Як дзяўчынкам хочацца стаць на пуанты!

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

5-03-2016-1

Аб тым, што для ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Гарошынка» 2016 год юбілейны, звязаны з 30-годдзем утварэння калектыву, мы даведаліся ад удзячных вучняў Наталлі Захаравай. І на сайце газеты, і ў тэлефонных званках яны выказвалі вялікую просьбу падрыхтаваць нарыс пра кіраўніка танцавальнага ансамбля. А тут надарылася такая аказія: на нядаўняй раённай урачыстасці па падвядзенні вынікаў Наталля Захарава была ўдастоена Ганаровай граматы раённага выканаўчага камітэта. І здымак – са свята.

Інтарэс да гэтай асобы ў першую чаргу выкліканы тым, што Наталля Захарава – адна з нямногіх кіраўнікоў дзіцячых калектываў з’яўляецца не толькі, так бы мовіць, тэарэтыкам, спецыялістам у галіне харэаграфіі, але і практыкам – 20 гадоў яна адтанцавала на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. Салістка балета вышэйшай катэгорыі ў тэатры танцавала вядучыя партыі. Дзецям вельмі цікава бачыць, што і цяпер Наталля Антонаўна можа стаць на пуанты – балетныя туфлі. Адна з дзяўчынак з такім зачараваннем глядзела на гэтыя чароўныя туфелькі, што Наталля Антонаўна працягнула іх ёй:

–       Бяры, дару!

Вочы гэтай дзяўчынкі патрэбна было бачыць! Словамі тут не перадаць.

Сама Наталля Юнцэвіч (дзявочае прозвішча) танцамі стала займацца таксама маленькай дзяўчынкай. Яе прывялі ў стаўбцоўскі Дом культуры. Кіраўнік танцаў Таццяна Афанасьева-Лісоўская, якую Наталля Антонаўна з вялікай удзячнасцю успамінае, убачыла ў Наталлі здольнасці і дапамагла ёй улюбіцца аднойчы і назаўсёды ў танец. У 12 гадоў Наталля  паехала вучыцца ў Ленінград у Акадэмію рускага балета імя А. Я. Ваганавай. Здарылася гэта цудным чынам. Яе стаўбцоўская сяброўка са сваёй мамай паехала паступаць у Ваганаўскую акадэмію. Наталля склала ёй кампанію. Оля не прайшла па конкурсе, а Наталля бліскуча здала экзамены і была залічана. Вярнуўшыся дахаты, яна вырашыла, што адна ў Ленінград вучыцца не паедзе. Калі бацька патэлефанаваў у Акадэмію балета і аб’явіў аб гэтым, на другім канцы провада пачуў, што такое рашэнне неразумнае: вытрымаць конкурс самых таленавітых дзяцей з усяго Савецкага Саюза і адмовіцца ад вучобы?! І Наталля паляцела самалётам у Ленінград. Яна вучылася там сем гадоў, жыла ў інтэрнаце, што з маленства прывучыла яе да самастойнасці і ў многім выхавала настойлівы характар. Сярод яе аднакурснікаў такія зоркі сусветнага балета, як Фарух Рузіматаў, Ала Сігалава, Махар Вазіеў.

Пасля заканчэння Ваганаўскай акадэміі балета Наталлю Захараву Міністэрства культуры Беларусі размеркавала ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі.

З’яўляючыся прафесійнай танцоўшчыцай, Наталля Захарава прыняла прапанову свайго бацькі, тады старшыні калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Антона Юнцэвіча, займацца харэаграфіяй з сельскімі дзецьмі. Так на базе калгаса быў створаны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка». Яркі дзіцячы калектыў у прыгожых касцюмах пакараў публіку сваім майстэрствам на святах і ўрачыстасцях рознага маштабу. У 1992 годзе ансамбль атрымаў ганаровае званне «ўзорны». Наталля Захарава атрымлівае яшчэ адну адукацыю – закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці балетмайстар і кіраўнік харэаграфічных калектываў.

Потым доўгі час калектыў працаваў пры Заямнаўскай сярэдняй школе. Заняткі з дзецьмі ў сельскай мясцовасці патрабавалі ад Наталлі Захаравай самаахвярнасці. Два разы на тыдзень яна прыязджала з Мінска. Да Стоўбцаў дабіралася на спадарожных машынах, назад у Мінск – так жа. Бывалі выпадкі, што на спектакль у сваім тэатры яна ледзьве паспявала – на хаду надзявала сцэнічны касцюм і «выпырхвала» на сцэну. Яна прымае рашэнне пакінуць такі рытм жыцця. Былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Анатоль Грэкаў не хацеў губляць прафесійнага харэографа і прапанаваў працаваць з ансамблем «Гарошынка» на базе гімназіі № 1 г. Стоўбцы, што, зразумела, аблегчыла «дарожныя» праблемы. Прапанову падтрымаў і як мог садзейнічаў развіццю танцавальнага жанру ў навучальнай установе былы дырэктар гімназіі Васіль Курак. Для Наталлі Захаравай гэта быў новы этап у яе дзейнасці – практычна стварэнне новага калектыву, хоць і пад старой назвай «Гарошынка». І гэта патрабавала нямала намаганняў і сіл.

Апошнія пяць гадоў узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» адносіцца да раённага Цэнтра культуры. Заняткі па-ранейшаму праходзяць у гімназіі – для танцавальнай залы аддадзена памяшканне былой сталовай. Наталля Захарава разам са сваім мужам Ігарам, наколькі змаглі, правялі рамонт, устанавілі люстэркі, аднак зала яшчэ не закончана цалкам да адпаведнасці яе эстэтычнаму прызначэнню – танцавальнага класа. Кіраўнік ансамбля ўклала ў любімую справу не толькі гэтыя клопаты. Яна – аўтар харэаграфічных пастановак, сама стварае і, здараецца, шые сцэнічныя касцюмы – кожная новая харэаграфічная пастаноўка патрабуе і абнаўлення касцюмаў. Тут ёй дапамагае яе мастацкае хобі – вышыўка. Як бы яна жадала атрымаць дапамогу, фінансавую падтрымку для набыцця касцюмаў, так як і дапамогу для заканчэння рамонту танцавальнай залы. У складзе калектыву ёсць таленавітыя дзеці, і яна магла б, гаворыць, паставіць іх на пуанты, падрыхтавць балетныя нумары. Цяпер ужо былыя выхаванцы ансамбля «Гарошынка» прыводзяць у калектыў сваіх дзяцей.

Узорны харэаграфічны калектыў апраўдвае сваё высокае званне ўдзелам у фестывалях, конкурсах, дзе заваёўвае лаўрэацкія дыпломы. Апошнія з перамог, атрыманых у 2015 годзе, – лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!», прысвечаным 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Гран-пры Міжнароднага фестывалю ў Францыі «Зорка Парыжа».

Наталля Антонаўна бачыць працяг сябе ў сваіх вучнях. Яе дачка Аляксандра працуе выкладчыкам танца ў заснаванай Наталляй Захаравай студыі эстраднага танца «Асарці» на базе адной са сталічных школ. Выхаванка ансамбля «Гарошынка» Наталля Кутас дапамагае праводзіць заняткі са стаўбцоўскімі дзецьмі.

Многія гады Наталля Захарава займаецца шэйпінгам са стаўбцоўскімі жанчынамі ў аматарскім аб’яднанні «Здароўе», якое працуе на базе гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Гэты накірунак таксама лічыць вельмі важным – дапамагчы жанчынам, некаторыя з якіх шматдзетныя маці, трымаць сябе ў форме, адчуваць бадзёра, аптымістычна і элегантна выглядаць.

А ансамбль «Гарошынка» чакае папаўнення. У танцавальны калектыў можна запісаць дзяцей ужо з чатырох-пяцігадовага ўзросту. У кіраўніка ансамбля шмат творчых задум, ідэй, праектаў, якія выльюцца ў новыя харэаграфічныя пастаноўкі, у новыя гастролі, выступленні, канцэрты. Так што дзяцей чакае цікавае творчае жыццё.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *