Вытворчасць. Аптымізацыя. Экспарт

Нумары Раённыя навіны

Экспарт выдатнай па смакавых якасцях беларускай бульбы – важны клопат прадпрыемства «Сула плюс». Прадукцыя сартуецца, вядзецца яе перапрацоўка для адпраўкі спажыўцам за мяжу.

 Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАВЯЛІЧЫЦЬ ЭКСПАРТ

У ліку экспартаарыентаваных прадпрыемстваў нашага раёна і стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат. У мінулым годзе на экспарт перапрацоўшчыкі рэалізавалі прадукцыі на суму 20 мільёнаў долараў.

Кіраўніцтва прадпрыемства ставіць задачу павялічыць долю экспарту каўбас і вяндліны. На сучасны момант 12 працэнтаў у аб’ёме каўбасных вырабаў складае сыравяленая і сыравэнджаная прадукцыя, якая карыстаецца павышаным попытам. Перспектыўнай задачай для прадпрыемства з’яўляецца павелічэнне аб’ёмаў выпуску гэтай элітнай прадукцыі.

Толькі за апошні квартал мінулага года прадпрыемства выпусціла прамысловай прадукцыі на суму 125 мільярдаў рублёў.

 

З АДХОДАЎ БУДЗЕ ПРАДУКЦЫЯ

Вучні Дзераўнянскай сярэдняй школы праявілі актыўнасць у выкананні даведзеных планаў па зборы другаснай сыравіны – макулатуры, палімераў, тэкстылю, шкла. На 127 працэнтаў выканана заданне па зборы і здачы металалому. У гэтай рупнасці вызначана і іх стараннасць, і адказнасць, і разуменне важнасці гэтай працы, якая эканоміць дзяржаўныя рэсурсы.

У скарбонцы пазабюджэтнай дзейнасці і такая важкая лічба: на 205 працэнтаў ад запланаванага выкананы аб’ём аказання платных адукацыйных паслуг.

Пр

 

АДЗІН ЗАКАЗ – УЖО МІЛЬЯРД

Чатыры значныя заказы Беларускай чыгункі павінны выканаць у першым квартале бягучага года работнікі рамонтна-механічных майстэрань станцыі Стоўбцы.  

– Кожны заказ – коштам адзін мільярд рублёў, звязаны з рамонтам пуцявой тэхнікі. У нас усё ёсць для таго, каб ажыццявіць дагаворныя абавязацельствы своечасова, – падкрэслівае начальнік майстэрань Дзмітрый Федаровіч. 

Перспектыва праглядваецца і на наступныя кварталы, таму што ўжо заключаны дагаворы, здольныя забяспечыць 80 працэнтаў гадавога аб’ёму работ рамонтнікаў. Астатнія 20 працэнтаў, як правіла, – гэта заяўкі бягучага характару.

Сярод партнёраў майстэрань – не толькі аддзяленні Беларускай чыгункі, а і староннія арганізацыі. Да прыкладу, торфабрыкетныя заводы рэспублікі заказваюць рамонт гідраінструмента, будаўнічыя фірмы – выраб грузазахватных прыстасаванняў (для гэтага віду работ майстэрнямі атрыманы дазвол Праматамнагляду), дарожныя арганізацыі, у тым ліку і стаўбцоўскія, – рамонт вузлоў і агрэгатаў дарожных машын і інш. Заказчыкаў прыцягвае ў тым ліку і магчымасць атрымаць паслугі па ўласных эскізах і чарцяжах (пры неабходнасці гатоў аказаць дапамогу ў распрацоўцы ўсёй неабходнай дакументацыі цэнтр механізацыі пуцявых работ з яго канструктарска-тэхналагічным аддзелам, які знаходзіцца ў г. Пінску і ў падпарадкаванні якога знаходзяцца рамонтна-механічныя майстэрні).

Нагадаем і пра гібкасць вытворчасці ў рамонтна-механічных майстэрнях, што дазваляе выконваць імпартазамяшчальныя заказы. Адзін з такіх заказаў цяпер знаходзіцца ў рабоце. Частка яго ўжо выканана і адгружана заказчыку для правядзення выпрабаванняў. Гэта камплект дэталяў для сярэдняга рамонту пуцеўкладачнага крана пуцявой машыннай станцыі 289 «Брэст». Раней такі камплект выраблялі ў Расійскай Федэрацыі, цяпер яго ўзяліся асвоіць на станцыі Стоўбцы.         

Змены адбыліся і ў іншым: згодна з рашэннем райвыканкама ўчастак дрэваапрацоўкі і пагрузачна-разгрузачных работ перададзены РУП «Стаўбцоўскае АКС». Апошнім часам гэты ўчастак (больш вядомы як шпалапрапітка) фактычна не працаваў. Яго поўная нерэнтабельнасць звязана з састарэлым, не адпаведным нормам аховы працы, абсталяваннем.

 

ЗА ВЫКАНАННЕ ЗАДАЧ

Да Дня міліцыі ўпраўленнем унутраных спраў аблвыканкама адзначаны лепшыя супрацоўнікі райаддзела міліцыі.

Сярод адзначаных – і начальнік МРЭА аддзела ДАІ Аляксандр Вайтовіч. У органах ён працуе з 1998 года, на названай пасадзе – з 2012 года. Падраздзяленне, якое ён узначальвае, характарызуецца паспяховым выкананнем задач, пастаўленых перад органамі ўнутраных спраў, стабільнай і бездакорнай рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасцю.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандр Куракевіч вылучаны за праяўленую прафесійную ініцыятыву і забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы. Выпускнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, у райаддзеле ён служыць з 2006 года. У 2014 годзе перспектыўнага супрацоўніка прызначылі начальнікам аддзялення, галоўная задача якога – раскрываць злачынствы.

Падзяка УУС Мінаблвыканкама адрасавана таксама прадстаўніку міліцэйскай моладзі – міліцыянеру-вадзіцелю аўтазака канвойнай групы ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, Паўлу Жуку. Хоць у міліцыі Павел служыць толькі з 2013 года, ён паспеў даказаць, што любіць службу і гатовы несці яе самааддана.

27-га лютага на раённым злёце перадавікоў калектыў райаддзела міліцыі прадстаўляла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Юлія Белавусава, якой уручана Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта.

 

УРОКІ БЯСПЕКІ

З 1 па 18 сакавіка на тэрыторыі Мінскай вобласці і раёна праходзіць прафілактычная акцыя  «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», прысвечаная Сусветнаму дню грамадзянскай абароны.

Сёлета выратавальнікі раёна праводзяць акцыю ў два этапы: на першым сустракаюцца са школьнікамі, на другім – далучаць да яе бацькоў вучняў.

З вучнямі малодшых класаў ладзяцца тэматычныя «Урокі бяспекі», са старшакласнікамі і іх бацькамі – прафілактычныя гутаркі з дэманстрацыяй відэафільмаў. Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі арганізуецца практычная адпрацоўка правіл паводзін і спосабаў абароны ад надзвычайных сітуацый.

– Праблема абароны насельніцтва ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый заслугоўвае асаблівай увагі, – пракаменціравалі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Пры такіх абставінах найбольш падвержаны небяспецы дзеці, для якіх недахоп ведаў і практычных навыкаў могуць закончыцца сумнымі наступствамі. Таму вельмі важна фарміраваць у падрастаючага пакалення культуру бяспекі жыццядзейнасці, праводзіць адукацыйна-выхаваўчую работу ў вобласці абароны ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.

Для дзяцей арганізуецца шмат конкурсаў і іншых мерапрыемстваў творчага характару, што таксама ўяўляе не толькі цікавае, а і карыснае праводжанне часу – з вывучэннем правілаў і нормаў бяспекі.

 

З АБ’ЯДНАННЕМ КАЛЕКТЫВАЎ

У новым годзе ў нашым раёне на адно прадпрыемства стала менш – прадпрыемства меліярацыйных сістэм увайшло ў састаў ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі».

Рашэнне аб далучэнні прынята абласным выканаўчым камітэтам як мера ў адказ на стратную эканамічную дзейнасць ПМС. Пачынаючы з 2014 года, яго даўгі па падатках выраслі да двух мільярдаў рублёў, за энерганосьбіты – да 250 мільёнаў рублёў. Гэта і паслужыла прычынай блакіравання банкаўскага рахунку.  Пытанні па выплаце заробку з цяжкасцямі, але былі вырашаны. Не так даўно завяршылася планавая перадача маёмасці ПМС на баланс ПМК-74. Выконваючым абавязкі ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі»  прызначаны Станіслаў Ваньковіч, работнік былога ўжо ПМС.

– ПМК-74 у сувязі з далучэннем перажывае не самы лепшы час, – адзначае Станіслаў Ваньковіч. – Неабходна вырашыць, што рабіць з базай ПМС, яе вытворчым участкам у Дзераўной. ПМК-74 патрэбы ў іх не адчувае, таму што валодае ўласнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, штатам спецыялістаў. «Лішнія» людзі звальняюцца, але вопытныя кадры бульдазерыстаў, экскаватаршчыкаў мы імкнёмся захаваць. У сувязі з далучэннем калектыў ПМК-74 вырас з 62-х да 94-х чалавек. Амаль усе на даны момант знаходзяцца ў адпачынку без захавання заработнай платы…  

Як будуць вырашацца далей праблемы і з чаго пачнецца ў меліяратараў новы сезон, – пакажа час. ПМК-74 і былое ПМС – аднатыпныя прадпрыемствы, якія займаліся тэхабслугоўваннем і рамонтам меліярацыйных сістэм, працавалі на аб’ектах іх рэканструкцыі. Плануецца, што ў правядзенні гэтых работ наш раён будзе вызначаны прыярытэтным, а фінансаванне пад іх, як і ў мінулыя гады, будзе выдзелена з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

«ВІНШАВАННЕ» СА ШТРАФАМ

35-гадовы жыхар Старога Свержаня паскандаліў не з кім-небудзь, а… з роднай бабуляй. Яго агрэсіўнасць падагрэла спіртное.

Здаецца, дарослы чалавек, а адно нецэнзурнае слова ўслед за другім і – неўзабаве – дайшло да пагрозаў фізічнай расправы над састарэлай жанчынай. Яго грозным «прадказанням» не дала ажыццявіцца міліцыя, а суд пакараў  штрафам на суму 1 050 000 рублёў.

У судзе раёна, на жаль, не рэдкасцю сталі адміністрацыйныя матэрыялы,  у цэнтры якіх – разборкі на сямейна-бытавой глебе. Вось і ў гэтыя святочныя сакавіцкія дні было зафіксавана чатыры падобныя факты. У сувязі з 8 Сакавіка да  дзвюх жанчын, жыхарак Наваколасава і Стоўбцаў, з’явіліся іх былыя мужы. Назваць віншаваннямі іх папрокі, абразлівыя словы і нават прымяненне грубай фізічнай сілы зусім не выпадае… Для кожнага з іх такі «падарунак» ацэнены судом у 2 100 000 рублёў.

Калі аналізаваць міліцэйскія зводкі, то відавочна, што менавіта жанчыны найбольш сустракаюцца сярод пацярпелых. Гэта могуць быць як блізкія людзі – маці, дачка, сястра, бабуля, жонка, цешча і т. п., так і сужыцелька, суседка, калега, знаёмая… Адміністрацыйнае заканадаўства прадугледжвае за падобныя «бяскрыўдныя» скандалы і канфлікты штраф, а таксама адміністрацыйны арышт.  

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *