Каму давераны «аддзел у аддзеле»

Ахова правапарадку Нумары

04-03-2016-1

Маёр міліцыі Юлія Белавусава ўзначальвае ў райаддзеле міліцыі адно з вядучых падраздзяленняў – аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі, супрацоўнікі якога адказваюць за правапарадак у грамадскіх месцах, вядуць барацьбу з алкагалізмам і самагонаварэннем, працуюць з абавязанымі асобамі, займаюцца папярэджаннем крадзяжоў з аб’ектаў і жылля грамадзян. На іх ускладзены самы аб’ёмны ўчастак міліцэйскай работы – прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў.

Зусім не дзіўна, што калектыў з такім даляглядам задач і функцый з’яўляецца выключна мужчынскім. І сапраўды крута выглядае, што гэты «аддзел у аддзеле», дзе служаць участковыя інспектары, міліцыянеры патрульна-паставой службы – усяго каля трох дзясяткаў супрацоўнікаў, – узначальвае жанчына. Усмешлівая і заўсёды вытанчана-элегантная, нібыта толькі што з салона прыгажосці, Юлія Белавусава – салдат закона. Яна нясе, як і яе калегі, кругласутачныя дзяжурствы і дзяжурствы ў выхадныя і святочныя дні, выязджае з рэйдамі ў нядобранадзейныя сем’і і т. п. У міліцэйскай службы – свае законы, і часта яны бываюць жорсткімі, дыктуюць свае ўмовы, таму тым больш цікава: а як яна ўмудраецца?..

Аўтарытэт гэтай жанчыны-кіраўніка – бездакорны і, напэўна, ён вышэй за сілу мужчын, а закладзены прыродай жаночы, мацярынскі пачатак спрыяе таму, што мікраклімат у калектыве мала чым адрозніваецца ад сяброўскага, дамашняга. У шчыльным рабочым графіку Юліі Міхайлаўны прадугледжана наведванне сем’яў сваіх супрацоўнікаў, асабліва маладых, якія толькі прыходзяць на службу. Гэта своеасаблівы знак прыняцця ў калектыў, псіхалагічная падтрымка, якія не бываюць лішнімі.   

Жаночая ўлада ў міліцэйскім калектыве па сутнасці – унікальны для міліцыі Мінскай вобласці выпадак. Да нядаўняй пары Юлія Белавусава была адзінай на Міншчыне жанчынай, якой даверана кіраўніцтва «аддзела ў аддзеле». Пяцігадовы вопыт знаходжання яе на гэтай адказнай пасадзе сведчыць, што падобнае назначэнне бывае ўдалым і апраўданым, калі падабрана адпаведная кандыдатура.

Заслугі Юліі Белавусавай ацанілі як на ўзроўні ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, так і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. І на раённым злёце перадавікоў, на якім падводзілі вынікі работы за 2015 год, Юлія Белавусава была адзначана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.

– Служба аховы правапарадку і прафілактыкі не толькі ў ліку самых масавых у міліцыі. Яна шматфункцыянальная, заўсёды на віду, у цэнтры аператыўнай абстаноўкі ў раёне. І вельмі важна, што мы – калектыў аднадумцаў, – ацэньвае сваіх калег Юлія Белавусава і акцэнтуе ўвагу на тым, якія ўмовы створаны для іх кіраўніцтвам райаддзела. – У нашым карыстанні – добраўпарадкаваныя кабінеты з сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, парк транспартных сродкаў… Апошняе паступленне ў райаддзел – новы легкавы аўтамабіль – адрасавана менавіта нашай службе. За клопат і ўвагу неабходна адказваць выніковай працай.     

Юлія Белавусава сама дзесяць гадоў таму пачынала ўчастковым інспектарам у  інспекцыі па справах непаўналетніх. У той час жанчын асабліва не бралі на службу ў органы правапарадку. Аднак ёй пашанцавала. У міліцыі служылі яе муж (на той момант – эксперт-крыміналіст, цяпер – начальнік міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз), а таксама брат, які працягвае служыць аператыўным дзяжурным. Безумоўна, іх службовая дзейнасць з’яўлялася, так бы мовіць, лепшым хадайніцтвам перад кіраўніцтвам райаддзела.

Раней, да службы ў міліцыі, Юлія Міхайлаўна працавала ў дзіцячым садку. Педагог па прызванні, яна адразу ўсвядоміла сацыяльны характар сваёй прафесіі. На міліцэйскай пасадзе ў яе руках з’явіўся такі важны інструмент уздзеяння, як закон. Каб быць кампетэнтнай, у 2012 годзе атрымала ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь кваліфікацыю юрыста. Сваю службовую дзейнасць не ўяўляе без практычнай дапамогі вопытных калег, у прыватнасці, намесніка начальніка райаддзела, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Руслана Харуты.

– Для мяне каштоўныя і яго дзелавая падказка і ў цэлым наша ўзаемаразуменне, таму што, як паказвае практыка, аднолькавых сітуацый не бывае. І нявырашальных сітуацый – няма, – дзеліцца Юлія Белавусава. – Іншым разам, каб да канца разабрацца і дапамагчы чалавеку, лепш вярнуць матэрыял участковаму інспектару на дапрацоўку.

Асабліва прыемнымі для начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі бываюць сустрэчы дзе-небудзь на гарадской або сельскай вуліцы з роднымі тых, з кім прыйшлося павазіцца і хто адумаўся, стаў на цвярозы лад жыцця… Словы падзякі ад гэтых людзей – таксама вынік працы.

Ад сваіх родных і блізкіх Юлія Міхайлаўна атрымлівае любоў і падтрымку. За гэта ўдзячна мужу і дзецям – васьмікласніцы-выдатніцы  Анастасіі (прызёру раённых алімпіяд па рускай мове!) і чатырохгадоваму Ільі, выхаванцу дзіцячага садка, а таксама брату, сястры, бацьку… Сям’я дружная, з вялікім колам сяброў. Без хвалявання не можа гаварыць пра маці – Васіну Тамару Гаўрылаўну: «Шкада, што яе няма разам з намі ўжо 18 гадоў… Яна была самаадданым педагогам, працавала намеснікам дырэктара Старасвержанскай школы. Жыла, можна сказаць, любімай работай…»

Сям’я Белавусавых, у адрозненне ад большасці, не імкнецца ў горад – жыве ў сваім родным Старым Свержані. Для іх гэта радасць, шчасце. Сапраўднае жыццё.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *