Толькі імя назаві – і пра ўсе пачуцці скажаш

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

8 Сакавіка – свята маладосці, кахання і вясны. Жанчыны – у прадчуванні сюрпрызаў, мужчыны – у пошуку, роздуме, чым здзівіць на гэты раз, якія словы падабраць для сваіх родных і каханых… Яднае і першых, і другіх  свята, якое аднолькава любяць і чакаюць як жанчыны, так і мужчыны. Пра гэта мы даведаліся падчас бліц-апытання, праведзенага сярод моладзі раёна ў «гарачыя» перадсвяточныя дні.

Яўгенія Грыбанава, харэограф-балетмайстар раённага Цэнтра культуры: 

– 8 Сакавіка для мяне свята асаблівае. Сёлета яно пройдзе на рабоце. Чакаю яго, хаця і прыйдзецца карэкціраваць свае планы. Пасля заканчэння каледжа мастацтваў працую першы год у сваім раёне, яшчэ занята ў Мінску ў шоу-балеце. Вяду ў Стоўбцах дзве групы – падлеткавую і дарослую. Прапаную сучасныя танцы, таму, напэўна, людзям прыемна ісці да мяне. Мне з імі лёгка, цікава. Разам мы ўзаемаабагачаемся, кожны знаходзіць нешта сваё. Шмат працую – хачу многага дабіцца ў жыцці. Перад святам асабліва напружана – пастаноўкі, рэпетыцыі… Але я шчаслівая, што запатрабавана, што ў мяне ёсць уменне, што я жыву творчасцю. Кожны дзень – як свята, і гэтае свята я дару іншым. Павіншую з 8 Сакавіка маму, свайго дырэктара і – абавязкова –  дзяўчат, з якімі займаюся. І мяне будуць віншаваць – блізкія, сябры (іх многа), калегі… З дзяцінства запомнілася гэтае свята чаканнем падарункаў і тым, што надзеі заўсёды апраўдваліся…

Аляксандр Таяноўскі, дыспетчар раённых электрасетак:

– 8 Сакавіка для мяне будзе рабочым днём… Работа дыспетчара зменная, з начнымі дзяжурствамі… Але ўсё-такі гэта свята вясны, і яно больш радаснае, чым, напрыклад, 23 лютага, асабліва, калі на вуліцы свеціць сонейка. Віншаваць буду сваіх родных, сястру. Вось выдасца свабаднейшы дзень – падумаю, што ім такое падарыць. Купляем з бацькам кветкі – пераважна цюльпаны, самыя пяшчотныя і прыгожыя… Добрае слова не забываю сказаць сваёй супрацоўніцы – яна ў нас адзіная, і сваім суседкам. Галоўнае, на маю думку, – не  набыць падарунак, а падарыць нешта душэўнае. Для мяне самае складанае – знайсці час, каб удзяліць усім увагу. Акрамя работы займаюся яшчэ прадпрымальніцтвам – грузаперавозкамі. Гараж вялікі пабудаваў… У нас шмат рознай тэхнікі, бо апрацоўваем з бацькам тры гектары зямлі. Хочацца і хобі не закінуць – гэта рэтрааўтамабілі. Адзін такі аўтамабіль, 1960 года выпуску, я аднаўляў на працягу чатырох гадоў…

Дзмітрый Грышан, загадчык гаража ААТ «Шашкі»:

– Для мяне заўсёды складанае пытанне: што падарыць блізкім – маме, дзвюм бабулям. Летам мінулага года я жаніўся, таму жаночая палова сям’і павялічылася. Імя маёй жонкі – Любоў. Толькі паклічаш – і пра ўсе свае пачуцці скажаш. Яна заканчвае сёлета Беларускі педуніверсітэт імя М. Танка, я закончыў у мінулым годзе Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Працаваць прыедзе ў наш раён. Нарэшце будзем побач. Знайшоў сваю Любоў у суседняй вёсцы Шашкі. Дружым з ёй са школьных гадоў. Шмат чаго бывала за гэтыя гады, але нават калі і непаразуменне ўзнікала, то прымірэнне на 8 Сакавіка – самы жаданы падарунак. Галоўнае – з’явіцца да каханай з прыгожым букетам, і ўсё будзе нармальна. 8 Сакавіка – свята добрае, пачуццёвае. Прыемна віншаваць тых, каго любіш. Будзе святочны стол. Заўсёды ў доме госці. У мяне, праўда, цяпер гарачая пара – падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной. Работы вельмі многа.

Вадзім Кутас, оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі райаддзела міліцыі:

– Буду віншаваць з жаночым святам сваю маму – Ганну Іванаўну, яна медработнік Шашкоўскага ФАПа, бабулю Тэрэзу з Дзераўной, дзяўчыну… У перспектыве планую стварыць сваю сям’ю. Пакуль жа – адданы рабоце, бо да тэорыі трэба спасцігнуць і практыку. З 2010 года, як паступіў вучыцца ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, толкам і не атрымлівалася адзначыць гэтае свята. Як правіла, у свята сярод курсантаў аб’яўлялася «ўзмацненне». Але знаходзіў час, каб пазваніць і перадаць віншаванні па тэлефоне, сустракаліся за святочным сталом –  праз тыдзень-другі… Такая спецыфіка міліцэйскай службы. У сям’і яе разумеюць.

Як буду віншаваць? Прыемнымі словамі і знакамі ўвагі. У першую чаргу, кветкамі. Мама, бабуля любяць архідэі. Дзяўчыне падару ружы. Ім – мая падзяка і любоў, каханне. У райаддзеле працуе нямнога жанчын, пастараемся дастойна іх павіншаваць. Свята кожны год прыносіць новыя ўражанні. Сёлета плануем выезд на прыроду, а калі не ўдасца, то свята ў коле сям’і – самы лепшы адпачынак.  

Надзея Ермаловіч, настаўніца геаграфіі Заямнаўскай сярэдняй школы:

– З чым у мяне асацыіруецца свята 8 Сакавіка? Найперш, з пачаткам вясны, бо вясновае сонейка сагравае зямлю. А яшчэ – з каханнем, бо як вясновыя ручаі зліваюцца ў адзін ручай, так маладыя душы яднаюцца з вясною ў каханні. Сёлетняе 8 Сакавіка ў маім жыцці асаблівае – буду адзначаць яго разам з мужам Вадзімам. Разам пойдзем віншаваць сваіх матуляў. Жаночае свята непадзельнае  з жанчынай-маці, з якой пачынаецца жыццё. Свае пажаданні і надзеі я выказала ў  вершы:

Вясновага сонца чакаю заўсёды,

Сюрпрызаў ад блізкіх,

Любові ад родных,

Усмешак шчаслівых,

Кахання і згоды!           

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ                 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *