Уплываць на бацькоў праз працоўныя калектывы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Пашыранае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім падведзены вынікі работы за мінулы год, праходзіла з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў раёна, а іменна – намеснікаў дырэктараў па ідэалагічнай рабоце, каб уплываць на падлеткаў і іх бацькоў і праз калектывы, дзе бацькі працуюць.

На гэтую акалічнасць і неабходнасць звярнуў увагу старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Ім было прапанавана ўдзельнікам пасяджэння спыніцца на найбольш праблемных момантах у рабоце з непаўналетнімі па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, абмеркаванні ходу рэалізацыі Дэкрэта № 18.

На Стаўбцоўшчыне па выніках рэалізацыі комплексу прафілактычных мерапрыемстваў удалося ў 2015 годзе знізіць колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі або з іх удзелам (у 2015 годзе зарэгістравана 16 злачынстваў, у 2014 годзе – 20). Разам з тым, як аб’ектыўна адзначыў у сваім дакладзе начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч, прафілактычную работу з падлеткамі, якія стаяць у інспекцыі на ўліку, і іх сем’ямі нельга назваць у поўнай меры дастатковай. Трывожыць тое, што назіраецца рост парушэнняў падлеткамі антыалкагольнага і іншага заканадаўства. Нярэдка гэтаму спрыяе не толькі сям’я, а і самі суб’екты прафілактыкі. Прыкладам служыць красамоўны факт знаходжання падлеткаў пасля 23.00 на дыскатэцы, выяўлены ў Доме культуры ў Аталезі. За парадкам падчас дыскатэк сочаць і настаўніцка-бацькоўскія патрулі, аднак ніводнага сігналу ад іх работнікам міліцыі не паступае.

Міхаіл Азановіч прывёў такі прыклад: падлетак не мае вадзіцельскага пасведчання, але кіруе матацыклам і ўчыняе сем правапарушэнняў. Раней ён не пападаўся міліцыі, але закон стабільна парушаў. Пры наяўнасці адпаведнай інфармацыі і граматным падыходзе гэтыя правапарушэнні цалкам можна было «спрафілакціраваць», не дапусціць іх. Прычым, працаваць трэба не толькі з падлеткам, а і з яго бацькамі, таму што ім лепш чым каму вядома пра супрацьпраўныя паводзіны сына або дачкі. Увогуле захапленне з боку непаўналетніх, асабліва ў сельскай мясцовасці, матацыкламі і іншымі транспартнымі сродкамі вядзе да шматлікіх парушэнняў правіл дарожнага руху і застаецца праблемай.

Важная міжведамасная задача – занятасць падлеткаў у летні перыяд. Многія школьнікі хацелі б на канікулах падзарабіць, але прапаноў ад прадпрыемстваў – не густа. Трэба прапрацоўваць пытанне з вакансіямі. Акрамя таго, ад дырэктараў школ прагучала прапанова, каб у ліпені – жніўні спланаваць «пад школьнікаў» работу сельскіх дамоў культуры.

На працягу года праводзіцца акцыя «Сям’я без насілля». Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава ўзняла праблему ўзаемадзеяння з інтэрнатамі філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы», ПМК-233, куды нярэдка засяляюцца розныя прыезджыя сем’і. Ніякай дакладнай інфармацыі пра іх не паступае – яны застаюцца ў цені, пакуль не ўсплываюць факты скандалаў і т. п.  У даным выпадку асаблівае значэнне набывае работа па раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці, своечасовым правядзенні сацыяльнага расследавання.

– У раёне праходзіць акцыя  «Сябруем з Законам!»,  – звяртае ўвагу намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. – Адно з запланаваных мерапрыемстваў акцыі – сяброўскі футбольны матч паміж супрацоўнікамі інспекцыі і падлеткамі ў зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Неабходна стварыць з падлеткаў, якія стаяць на рознага віду ўліках, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, каманду вясёлых і знаходлівых, тым больш, што на Стаўбцоўшчыне жыве традыцыя такога руху, – ставіць задачу Наталля Хвасько.   

Апошнім часам у поле зроку сталі часцей трапляць знешне прыстойныя сем’і, дзе дзеці-школьнікі прыцягваюцца да адказнасці за распіванне спіртных напіткаў. На жаль, сярод іх сустракаюцца і гімназісты. «Работу праводзім у цесным супрацоўніцтве з міліцыяй. Накіроўваем пісьмы на прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі, запрашаем іх на пасяджэнні савета прафілактыкі. Вучняў прыцягваем да гуртковай работы», – зазначыў  дырэктар гімназіі Дзмітрый Клімовіч.

Падчас абмеркавання была звернута ўвага на неабходнасць больш якаснай работы з падлеткамі школьнага псіхолага, прычым, яна павінна будавацца дыферэнцыравана, у залежнасці ад характару супрацьпраўнага ўчынка. Што датычыць распівання піва і алкагольных напіткаў, то ў бацькоў неабходна фарміраваць адназначны стэрэатып – іх дзіця будзе пастаўлена на ўлік у інспекцыю з першага разу і т. п.     

Калі ў цэлым з падлеткавай злачыннасцю ёсць станоўчыя зрухі, то ў рэалізацыі Дэкрэта № 18 наш раён мае некаторыя мінусы. Больш выяўлена дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сем дзяцей сталі сіротамі пры жывых бацьках (пазбаўлены бацькоўскіх правоў). 12 дзяцей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў 13-ці бацькоў, з іх восем на той момант нідзе не працавалі…

Сёння на ўліку ў міліцыі знаходзіцца 61 абавязаная асоба. Усе яны працаўладкаваны, але не ўсе рэгулярна выходяць на працу. На прадпрыемствах створаны мабільныя групы, аднак не ўсюды яны высвятляюць прычыны адсутнасці абавязанай асобы на працоўным месцы. Працэнт спагнання сродкаў з абавязаных асоб складаў на канец 2015 года 54,5 працэнта. Пытанне рэалізацыі Дэкрэта № 18 разглядалі на каардынацыйнай нарадзе, сесіі раённага Савета дэпутатаў. Варта адзначыць станоўчую работу з абавязанымі асобамі ў калектывах цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ «Дзераўное» і райспажыўтаварыства, дрэнную – у ААТ «Вішнявецкі-агра». Неабходна выкарыстоўваць усе рычагі ўздзеяння, каб дзеці не засталіся без бацькоў.

Нарада завяршылася прыемным – узнагароджаннем лепшых работнікаў сацыяльна-педагагічнай службы раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *