Сакавіка настрой жыццёвы

Нумары Соцыум

04-03-2016-1

Вольга Аляксееўна Луцык ва ўсіх жыццёвых сітуацыях – прыгожы чалавек. Я лаўлю сябе на думцы, што заўсёды любуюся ёю. Вось з такім настроем вярталася яна ў свой калектыў пасля раённага свята ўшанавання перадавікоў вытворчасці разам з ганаровым дыпломам таварыству «Вялікі Двор» за другое месца ў раённым спаборніцтве па атрыманні высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Больш за 40 гадоў з 53-х, звязаных з работай у сельскай гаспадарцы, Вольга Аляксееўна нязменна ўзначальвае адкрытае акцыянернае таварыства «Вялікі Двор».  Як бы хацелася абысціся без лічбаў і сказаць пра яе лірычна, аднак паказчыкі настолькі важкія, што нельга не браць іх за аснову. У гэтых выніках – яе думы, старанні, перажыванні, недаспаныя ночы, напружаныя будні, а па вялікім рахунку – праяўленне яе бліскучага розуму, фенаменальнай працаздольнасці і яркага таленту кіраўніка. Гаспадарка пад яе кіраўніцтвам штогод дабіваецца высокіх паказчыкаў – нягледзячы ні на якія крызісы, нечаканасці надвор’я ў таварыстве стабільна высокія ўраджаі і паказчыкі ў жывёлагадоўлі, выдатная кармавая база, моцная эканоміка. На працягу многіх гадоў па ўзроўні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на 100 га на аднаго працаздольнага па рэнтабельнасці і іншых паказчыках гаспадарка займае першае месца ў раёне. ААТ «Вялікі Двор» выдзяляецца адной з самых высокіх сярэднямесячных заработных плат. Удзячнасць працаўнікоў кіраўніку выказана ў стабільнасці кадраў, высокай вытворчай дысцыпліне і адданасці ў выкананні даручанай справы.

Талент Вольгі Луцык, яе прафесіяналізм, высокае пачуццё адказнасці, веданне перспектыў развіцця сельскай гаспадаркі, асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага аграпрамысловага комплексу адзначаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Знак Пашаны. Два гады назад Вольга Аляксееўна была прадстаўлена да ўзнагароды ордэнам Пашаны.

У сваім жыцці яна паспела зрабіць і яшчэ адну вельмі важную справу. На тэрыторыі гаспадаркі пабудаваны храм у гонар іконы Божай Маці «Неўпіваемая Чаша». На ўсіх святах яе парадны касцюм упрыгожвае дарагая для яе ўзнагарода Беларускай Праваслаўнай Царквы – медаль Ефрасінні Полацкай, беларускай святой, якая паказала прыклад служэння сваёй Айчыне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *