Брама неўміручасці

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Сёння спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы.

Народны пісьменнік, заслужаны дзеяч  навук, акадэмік АН Беларусі, лаўрэат дзяржаўных прэмій. Можна і далей пералічваць тытулы і заслугі. І не звяртацца для гэтага да інтэрнэту, даведнікаў. Кожнаму беларусу вядома гэтае імя, шмат хто нават прадэкламуе хаця б некалькі радкоў, што сталі крылатымі выразамі. Пра махальніка Іванова ці барана, які любіць гучнае імя. А можа пра асла, што вушамі хацеў засланіць сонца, культурную свінню, сутнасць якой выдае яе доўгі лыч. А можа пра тое, як ехалі дзед і баба на кірмаш, або як кабета пасля бульбы і саладухі разгавелася аж да хваробы жывата. Востра сатырычныя вобразы і бяскрыўдна бытавыя жарты. І вялікая папулярнасць іх у народзе сугучная дасціпнай душы беларуса. Памяркоўнасць, але і нецярпімасць да негатыўных праяў, якія найлепш выкараніць смехам, тонкім гумарам. Тут Кандрат Крапіва і Якуб Колас аднадумцы, зноў жа прыгадаем не толькі байкі, але і празаічныя творы. Камедыя Крапівы «Хто смяецца апошнім» і апавяданні Коласа, асабліва дарэвалюцыйнага часу.

Якуб Колас – вялікі зямляк, якім ганарыцца наш родны кут. Але ж нездарма і пра Кандрата Крапіву змешчаны артыкул у энцыклапедычным даведніку «Памяць. Стаўбцоўскі раён». Наднямонне, памежная са Стаўбцоўшчынай Уздзеншчына. Славутая на вядомыя ўсяму свету творчыя асобы, як і наша Мікалаеўшчына, вёска Нізок. Адсюль пачынаўся іх шлях у жыццё, з тутэйшых крыніц чэрпалі яны сваё натхненне.

Мой Колас, мой Крапіва. Шмат у каго ёсць што сказаць аб асабістых уражаннях ад знаёмства з творчасцю знакамітых аўтараў. Прыгадаю, як у дзяцінстве мама, якой не давялося «вялікай граматы пазнаці», расказвала мне байкі Крапівы. Асабліва запомнілася тая, дзе апавядаецца пра Ціта, які ладзіў новы быт. «Дзе гара была, як бубен, там пасеяў Ціт лубін. І ці ж веры вы дасце: як чарот жыта расце». Простыя радкі, а як яны раскрываюць душу працавітага селяніна, прагнага да навукі, пазнанняў, найперш неабходных у іх жыццёвай практыцы. Прызнаемся, ці трымаем мы ў памяці ўвесь аб’ём не толькі «вузаўскай», але і школьнай праграмы. Шмат вершаў задавалі, але байкі Крапівы з тых, якія не забываюцца.

А хіба не ўразіла сказанае на ўроку беларускай літаратуры настаўнікам Валянцінам Антонавічам Дабрэнкам, чалавекам высокай культуры і сапраўды энцыклапедычных ведаў, што пра некаторыя творы Кандрата Крапівы можна дакладна сказаць: напісаны яны на нашым, стаўбцоўскім матэрыяле. Да прыкладу, у байцы «Пажар» адлюстраваны рэальныя падзеі, што здарыліся ў Стоўбцах. Ды і славутыя кірмашы ладзіліся ў нашым горадзе. Дарэчы, у гімназіі № 1 змешчаны мемарыяльны знак, на якім пазначана, што тут у 1910-1912 гадах Кандрат Крапіва вучыўся ў гарадскім чатырохкласным вучылішчы. Разам з Іосіфам Міцкевічам, дзядзькам Юзікам, малодшым братам Якуба Коласа.

Самыя  дарагія для мяне ўспаміны аб асабістай сустрэчы з народным пісьменнікам. Як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Кандрат Крапіва сустракаўся з выбаршчыкамі ў Новым Свержані, Ператоках, затым у Стоўбцах. Мне як журналісту даручылі расказаць аб гэтых сустрэчах у «Прамені». І нават даверылі выступіць, сказаць сваё слова аб кандыдаце. Што было асабліва распавядаць агульнавядомае. Найперш падзякаваў за выданне руска-беларускага слоўніка. Рыхтаваўся вельмі аб’ёмны слоўнік, з лексіконам каля 86 тысяч слоў пад рэдакцыяй членаў АН БССР Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі. Гэтая няпростая дзейнасць вельмі аблегчыла працу і журналістаў, і настаўнікаў.

Падчас паездкі ў аўтамабілі Кандрат Крапіва задаваў, хаця і няшмат, пытанні аб Стаўбцоўшчыне, развіцці раёна. Уразіла толькі адна дэталь: увесь час сур’ёзны твар такога вялікага гумарыста. Вядома, не да ўсмешак было з вялікай дзяржаўнасці, ды і проста стомленага дарогай пажылога чалавека. Ісціну ўсё ж адкрыла сказанае аб класіках: смех скрозь слёзы. Яны бачылі значна больш і глыбей, адкрываючы напаказ знешне смешнае з надзеяй, што смех лечыць душы. У гэтым спісе  і Гогаль, і Чэхаў, і Крылоў, і нашы Колас і Крапіва.

Доўгі век быў адведзены гэтаму чалавеку, толькі пяць гадоў не дажыў ён да свайго стагоддзя. Зведаў франты першай і другой сусветных войнаў, прайшоў праз віхуры рэвалюцыі, можна сказаць ішоў па краі абрыву са сваім сатырычным словам падчас сталінскіх рэпрэсій. Амаль у васьмідзесяцігадовым узросце ён стаў аўтарам камедыі «Брама неўміручасці». Неўміручае ў пакаленнях слова творцы.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *