15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі. Мы – грамадзяне Беларусі

Адукацыя Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Васьмікласніца СШ № 2 г. Стоўбцы Яна Гамза выбрана для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі», прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Уручэнне самым дастойным прадстаўнікам моладзі нашай краіны пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пройдзе напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята ў Мінску, у Адміністрацыі Прэзідэнта.

Каб заваяваць такое права сярод шматлікай моладзі Стаўбцоўшчыны, Яна Гамза праявіла сябе не толькі ў вучобе, а і ў грамадскай дзейнасці. Яе межы даўно ўжо перасягнулі рамкі школы і нават раёна. Не адзін год Яна танцуе ў школьным ансамблі танца «Светлячок», адзначаным дыпломам І ступені па выніках абласнога агляду дзіцячай мастацкай творчасці «Суквецце талентаў» (намінацыя – «Ансамбль народна-сцэнічнага танца»). З гэтага конкурсу дзяўчына прывезла дыплом І ступені і за асабістую перамогу – у намінацыі «Канферанс». У намінацыі «Лепшая жывапісная работа» прызнана пераможцай яе работа на абласным конкурсе выяўленчага мастацтва «Бяспечная праца – маё шчаслівае будучае». У спіс мастацкіх дасягненняў Яны варта занесці і тытулы лаўрэата V адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці «Залатая ліра-2012» , V традыцыйнага адкрытага конкурсу мастацтваў «Вікторыя-2012». Безумоўна, у такой рознабаковай лаўрэаткі будзе яшчэ не адзін конкурс і не адна перамога.

Як адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, у Дзень Канстытуцыі, 15 сакавіка, у Стоўбцах плануецца ўрачыстае ўручэнне  дзяўчатам і юнакам пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства пройдзе з удзелам кіраўніцтва раёна, ветэранаў вайны і працы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *