Верны духоўным традыцыям

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Нядаўна ў гімназію №1 г. Стоўбцы прыйшло падзячнае пісьмо, у якім гаворыцца, што выпускнік гімназіі №1 2012 года Антон Блашко стаў пераможцам конкурсу «Студэнт года БДУ-2015» у намінацыі «Лідар». Рэктарат універсітэта адзначае: «Мы разумеем, што шлях да гэтай высокай адзнакі маладзёжнага лідара пачаўся са школьнай парты, дзякуючы прафесіянальнаму калектыву ўстановы».

Адсочваць лёсы і поспехі сваіх выпускнікоў – гэта традыцыя, якая існуе ў гімназіі. Наш выпускнік Антон Блашко пры паступленні ў Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, куды прахадны бал у  2012 годзе складаў 195, паспяхова вытрымаў уступныя экзамены. Паступленню Антона менавіта ў гэты інстытут садзейнічалі духоўныя каштоўнасці, якія культывуюцца ў яго сям’і, і яго духоўныя памкненні, выпрацаваныя падчас навучання ў гімназіі. У падлеткавым узросце ён прымаў актыўны ўдзел у жыцці Свята-Аннінскага храма ў Стоўбцах у якасці алтарніка, памочніка свяшчэннаслужыцеляў. І цяпер, ужо будучы студэнтам, Антон мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Ён абраны старшынёй студэнцкага савета па якасці адукацыі і членам камісіі па жыллёва-бытавых пытаннях студэнтаў Інстытута тэалогіі БДУ, старшынёй Брацтва ў гонар бессярэбранікаў Космы і Дамініяна пры Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска, дзе выконвае послух у якасці памочніка настаяцеля гэтага сабора па маладзёжнай рабоце. Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя св. Мяфодзія і Кірыла Антон Блашко ўзнагароджаны прэміяй «Хрысціянскія традыцыі ў культуры і адукацыі».

Яшчэ ў гімназіі Антон быў актыўным удзельнікам навукова-практычных канферэнцый. У студэнцкія гады ён працягвае займацца навукова-асветніцкай работай. Ён аўтар артыкулаў, зборнікаў навуковых даследаванняў студэнтаў, канферэнцый, член асветніцкага праекта «Віталіс», у складзе каманды якога ўдзельнічае ў ажыццяўленні духоўна-маральнай праграмы Выдавецтва Беларускага Экзархата «Радасць слова». Ім распрацоўваюцца і даносяцца да шырокага кола чытачоў і слухачоў тэмы маральнай ацэнкі вайны ў праваслаўным багаслоўі, хрысціянскіх каштоўнасцяў у культуры сучаснай моладзі, жыцці ў полікультурным свеце і магчымасцяў захавання  традыцыйных нацыянальных каштоўнасцяў культуры беларускага народа.

Мы радуемся поспехам сваіх выпускнікоў, ганарымся імі. Падзячныя пісьмы з вышэйшых навучальных устаноў, адрасам якіх становіцца наша гімназія, – не рэдкасць.

Гімназісты, верныя традыцыям сваёй установы, сваю духоўнасць, эрудзіраванасць і інтэлігентнасць нясуць са сцен гімназіі ў жыццё так, як гэта робіць наш выпускнік Антон Блашко.

Дзмітрый КЛІМОВІЧ, дырэктар гімназіі № 1г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *