Гісторыя і сучаснасць

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна са Стаўбцоўскім благачыннем з 9 па 12 сакавіка правялі Тыдзень праваслаўнай кнігі.

Гэтая асветніцкая акцыя – традыцыйная ў нашым раёне. І праводзіцца ў сакавіку, калі адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі, прыўрочаны да даты выхаду ў 1564 годзе першай на Русі друкаванай кнігі Івана Фёдарава «Апостал».

І ў гэтым годзе ва ўстановах адукацыі, дзіцячай раённай бібліятэцы былі распрацаваны праграмы тыдня, якія ўключалі адметныя мерапрыемствы з запрашэннем свяшчэннаслужыцеляў мясцовых храмаў. Вучні маглі даведацца аб першых друкаваных выданнях, пазнаёміцца з кнігамі Свяшчэннага Пісання, з выданнямі выдавецтва Беларускага Экзархата, з праваслаўнымі дзіцячымі перыядычнымі выданнямі, як часопісы «Лучик света», «Колыбель». Вучні даведаліся аб стваральніках першай славянскай азбукі Мяфодзію і Кірылу, аб беларускіх асветніках Кірылу Тураўскім і Ефрасінні Полацкай. У школах адбыліся прэзентацыі кніг дзіцячага праваслаўнага аўтара і педагога Барыса Ганагі. Праваслаўныя кнігі не толькі яркія і прыцягальныя па паліграфічным афармленні, але і вучаць дабру, міласэрнасці, суперажыванню, выхоўваюць любоў да бліжняга і дапамагаюць убачыць свет ва ўсёй яго дзіўнай шматвобразнасці. Яны з’яўляюцца пуцяводнай зоркай у радасны свет Праваслаўя. Па традыцыі, настаўнікі некаторых школ арганізавалі для вучняў экскурсіі ў храмы, што дазволіла ім бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю, са святынямі сваёй зямлі.

Конкурсы малюнкаў, прагляд фільмаў на духоўную тэматыку, класныя і інфармацыйныя гадзіны, завочныя падарожжы па святых месцах, чытальніцкія канферэнцыі, віктарыны прыблізілі вучняў да праваслаўнай кнігі – скарбніцы вечнай мудрасці. У кнігах утрымліваецца вопыт папярэдніх пакаленняў, мудрасць, якая была набытая да нас, і вельмі важна наступным пакаленням спасцігнуць гэтую мудрасць. Тыдзень праваслаўнай кнігі выконвае ролю школы добрых учынкаў – садзейнічае перадачы падрастаючаму пакаленню нормаў маральнасці, правільных установак, якія дапамогуць ім у любой жыццёвай сітуацыі захаваць хрысціянскія адносіны да навакольнага свету.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *