З удзячнасцю руплівым

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Напрыканцы лютага ў райвыканкаме прайшло мерапрыемства па ўшанаванні пераможцаў раённага спаборніцтва па закупках сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва за мінулы год. У зале сабраліся старшыні сельвыканкамаў, малаказборшчыкі і малаказдатчыкі, якія забяспечылі летась вышэйшыя паказчыкі. А таксама адзначалі лепшых сярод старастаў вёсак.

Урачыстая частка пачалася з узнагароджання сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Пераможцам, як і летась, прызнаны Мікалаеўшчынскі сельвыканкам, дзе закуплена ў разліку на адну карову 1614 кілаграмаў малака. Гэта адзіны сельвыканкам, які выканаў умовы спаборніцтва.

Сярод малаказборшчыкаў вылучыўся Аляксандр Глобаж з Вішнявецкага сельсавета, які сабраў у разліку на адну карову 2245 кілаграмаў малака. Астатнія закупілі менш за дзве тысячы кілаграмаў, таму прызавых месцаў у гэтай намінацыі не прысуджалі. Заахвочвальныя прэміі атрымалі малаказборшчыкі Ганна Коржык (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Надзея Філіповіч (Дзераўнянскі сельсавет), Вікторыя Суднік (Старасвержанскі сельсавет), Валерый Гвоздзь (Шашкоўскі сельсавет) і Баляслаў Гайдук (Рубяжэвіцкі сельсавет).

Сярод малаказдатчыкаў на працягу апошніх некалькіх гадоў няма роўных Іосіфу Паўлаўцу (Старасвержанскі сельсавет), які рэалізаваў у разліку на падвор’е 16 066 кілаграмаў малака. Іосіф Віктаравіч не змяншае колькасці кароў, па-ранейшаму трымае шэсць рагуляў. Ёсць у гэтага дбайнага гаспадара жаданне атрымліваць і надалей прадаваць малако дзяржаве. Ён сцвярджае, што карова была і застаецца карміцелькай для вясковага жыхара.

Ад здачы малака сям’я мае неблагі даход. Іосіф Паўлавец сочыць да прадукцыйнасцю кароў і своечасова замяняе нізкаўдойных. Расказвае, што з кожным годам усё цяжэй трымаць жывёлу, бо ўзніклі пытанні з пашай. Даражэй стала каштаваць сена. Аднак нягледзячы на гэтыя праблемы не адмаўляецца весці хатнюю гаспадарку.

Другое месца зноў у Міхаіла Беця (Дзераўнянскі сельсавет) – 15 524 кілаграмы. У параўнанні з папярэднім годам Міхаіл Іосіфавіч здаў малака на 1590 кілаграмаў больш. Трэцяе месца падзялілі Галіна Пявец і Юрый Рымашэўскі з Мікалаеўшчынскага сельсавета – кожны рэалізаваў па 9576 кілаграмаў малака. Дарэчы, Галіна Іванаўна таксама пастаянна ў прызёрах. Заахвочвальныя прэміі атрымалі Кацярына Навуменка (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Аляксандра Глобаж і  Наталля Барысевіч (Вішнявецкі сельсавет), Мікалай Папоўскі і Віктар Суднік (Старасвержанскі сельсавет).

Старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі шчыра падзякаваў вясковым людзям за тое, што яны займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыі ў сваіх падсобных гаспадарках. Але статыстыка няўмольная і сведчыць, што колькасць кароў з году ў год скарачаецца. Калі пяць гадоў назад у сельсаветах раёна налічвалася 1400 кароў, то сёння – толькі 631. Рагуляў цяпер трымаюць па большасці людзі пенсіённага ўзросту. Маладыя не надта імкнуцца, бо справа гэтая нялёгкая. Ды і для таго каб трымаць карову, трэба жыць і працаваць у вёсцы, а некаторыя ездзяць на работу ў горад. Вялася размова аб разліках з насельніцтвам за здадзенае малако. Не заўсёды выплаты праводзілі своечасова, але справа гэтая ўзята пад кантроль. Аркадзь Расціслававіч падкрэсліў, што адносна невысокія вынікі па закупе мяса. І менавіта свініны. Адбылося гэта ў сувязі з афрыканскай чумой. Аднак свінапагалоўе ва ўласных падсобных гаспадарках паступова аднаўляецца.

На тэрыторыі раёна налічваецца 201 населены пункт. У кожным выбраны стараста. Гэтыя людзі першыя памочнікі і дарадчыкі старшыняў сельвыканкамаў. Менавіта яны вядуць вялікую работу сярод насельніцтва па добраўпарадкаванні вуліц і прысядзібных тэрыторый, навядзенні парадку на могілках. І гэта яскрава паказалі святы вёсак, у арганізацыі якіх старасты прымалі самы непасрэдны ўдзел. Святы спадабаліся не толькі жыхарам, а і іх дзецям, якія спецыяльна прыязджалі ў гэты дзень, дачнікам, гасцям. Усяго адбылося дванаццаць такіх культурных мерапрыемстваў, а сёлета плануецца правесці чатырнаццаць. Толькі без добрага старасты такую работу не падняць. Таму выбіраць на гэтую грамадскую пасаду трэба адказных, умелых і нераўнадушных людзей  – патрыётаў сваіх вёсак.

У спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання першае месца прысуджана старасце вёскі Налібакі Налібацкага сельсавета Іосіфу Жаўнерчыку. Іосіф Уладзіміравіч больш за дзесяць гадоў з’яўляецца нязменным начальнікам гэтага пушчанскага населенага пункта. Згадвае, што людзі ў вёсцы жывуць працавітыя і шчырыя. Чалавек ён даволі актыўны і нераўнадушны да існуючых праблем. Дзякуючы і яго намаганням за апошні год многае змянілася да лепшага, папрыгажэла вёска. Другое месца заняла стараста вёскі Тонава Рубяжэвіцкага сельсавета Аля Мішук. Трэцяе – стараста вёскі Жыгалкі Мікалаеўшчынскага сельсавета Леанід Зіновіч.

Усе пераможцы і прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

 На здымках: малаказборшчыца Вікторыя Суднік; пераможца сярод малаказдатчыкаў Іосіф Паўлавец; старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі віншуе  старасту вёскі Налібакі Іосіфа Жаўнерчыка.

 

БЮДЖЭТНАЯ ДАПАМОГА

Сёлета лён-даўгунец размесціцца ў  раёне на 450 гектарах, што на 100 гектараў больш, чым летась. У папярэднія гады пад гэтую культуру адводзілася амаль удвая большая плошча. Магчыма ў бліжэйшы час дыспарытэт будзе выраўнены. Дзяржава зацікаўлена забяспечыць Аршанскі льнокамбінат якасным беларускім ільновалакном і тым самым зменшыць яго імпарт. Пастаўлена задача адрадзіць ільнаводчую галіну. Ільнаводам нашага раёна ўжо аказана бюджэтная дапамога ў суме адзін мільярд сто мільёнаў рублёў на набыццё складана-змешаных  мінеральных угнаенняў з наборам неабходных для вырошчвання льну мікраэлементаў. Пасеюць «паўночны шоўк» тры сельгаставарыствы: «Рочавічы» – на 200 гектарах, «Шашкі» і «Дзераўное» адпаведна на 150 і 100 гектарах.

 

НАПЯРЭДАДНІ ПАСЯЎНОЙ

На базе ААТ «Вішнявецкі-агра» адбылася нарада. Кіраўнікі гаспадарак пабывалі ў механічнай майстэрні, дзе вядзецца рамонт энерганасычаных трактароў. З-за фінансавых праблем тэмпы невысокія, але справа паступова рухаецца наперад. На мехдвары цікавіліся станам шыроказахопных культыватараў, камбінаваных пасяўных агрэгатаў. Усе яны практычна гатовы да выканання палявых работ. Закрануты і некаторыя іншыя пытанні, якія тычыліся жывёлагадоўчай галіны. Адзін з прыемных момантаў – старшыня райвыканкама Юрый Горлаў павіншаваў дырэктара ААТ «Дзераўное» Мікалая Дроня з юбілеем. Атрымаў юбіляр падарунак і ад кіраўніцтва ААТ «Вішнявецкі-агра», дзе раней працаваў галоўным інжынерам.

 

«ВАЛОЎКА» ВЫРАСЛА

У мінулым годзе тэмпы росту вытворчасці валавой прадукцыі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна ў параўнанні з адпаведным перыядам 2014 года склалі 114 працэнтаў. Найбольш павялічылася «валоўка» ў ААТ «Вішнявецкі-агра», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і «Каганец». І ў той жа час, у трох сельгаставарыствах тэмпы росту знізіліся. Гэта ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Радзіма Дзяржынскага» і «Жацерава».

 

ЛІДЗІРУЕ БАГІНЯ

На фермах раёна налічваецца 314 кароў, ад якіх летась атрымана звыш дзевяці тысяч кілаграмаў малака. З сарака дзесяцітысячніц  дваццаць дзве  ўтрымліваюцца ў ААТ «Вялікі Двор», дванаццаць – у ТАА «СЖК «Налібакі», чатыры – у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і дзве – у ААТ «Каганец». Самая высокаўдойная карова па мянушцы Багіня, ад якой атрымана 11 262 кілаграмы малака, знаходзіцца на МТФ «Пагарэлае» ў групе Зінаіды Ланкевіч. Ёсць карова з надоем 11 147 кілаграмаў і на МТФ «Вялікі Двор».

 

ПАД САЛОДКІЯ КАРАНІ

Згодна з рашэннем аблвыканкама цукровыя камбінаты вобласці адкрылі сёлета крэдытныя лініі для забеспячэння буракасеючых гаспадарак насеннем, ядахімікатамі і мінугнаеннямі пад ураджай бягучага года. Гарадзейскі цукровы камбінат пералічыць васьмі нашым сельгаставарыствам больш за 13 мільярдаў рублёў на набыццё азотных і фосфарных тукаў. Больш сродкаў атрымаюць ААТ «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа», «Дзераўное» і «Рубяжэвічы». Будзе выдзелена і 1200 тон АФК.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *