бяспечнымi для карыстальнiкаў.

Мы, як уладальнiкi дарог, адказваем за iх стан, кантралюем, забяспечваем утрыманне, арганiзуем усе неабходныя работы. У зімовы перыяд на абслугоўванні аўтастрады М1 на нашым участку кругласутачна па графіку працуюць чатыры вадзіцелі, адказны спецыяліст і дыспетчарская служба. Трасу М1 абслугоўваюць 8 МАЗаў з пескараскідвальнікамі, чатыры трактары МТЗ, два пагрузчыкі, ротарны снегаачышчальнік. Яшчэ пяць МАЗаў, тры трактары, грэйдар і два пагрузчыкі заняты на дарозе Р2, Р64 і Р54.

– У чым асаблівасці сучасных падыходаў да ўтрымання дарог?

– Інтэнсіўнасць патоку аўтамабіляў вельмі высокая, таму ёсць пастаянная патрэба ў ямачным рамонце, у прафілактычных работах па папярэджванні разбурэння пакрыццяў. Як і ў любой іншай галіне, і ў дарожным будаўніцтве з’яўляюцца новыя матэрыялы, новыя прагрэсіўныя тэхналогіі. Да іх магу аднесці арганамінеральныя сумесі. Іх было нарыхтавана 100 тон. Мы ўвесь гэты запас ужо скарысталі. Перавага такога матэрыялу ў тым, што ім можна праводзіць рамонтныя работы ў зімовы час, калі няма магчымасці выпускаць гарачы асфальтабетон. Участкі пуцяводаў, мастоў патрабуюць іншай тэхналогіі. Таму тут прымяняем літы асфальтабетон. Укладваем яго ў распрацаваную карту з указанымі контурамі. Ён мае добрае счапленне са старым пакрыццём. Закупляем яго ў халодным выглядзе і разаграваем да 180-240 градусаў спецыяльнай устаноўкай для рэгенерацыі асфальтабетону.

– Дзмітрый Генадзьевіч, якая пераарыентацыя ў штодзённых клопатах спецыялістаў дарожнай службы адбудзецца з прыходам вясны?

– З красавіка пачнецца пафарбоўка дарожнай разметкі, агароджванняў. Летам асноўныя сілы накіруем на ўстройства паверхневай апрацоўкі дарогі, што павялічвае даўгавечнасць аўтастрады. Запланавана правесці такую работу на 52 кіламетрах. У пераліку паўсядзённых вытворчых клопатаў – і абрэзка снегаахоўных кустоў, і іншыя работы ў межах вытворчага графіка.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ІНДЭКС РОСТУ

ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» завяршыў 2015 год з добрымі паказчыкамі, выбудоўваючы перспектыву на 2016 і наступныя гады.

Асноўная з іх звязана з будаўніцтвам новага ўчастка па вытворчасці сыравэнджаных і сыравяленых каўбасных вырабаў і прадуктаў. З улікам таго, што аб’ект гэты запатрабуе значных фінансавых укладанняў, ён можа стаць пераходным і на 2017 год. Плануецца, акрамя таго, працягваць абнаўленне тэхналагічнага абсталявання, каб дасягнуць максімальна паглыбленай і безадходнай тэхналогіі перапрацоўкі.

З году ў год пазіцыя дырэкцыі прадпрыемства накіравана на пастаяннае развіццё, удасканаленне. Гэтаму спрыяе самастойны юрыдычны статус. Таксама створаны добры задзел. Камбінатам атрымана за мінулы год выручка ў памеры 491 мільярд рублёў. Больш за 9 мільярдаў рублёў было інвесціравана ў вытворчасць. Індэкс прамысловай вытворчасці ў супастаўных умовах склаў 112,2 працэнта. На экспарт рэалізавана прадукцыі на 20,3 мільёна долараў ЗША.

Стаўбцоўскія мясаперапрацоўшчыкі выпускаюць сёння больш за 200 найменняў каўбасных вырабаў, мясных паўфабрыкатаў і кансерваў, штогод абнаўляючы асартымент 30-40 новымі відамі прадукцыі. 80 працэнтаў яе рэалізуецца ў фірменнай гандлёвай сетцы. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *