Дух саперніцтва аграрыяў вітаў у залах новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

2n

Шостая раённая зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, прысвечаная Году культуры, праходзіла сёлета ў спартыўных залах новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Паспаборнічаць за права лічыцца самымі дужымі прыехалі дзевятнаццаць камандаў. Упершыню ў гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел спартсмены ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» і Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», прафсаюзныя пярвічкі якіх уваходзяць у склад раённага прафсаюза работнікаў АПК.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень. Дзяніс Сергеевіч падкрэсліў, што пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс,  у якім праводзяцца спаборніцтвы, дазволіць жыхарам раёна, і асабліва моладзі, развіваць свае спартыўныя здольнасці. А  ўдзельнікам сённяшняга мерапрыемства пажадаў выступіць дастойна. Напярэдадні свята  – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, пажадаў мужчынскай палове здароўя і шчасця, а ўсім, хто прымае ўдзел у спартакіядзе, – добрага настрою і імкнення да перамогі. Выказаў пры гэтым упэўненасць, што кожнай камандзе будзе прыемна стаць пераможцай  і ўвайсці ў гісторыю правядзення спартакіяд. А ўдача, як і заўжды бывае, усміхнецца мацнейшым.

Спаборніцтвы пачаліся на ўсіх спартыўных пляцоўках адначасова. Праграма спартакіяды прадугледжвала наступныя віды спорту: гіравы, скачкі праз скакалку, настольны тэніс, баскетбол і спартыўную эстафету. Лыжныя гонкі былі заменены на плаванне, спаборнічалі і ў більярдзе.

У залах віталі напружанне і хваляванне. Адчувалася вялікае жаданне ўзяць рэванш у тых, хто ў мінулы раз спыніўся ў кроку ад п’едэстала. Тыя, хто заняў апошнія прыступкі, імкнуліся выступіць лепш. 

Старшыні прафкамаў, як і ў мінулыя гады, паказвалі сваё майстэрства ў дартсе. Першае месца заняла Вікторыя Райская з ААТ «Вялікі Двор», якая набрала ў суме 107 ачкоў. Другое і трэцяе – Аксана Ярашэвіч з ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і Ядвіга Радзіон з ААТ «Шашкі».

Більярд прыйшоўся даспадобы ўсім ўдзельнікам гэтага віду спаборніцтваў. Кіраўнікі стараліся пакласці ў лункі найбольшую колькасць шароў і набраць пераможныя балы для сваіх камандаў. Нягледзячы на тое, што першае і другое месцы занялі Уладзімір Рапецкі (ААТ «Рочавічы») і Аляксандр Скачко (Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат), якія выступалі за сваіх кіраўнікоў-жанчын, згодна з умовамі спаборніцтваў заліковае пераможнае ачко прынёс сваёй камандзе дырэктар ААТ «Каганец» Пётр Малахаў, які быў трэцім.

У баскетболе, а дакладней кіданні мяча ў карзіну, самым трапным сярод мужчын стаў Андрэй Клімко, прадстаўнік каманды ААТ «Агранёманскі», а сярод жанчын – Юлія Рок з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Прызавыя месцы занялі Віталій Паўлоўскі (ААТ «Стаўбцоўская ПМК») і  Юлія Вішнеўская (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Пётр Несцярук (Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат») і Алена Паўхлеб (ААТ «Рочавічы»).

У гульні ў настольны тэніс сярод мужчын вызначыліся Алег Высоцкі (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»), Эдуард Шаціла (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат») і Міхаіл Бухавецкі (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»). У жанчын не было роўных па спрытнасці Настассі Юргель (ТАА «СЖК «Налібакі»), Карыне Аруцюнян (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») і Настассі Харытончык (ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі»).

Больш разоў за сваіх саперніц пераскочыла праз скакалку Аліна Шуцько з ААТ «Дзераўное». Зайздроснае пастаянства: Аліна і летась у гэтым відзе спаборніцтваў была пераможцай. Другое і трэцяе месцы занялі Святлана Гурская (ААТ «Вялікі Двор») і Вольга Дударэвіч (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат). У мужчын месцы размеркаваліся наступным чынам:  Віктар Северцаў (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»), Іван Сташэнін (ААТ «Радзіма Дзяржынскага») і Яўген Чэмка (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»).

Гіравы спорт патрабуе ад удзельнікаў сілы і немалых намаганняў. Менавіта ў гэтым відзе праяўляюцца воля і характар. Барацьба сярод асілкаў-гіравікоў, як і заўсёды, была напружанай. У вагавай катэгорыі звыш 75 кілаграмаў перамог, як і ў мінулым годзе, Сяргей Пяткевіч з ААТ «Рубяжэвічы», другое месца ў Алега Дубава з ААТ «Вялікі Двор», а трэцяе – у Аляксандра Курловіча з ААТ «Вішнявецкі-агра». У вагавай катэгорыі да 75 кілаграмаў пераможцамі і прызёрамі сталі Дзмітрый Руткоўскі (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Віктар Казлоўскі (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») і Камо Бараян (ААТ «Рочавічы).

У спаборніцтвах па плаванні перамаглі Вольга Ганчарова (ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя») і Максім Леўкавец (ААТ «Жацерава»). Прызёрамі сталі Хрысціна Бадзюкова (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») і Уладзімір Лябедзька (ААТ «Агранёманскі»), Настасся Юргель (ТАА СЖК «Налібакі») і Яўгеній Савіла (ААТ «Каганец»).

Завяршаючай, самай масавай і азартнай, была спартыўная эстафета. Неабходна было віртуозна ўправіцца з баскетбольнымі мячамі і абручамі. Не ўсім удалося зрабіць гэта хутка і без штрафных ачкоў. Лепшыя секунды паказала каманда ААТ «Агранёманскі», а іменна – Міхаіл Турко, Анатолій Дарашчук, Іна Рэчкіна і Таццяна Жыбуль. Другое месца ў каманды ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя», у складзе якой Віктар Каспяровіч, Дзмітрый Пузанаў, Вольга Ганчарова і Алеся Плотнікава. Трэцяе – у ААТ «Жацерава», за якую выступалі Віталій Тарабэш, Максім Леўкавец, Іна Іванец і Наталля Саўген.

Пераможцы ў індывідуальных спаборніцтвах і эстафеце ўзнагароджаны граматамі, медалямі і падарункамі.

Па выніках усіх відаў спорту чэмпіёнам зімовай спартакіяды, як і летняй у мінулым годзе, стала каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Другое месца заняла каманда ААТ «Вішнявецкі-агра», трэцяе – ААТ «Агранёманскі». Пераможцам і прызёрам уручаны кубкі, дыпломы і каштоўныя падарункі.

Варта дадаць, што гэтыя тры каманды пацвердзілі званне мацнейшых.

За чацвёртае месца дыплом і прыз у намінацыі «За імкненне да перамогі» ўручаны камандзе ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». «Самай крэатыўнай» прызнана каманда ААТ «Рочавічы», якая выступала ў прыгожых касцюмах і была заахвочана. Віншавалі ўдзельнікі спартакіяды з днём нараджэння Ганну Тарасевіч, аператара машыннага даення ААТ «Каганец», якой таксама ўручылі падарунак.

Мерапрыемства, якое арганізавалі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і пастаянны спонсар – Аграпрамысловы саюз, стала сапраўдным святам і застанецца адным з яркіх успамінаў у асабістым жыцці кожнага ўдзельніка спартакіяды.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *