Выбрала нялёгкую прафесію

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

5659
У жывёлагадоўлі ўсе прафесіі важныя, але справа тэхніка-асемянатара асаблівая і, без перабольшвання, з’яўляецца асновай галіны. Гэтыя спецыялісты працуюць на перспектыву, на будучае малако. І значнасць іх работы сёння цяжка пераацаніць. У гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, верныя сваёй справе людзі, як правіла, работа па ўзнаўленні статка праводзіцца на высокім узроўні. Там заўсёды добрая захаванасць маладняку, ёсць малако і мяса, а ў канчатковым выніку і высокі ўзровень эканомікі.
Кацярына Кухарчык (на здымку) працуе тэхнікам-асемянатарам у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» амаль пяць гадоў. За гэты час набыла вопыт і стала адным з лепшых спецыялістаў прадпрыемства. Па выніках работы за мінулы год Кацярына Кухарчык займае другое месца сярод супрацоўніц.
– Кадравы састаў тэхнікаў-асемянатараў у нас немалады, працуюць і жанчыны пенсіённага ўзросту, – сказаў галоўны заатэхнік Уладзімір Жукаў. – Кацярына па ўзросце для ўсіх як дачка, але не ўступае ў працы. Выконвае немалы аб’ём работы. Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі і нават удвайне перавыконвае даведзеную норму. Вызначаецца высокай адказнасцю за даручаную справу. Старанная. Належным чынам вядзе дакументацыю. Добра валодае камп’ютарам. Адна з галоўных рысаў яе характару – імкненне працаваць яшчэ лепш. Кацярына Кухарчык не толькі выконвае сваю асноўную работу, а і праводзіць вакцынацыю і вітамінізацыю жывёлы. Мы навучылі яе і лячыць кароў, бо было ў спецыяліста такое жаданне. Кацярына Ігараўна вельмі перажывае за выбыццё жывёлы, бо ведае, што для таго, каб вырасціць карову, патрэбна не менш за тры гады. Таму да апошняга змагаецца за кожную рагулю, маўляў, вылечу і атрымаю прыплод. І гэта ў яе атрымліваецца.
Кацярына Кухарчык абслугоўвае дзве малочнатаварныя фермы – «Ячнае № 2» і «Ячнае № 3». А гэта 320 кароў і цялушкі ўзнаўлення. Самае асноўнае ў рабоце тэхніка-асемянатара – своечасовае выяўленне кароў у ахвоце і тэрміновае іх асемяненне.
– Пастаянна прысутнічаю на прагулках кароў і назіраю за жывёлай, – расказвае Кацярына Ігараўна. Дапамагаюць мне ў гэтай справе і аператары машыннага даення. Асемяняю кароў не толькі спермай, якую пастаўляе нам райплемстанцыя, а і спермай канадскіх быкоў, якую атрымліваем з Нясвіжскай племстанцыі. Удзячна нашаму галоўнаму заатэхніку за падтрымку, бо калі выпадае неабходнасць узяць выхадны, ён заўсёды мяне выручыць – заменіць і выканае неабходную работу.
Нярэдка жанчына затрымліваецца на працы і да позняга вечара, бо бывае такая неабходнасць у спецыфіцы яе работы. Справа, якую выконвае Кацярына Кухарчык, нялёгкая. І, так бы мовіць, непрэстыжная. Практычна без выхадных, таму нямнога знаходзіцца жадаючых заняць вакантныя месцы тэхнікаў-асемянатараў. Прыйшла жанчына працаваць у гаспадарку, калі ёй было крыху за дваццаць. Патрэбна было жыллё, і гэтая акалічнасць адыграла першачарговую ролю. Скончыла курсы ў Сенніцы. Зразумела, што пасля папярэдняй работы ў рэстаране ўражанне далёка не з лепшых. Але паступова Кацярына Ігараўна прывыкала і сёння цалкам задаволена ўмовамі і аплатай працы. І жыллёвымі таксама – выдзелілі дом у Заямным, дзе яна пражывае з мужам і сынам, які летась пайшоў у першы клас. Мяркуе і далей працаваць у жывёлагадоўчай галіне. Летась паступіла на завочнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці заатэхнія.
Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *