Тэрытарыяльны фестывальны…

Нумары Соцыум Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

2c-(1)

Стаўбцоўшчына прымала ўдзельнікаў міжрэгіянальнага фестывалю песні «Песняй вітаем мы вас» –  наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання Клецкага, Пухавіцкага і Уздзенскага тэрытарыяльных цэнтраў.

Першы такі міжрэгіянальны фестываль прайшоў у мінулым годзе ў Клецку. Фестывалю адразу быў зададзены высокі ўзровень. Але і Стаўбцоўшчына яго ўтрымала. Госці заходзілі ў раённы Цэнтр культуры, праходзілі рэгістрацыю і атрымлівалі ў падарунак «кавалачак» нашага краю – маляўнічыя буклеты, прадастаўленыя аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама непаўторныя сувеніры, якімі, як і часцінкай свайго сэрца, падзялілася валанцёр Ала Мешыч. Кожнага кранула віншавальная паштоўка са словамі: «Ваша творчасць – класная, а наша сустрэча – неацэнная», па-майстэрску вырабленая кіраўнікамі гурткоў, што працуюць пры аддзяленні, Людмілай Няверавай і Таццянай Шаўчук.

Кожнае з аддзяленняў чатырох тэрытарыяльных цэнтраў упрыгожыла фестываль сваёй міні-выстаўкай. Ад яе вочы разбягаліся і зусім не хацелася верыць ва ўзрост тых, хто так умее тварыць. Ва ўздзенцаў былі вышываныя рэчы са стужак, у кляччан – «зімовая» кампазіцыя са снегавікамі і  ілюмінацыяй, у пухавічан – вышываныя карціны і іконы… Шкатулкі, вазачкі і іншыя дэкаратыўныя прадметы, выкананыя з дапамогай квілінгу, газетных трубачак, вышыўкі, прадставілі актывісты аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра  Алена Гундзіловіч, Святлана Карбоўская, Валянціна Кубрына, Таццяна Шагун.

Прыгожа правяла свята вядучая Наталля Грынкевіч. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся дырэктар Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко і загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс, дырэктар раённага Цэнтра культуры Ала Сушч. Пасля пачалася ўласна фестывальная праграма, якая парадавала і актыўнай пазіцыяй пажылых людзей, і цікавымі творчымі адкрыццямі.

Распачалі праграму госці з Узды. Іх перамога над узростам і, пры гэтым, невычэрпны аптымізм, зарад бадзёрасці – дастойныя самых высокіх узнагарод. Эмацыянальна яркім было выступленне прадстаўнікоў Клецкага тэрытарыяльнага цэнтра. Задорныя ўдзельнікі хору выйшлі на сцэну ў аднолькавых касцюмах, са свежым рэпертуарам. Разам з хорам спявалі пад гітару і загадчык аддзялення з кіраўнікамі гурткоў. Госці з Пухавічаў выступалі ў невялікім саставе, але спявалі а-капэльна. Адзіны мужчына, які, дарэчы, прайшоў у свой час Афганістан, стаў упрыгажэннем жаночага вакальнага калектыву.

Аддзяленне Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра прадставіў на фестывалі гурток фальклорнай песні «Родны кут». Пад акампанемент  Міхаіла Міткевіча выступілі з сольнымі нумарамі Лілія Хамко, Таццяна Хамраева, Мікалай Шэндзік, Вера Янушкевіч. У зале не было раўнадушных, калі заспявала сваю жартоўную песню «Я на пенсіі…» Наталля Паўлючэнка.

Выступленні фактычна працягнуліся і за чаяпіццем, калі ўсе частавалі адзін аднаго (словы ўдзячнасці спонсарам за магчымасць дэгустацыі прадукцыі – Стаўбцоўскаму філіялу ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», прадпрыемству «Гном-сэрвіс», ААТ «Вішнявецкі-агра»). І затым – танцавальная праграма.

Пасля фестывалю – агульнае фота на памяць і запрашэнне на новую сустрэчу. Мяркуецца, наступнай за Стоўбцамі фестывальнай сталіцай стане суседні горад Узда. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *