Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

korova
Утрымліваюць лідарства
Жывёлаводы ТАА СЖК «Налібакі» па-ранейшаму ўтрымліваюць лідарства ў раёне па надоях малака ад каровы. На малочнатаварных фермах таварыства атрымана ад кожнай рагулі ў сярэднім па 7905 кілаграмаў. Сярод вытворчых падраздзяленняў самы высокі паказчык у працаўнікоў МТФ «Церабейнае», дзе летась перасягнуты дзевяцітысячны рубеж. На гэтай ферме працуюць два перадавыя аператары машыннага даення – Святлана Рынкевіч і Ганна Міхно. На рахунку кожнай жанчыны больш за дзевяць тысяч кілаграмаў малака пры валавых надоях звыш 667 тон. А першынствуе з лепшым паказчыкам у раёне – 9997 кілаграмаў, Марына Бычко з МТФ «Цэнтр». Марына Віктараўна летась прыняла групу праслаўленай ў раёне даяркі Валянціны Мусік, а папярэдне доўгі час працавала на гэтай групе падменнай. Валянціна Іосіфаўна па стане здароўя вымушана была змяніць прафесію. Яна засталася на ферме і працуе тэхнікам-асемянатарам, спалучае таксама абавязкі ветсанітара. Калі ёсць патрэба, то і падаіць кароў дапаможа. На другім, трэцім і чацвёрым месцах калектывы МТФ «Цэнтр», «Целяхі» і «Пруды».
На перадавых пазіцыях
Па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» каторы год запар на перадавых пазіцыях. Ладзяцца справы ў мясной галіне. На мясакамбінат за мінулы год прададзена 948 тон мяса ў жывой вазе. Сярэдняздатачная вага аднаго бычка склала 472 кілаграмы. Усяго ж з комплексу рэалізавана 1019 тон мяса, што на 30 тон больш, чым летась. Старанна працуюць аператары па вырошчванні цялят да шасцімесячнага ўзросту Наталі Маісеева, Таццяна Філіповіч і Ірына Смецюх, у групах якіх цяляткі штодзень прыбываюць больш за 790 грамаў. Добрыя паказчыкі маюць аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы Аляксей Касякоў і Валерый Жылка.
У малочных справах відавочны плён шчыравання аператара машыннага даення МТФ «Асіпаўшчына» Ганны Паўловіч, якая надаіла ў сярэднім ад кожнай каровы па 7895 кілаграмаў малака.

Важкая прыбаўка
Звыш шасці тысяч кілаграмаў малака ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана за мінулы год у ААТ «Агранёманскі». А лаўры першынства належаць калектыву МТФ «Залужжа» (брыгадзір Юрый Крупец). Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву Юрыя Леанідавіча вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі тут год ад году павялічваецца. Жывёлаводамі фермы надоена 1368 тон малака, плюс 41 тона. І ад каровы атрымана па 7477 кілаграмаў, што на 226 кілаграмаў вышэй за леташні вынік. Аператар машыннага даення Іна Дзядовіч прыбавіла амаль тону і мае паказчык 8360 кілаграмаў. Людміла Зянько надаіла 8060 кілаграмаў. На трэцім месцы Ірына Цвірка з МТФ «Дразды» з вынікам 7703 кілаграмы.
Па-ранейшаму практычна няма роўных у раёне звяну па адкорме буйной рагатай жывёлы ў складзе Мікалая Сахуты, Сяргея Раманейкі, Валерыя Булаша і Аляксандра Санько. Шчырыя рупліўцы атрымліваюць высокія прывагі – каля 920 грамаў. І ў цялятніцы Ларысы Бабровіч справы ладзяцца – атрымаць 860 грамаў не кожнаму па сіле. На вырошчванні цялят вылучаецца стараннасцю Тамара Сапун (МТФ «Дразды»), Зінаіда Шашко (МТФ «Ператокі»), Ірына і Анатоль Місючэнкі, Леанід Крывель (МТФ «Скамарошкі»).

Правільна накарміць і падаіць
Аб выніках работы жывёлагадоўчай галіны раёна за мінулы год расказвае начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова.
– Галіна Аляксандраўна, як, на ваш погляд, спрацавалі малочныя цэхі сельгаспрадпрыемстваў?
– Пахваліцца мінулагоднімі паказчыкамі не можам. На малочнатаварных фермах раёна, а налічваецца іх у сельгаспрадпрыемствах 56, надоена летась 76,1 тысячы тон малака. Зніжэнне валавога надою дапусцілі адзінаццаць гаспадарак. І сёння яшчэ не выйшлі на ўзровень мінулага года жывёлаводы малочных цэхаў ААТ «Аталезь-агра», «Радзіма Якуба Коласа», «Шашкі», «Жацерава» і «Рубяжэвічы». Зменшыўся і сярэдні надой ад каровы. Акрамя ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе дасягнута неблагая прыбаўка – 533 кілаграмы на карову, астатнія таварыствы змінусавалі. Па ўсіх каналах збыту рэалізавана 46,6 тысячы тон малака, што склала 92,6 працэнта да мінулагодняга паказчыка.
Асноўнай прычынай недабору прадукцыі з’явілася незбалансаванасць рацыёнаў жывёлы. Недахоп канцэнтратаў і вітамінна-мінеральных дабавак не дазваляў прытрымлівацца тэхналогіі кармлення дойнага статка, збалансаваць рацыёны па прэтэіне і энергіі. І раздой навацельных кароў і пяршачак праводзіўся няякасна.
Не ў поўнай меры працуюць гаспадаркі і з якасцю малака, хоць цана на малако гатункаў «экстра» і вышэйшага значна адрозніваецца. Па раёне найвышэйшым гатункам летась рэалізавана на перапрацоўчыя заводы каля 16 працэнтаў ад агульнай колькасці. У прыватнасці, з ААТ «Агранёманскі», «Вялікі Двор» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», хоць усе таварыствы маюць такую магчымасць.
З увядзеннем у строй дзеючых новых і рэканструяваных малочнатварных фермаў пад беспрывязное ўтрыманне дойнага статка сельгаставарыствы сутыкнуліся і з некаторымі праблемамі, якія, для павелічэння вытворчасці малака, неабходна хутчэй вырашаць. У першую чаргу даўкамплектаваць фермы цялушкамі на поўную патрэбнасць. А таксама падабраць спецыялістаў, якія валодаюць камп’ютарам і могуць працаваць па спецыяльна распрацаванай праграме.
– А якія здабыткі ў мясной галіне?
– За мінулы год вырашчана 6491 тона мяса буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе, што на 310 тон менш, чым летась. Найбольш змінусавалі ААТ «Вішнявецкі-агра», «Жацерава», «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага», «Шашкі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ТАА СЖК «Налібакі». Адпаведна знізіліся і сярэднясутачныя прыбаўленні жывёлы на вырошчванні і адкорме, з мінусам спрацавалі сем гаспадарак. А вось рэалізацыя мяса павялічылася і склала 106,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. У вырошчванні буйной рагатай жывёлы неабходна асаблівую ўвагу ўдзяляць кармленню і ўтрыманню маладняку, закупляць для цялятак да трохмесячнага ўзросту стартавы камбікорм КР-1 і атрымліваць сярэднясутачныя прывагі не менш за 850 грамаў, абсталяваць для іх і прафілакторыі.
Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *