Дарога да маці – з песняй і сардэчным словам

Нумары Соцыум

5-03-2016-1

Канцэртная зала Старасвержанскага цэнтра культуры была запоўнена. Мелася быць выступленне знакамітага ансамбля «Песняры». Але гледачоў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз. Іх вітаў з канцэртнай праграмай «Дарога да маці» спявак і кампазітар Аляксандр Сухараў. Песні з аўтарствам слоў і музыкай самога выканаўцы краналі душу. І не толькі гэта. Артыст прапанаваў прысутным перадаць праз яго свае пісьмовыя ці вусныя віншаванні з днём 8 Сакавіка для сваіх дарагіх жанчын. «Яны дойдуць да адрасатаў, ды яшчэ і з музыкай. Я зайду, калі пажадаеце, у кожную прапанаваную кватэру, дом ці перадам прысвячэнні са сцэны», – паабяцаў Аляксандр Сухараў.

Дарэчы, спявак накіраваўся на гастролі пешшу. З Мінска ён ідзе ў Брэст, дзе жыве яго матуля. Таму тур атрымаў назву «Дарога да маці». Стартаваў гастрольны марафон 23 лютага, а 8 Сакавіка артыст плануе павіншаваць усіх жанчын Брэста з Днём жанчын.

Прадстаўніц жа цудоўнай паловы Стаўбцоўшчыны ён віншаваў з песнямі са сцэны Старасвержанскага цэнтра культуры 27 лютага. Да гэтага пабываў у Дзяржынску, потым трымаў курс на Івацэвічы, Бярозу, Кобрын і, як ужо было сказана, – на Брэст.

Такім экскурсам па гарадах і вёсках спявак імкнецца заклікаць беларусаў часцей падарожнічаць па мясцінах роднай краіны. І вызваляцца ад транспартнай залежнасці. Бо толькі пры руху пешшу, як дэкларуе А. Сухараў, можна сустрэць цікавых людзей, падарыць ім шчырасць душы. Артысту не даводзіцца крочыць у адзіноцтве. Маладыя музыканты з задавальненнем складаюць кампанію вядомаму выканаўцу аўтарскіх песень. І самі скарыстоўваюць магчымасць для сумесных выступленняў.

Шлях артыста знаходзіўся пад пільнай увагай прэсы. У якасці інфармацыйных спонсараў у першым туры «Дарога да маці» падключыліся вядучыя СМІ краіны, у тым ліку Белтэлерадыёкампанія. Сам Аляксандр Сухараў у якасці вопытнага блогера з задавальненнем перадае ўражанні ад музычнага марафону сваім падпісчыкам у сацыяльных сетках у фармаце відэаблога і фотарэпартажа.

Аляксандр Сухараў стаў першым беларускім артыстам, які аддаў перавагу туру на ўласных нагах, а не гастрольнаму аўтобусу. На думку Сухарава, такім чынам ён зможа адчуць душою кожную мясціну роднай зямлі, набрацца ўражанняў і сіл для новых песень.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *