Жаночы рух узмацняе соцыум

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Упершыню раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» вырашыла назваць самых актыўных і паспяховых жанчын Стаўбцоўшчыны і гэтым падкрэсліць іх выключную ролю ў сям’і і калектыве, грамадстве ў цэлым, а таксама актуальнаць жаночага руху, накіраванага на пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі.

– У гэтым годзе сумесна з райвыканкамам мы аб’явілі раённы конкурс «Жанчына года» – па аналогіі з абласным і рэспубліканскім пад эгідай Беларускага саюза жанчын, – расказала старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля ЛАПКО. – Было распрацавана палажэнне аб конкурсе. Працоўнымі калектывамі раёна ўжо вылучана 14 прэтэндэнтак для ўдзелу ў розных намінацыях. Да прыкладу, «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва», «За выхаванне дзяцей і моладзі», «За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры», «За актыўную грамадскую дзейнасць», «За жаночую мужнасць», «За вернасць і адданасць прафесіі» і т. п. З дапамогай гэтага конкурсу мы хочам паказаць ролю жанчыны ў соцыуме, павысіць яе статус і падтрымаць жаночыя ініцыятывы ў розных накірунках дзейнасці.

– Што паказалі першыя вынікі конкурсу?

– Пасля разгляду адну з кандыдатур – старшыні ААТ «Вялікі Двор» Вольгі Аляксееўны Луцык – мы палічылі мэтазгодным прадставіць на конкурс «Жанчына года» Мінскай вобласці. Гэтая кандыдатура, між іншым, паспяхова прайшла даны этап і прадстаўлена на рэспубліканскі конкурс – у намінацыі «За ўклад у адраджэнне вёскі».

– Не будзе сенсацыяй, калі старшыню адной з перадавых гаспадарак не толькі раёна, а і рэспублікі, гаспадаркі з высокім рэйтынгам развіцця жывёлагадоўлі, назавуць «Жанчынай года» Беларусі.

– На Стаўбцоўшчыне ведаюць, што Вольга Аляксееўна ўжо 44 гады з’яўляецца нязменным кіраўніком гаспадаркі. На гэтую пасаду яна была прызначана, калі ёй было ўсяго 30… Цікавы факт – гаспадарку тройчы наведваў першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў. Яна аўтарытэтны кіраўнік. Мама. Бабуля. Яе заслугі перад краінай адзначаны ордэнам Пашаны, ганаровым знакам Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК «За заслугі». Можна многа расказваць пра гэтую жанчыну – гісторыю, легенду Стаўбцоўшчыны…

– Наталля Аляксандраўна, вы завочна пазнаёміліся з усімі ўдзельніцамі конкурсу. І ваша асноўная дзейнасць начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прадугледжвае паўсядзённыя кантакты з жанчынамі розных прафесій, сацыяльнага статусу. На вашу думку, у  чым адметнасць жанчын Стаўбцоўшчыны?

– Відавочна, што ў іх кардынальна змяніліся стэрэатыпы. Калі мы традыцыйна ў Тыдзень маці наведваем у радзільным аддзяленні жанчын або ўшаноўваем маці-гераіняў падчас прыёму ў старшыні райвыканкама, то бачым, што ўсё больш сярод іх тых, хто нарадзіў дзіця ў 40 або нават пасля 40 гадоў. І гэта цудоўна. Нашы жанчыны паказваюць, што яны ў любым узросце застаюцца маладымі, сучаснымі. Яны нараджаюць дзеля жыцця і міру – і ніяк не для вайны. Раней у жанчын кар’ера была вышэй за мацярынства, сёння – наадварот. Нельга не заўважаць тое, як усё больш жанчын нароўні з мужчынамі расце па службовай лесвіцы, папаўняе шэрагі кіраўнікоў прадпрыемстваў і устаноў, дэпутацкі корпус. Узровень жанчын-кіраўнікоў у раёне – вельмі высокі. У прыклад варта прывесці хаця б дырэктара ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Рамуальду Бурдукевіч, галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Святлану Глебка, дырэктараў Дзераўнянскай школы Марыю Шумчык і школы № 3 г. Стоўбцы – Жанну Лысую. Жанна Мікалаеўна, акрамя таго, што ўпраўляецца з самай вялікай у раёне школай, знаходзіць час і на грамадскую работу на пасадзе старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь». Раённы злёт перадавікоў, які прайшоў нядаўна, паказаў, як багата ў нас звычайных шчырых працаўніц ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. 

– Грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае жанчын, выконвае задачы дзяржаўнай важнасці. Раскажыце, калі ласка, пра яе асноўныя праекты, састаў арганізацыі.

– Раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» складаецца з 15-ці пярвічных арганізацый. У іх уваходзиць больш за  500 членаў. Мы спадзяёмся, што нашы рады будуць расці, негледзячы на тое, што не так даўно ўнесены змены ў статут арганізацыі, і яны прадугледжваюць членства на аснове падачы заявы, а таксама выплату членскіх узносаў. Прыклад паказвае нам кіраўніцтва краіны – членамі БСЖ з’яўляюцца віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, члены Савета Рэспублікі Святлана Сарока, Святлана Герасімовіч і іншыя. 

Так званыя жансаветы патрэбны ў кожным працоўным калектыве, таму што расце колькасць скасаваных шлюбаў і правапарушэнняў сярод падлеткаў, не выкаранены насілле ў сям’і, жаночы алкагалізм, якія немінуча вядуць да сацыяльнага сіроцтва. Мы цесна супрацоўнічаем з іншымі раённымі грамадскімі арганізацыямі – асацыяцыяй шматдзетных сем’яў, «Белая Русь», Беларускі фонд міру, Беларускае таварыства  Чырвонага Крыжа, а таксама з тэрытарыяльным цэнтрам, райкамам прафсаюзаў работнікаў АПК,  Камуністычнай партыяй Беларусі. Некаторыя праекты нашай арганізацыі мы ўжо называлі, яшчэ варта назваць удзел у выбарчых кампаніях, абмеркаванне пытанняў прызначэння і выплаты «сямейнага» капіталу і т. п. Па нашай ініцыятыве быў арганізаваны збор сродкаў для аказання дапамогі сем’ям, у якіх выхоўваюцца цяжкахворыя дзеці. Прайшла акцыя па зборы дзіцячых кніг – іх перадалі маці-гераіням і прыёмным сем’ям, у дзіцячы сацыяльны прытулак.

Памятайце, жанчыны, што разам мы – сіла!

 Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ       



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *