Шчыра і сумленна

Нумары Сельская гаспадарка

04-03-2016-1

На працягу васьмі гадоў Валянціна Паляшчук рупіцца тэхнікам-асемянатарам на МТФ «Засулле» ААТ «Каганец». Дзякуючы яе добрасумленнай і нястомнай працы ў гаспадарцы з году ў год павялічваюцца паказчыкі па вытворчасці малака. Сёлета таварыства выйшла на другое месца ў раёне па надоях малака ад каровы.

Валянціна Васільеўна з кагорты тых людзей, якія любяць працаваць з жывёлай. Яна шануе жывую істоту, заўжды падыходзіць да кароў з ласкай. Перажывае, калі яны нечакана захварэюць.

– Я люблю сваю работу і з задавальненнем штодзень іду на ферму, – сказала жанчына. – Гэта не проста высокія словы, як каму можа падацца. У кожнага сваё прызванне, сваё месца ў жыцці. Мае бабуля і матуля таксама шчыравалі ў жывёлагадоўлі.

Валянціна Паляшчук не адразу вызначылася з прафесіяй. Нейкі час працавала ў сталовай. Затым была брыгадзірам свінагадоўчай фермы, пасля расфарміравання якой прапанавалі пайсці вучыцца на тэхніка па штучным асемяненні. Згадзілася і не шкадуе. Справа ладзіцца, і заработная плата дастойная. Да таго ж, трымаюць Палешчукі на падвор’і розную жыўнасць і карміліцу-карову. Сваю вялікую гаспадарку даглядаюць усе разам. 

У Валянціны Васільеўны і яе мужа Вадзіма двое дзяцей – сын Аляксей і дачка Вераніка. На 8 Сакавіка дамашнія заўсёды віншуюць матулю і жонку паштоўкамі ўласнага вырабу і смачнай выпечкай па яе рацэпце. А на святкаванне прыходзіць маці Валянціны Васільеўны, якая  жыве недалёка, праз некалькі дамоў. І ўсе весела бавяць час.

Валянціну Паляшчук паважаюць у калектыве за шчырасць, дабрыню. І ў асабістым жыцці ў яе ўсё добра склалася, жыве сям’я дружна. А любоў і клопат блізкіх людзей – самае вялікае шчасце для кожнай жанчыны.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *