Вяселля ды смеху – па цэламу меху!

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

«Гэй, людзі, збірайцеся, птушкі, – злятайцеся: час надышоў карагод веснавы завесці! Гару сырам набівалі, зверху маслам палівалі! Зіма са снегам, вясна са смехам сышлі з дарожкі, бяруцца ў рожкі!» Пэўна ж, чытач ужо пазнаў пазыўныя вясёлага народнага свята Масленіца. Ніхто не мог прайсці міма падворка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, каб не прыпыніцца, не пачаставацца залацістымі блінцамі. Раскошную Масленіцу падрыхтавалі педагогі дадатковай адукацыі і гурткоўцы – стаўбчанам можна было не толькі падзівіцца, але і далучыцца.

Аўтарам сцэнарыя, у які былі ўключаны фальклорныя прыгажосці народнага свята, выступіла культарганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіна Жукава. Патрабавалася нямала працы, каб адшукаць гэты матэрыял, умела яго сплесці ў сцэнарый і падрыхтаваць дзяцей – выканаўцаў роляў. Выдатнае музычнае суправаджэнне фальклорнаму святу падрыхтавала майстар сваёй справы кіраўнік гуртка «Вакал» Вольга Цяўлоўская. Члены гуртка маглі спаўна паказаць свае таленты – раздолле было песням-весялухам на ўлонні.

 «Хто мяне тут праганяе, хто Вясну ўжо чакае?» – не здаецца Зіма (педагог Жанна Луцік). Прыйшла Баба Снегавуха (педагог Юлія Сінянкова), мех набіла снежным пухам. З роляю Скамарохаў выдатна справіліся Дзмітрый Янушкевіч і Ілля Янюк, яны не давалі сумаваць нікому. А тут і арганізатары свята паклапаціліся падабраць загадкі пра зіму і вясну, арганізаваць віктарыны, вясёлыя конкурсы, жарты і гульні – «Хто трапіць сняжком у вядро?»,»Бег са снежным камяком», «Накрыж», танец-гульню «Лявоніха».

Кладаўшчык (педагог Наталля  Кутас)  строга звяртаецца да Бабы Снегавухі: «Прашу, паважаная, здаць інвентар па акце ў кладоўку: кій і каструлю, мятлу і маркоўку!» Запрашае Вясна (педагог Вольга Страшко): «Настае зараз гадзіна песні пець і танцаваць, ды пад песні веснавыя ўсім блінцоў пакаштаваць з маслянай начынкаю ды з пуховаю пярынкаю!»

Апетытна пыхцелі самавары, духмяная дамашняя выпечка будзіла апетыт. Частуйцеся ўсе, калі ласка!

Многія, хто паўдзельнічаў у гэтым свяце, былі ў захапленні і добрае слова адрасавалі педагогам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і выхаванцам установы дадатковай адукацыі. Яны сумелі арганізаваць дзяцей, заняць іх карыснай справай, даць ім магчымасць прадэманстраваць свае таленты, пабыць на свежым паветры, павесяліцца, зарадзіцца бадзёрым настроем. На свята былі запрошаны вучні гімназіі № 1 і стаўбцоўскіх школ.

Вельмі важна і тое, што педагогі бяруць на сябе клопат захаваць векавую нацыянальную культуру ў традыцыйных старадаўніх святах, абрадах і звычаях. Спрадвеку Масленіца суправаджалася шумнымі гуляннямі напярэдадні Вялікага Посту. І ў народзе гэта не было святам празмернага ўжывання смачнай стравы і бяздумнага вяселля. Гэта быў самы падыходзячы момант перад постам для духоўнага ачышчэння, прымірэння з усімі, з сардэчнай гасціннасцю сустрэць усіх, шчодра пачаставаць, разам правесці прыемныя гадзіны, гэта быў час для дабрачыннасці.

Няхай жывуць добрыя традыцыі ў ініцыятывах творчых людзей!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З СЯБРАМ БАЯНАМ

Выхаванцы педагогаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Сяргея і Людмілы Крамко і Ганадзя Несялоўскага працягваюць паказваць сваё высокае выканальніцкае майстэрста на конкурсах юных музыкантаў.

Яны вярнуліся з І Міжнароднага конкурсу «Мой сябра – баян», які адбыўся ў Гомелі.

Паслухаць юных выканаўцаў на баяне і акардэоне прыехалі вядомыя дзеячы мастацтваў з розных краін. Напрыклад, журы ўзначаліў лаўрэат міжнародных конкурсаў, пераможца «Кубка свету-2015» Леў Лаўроў з Расіі.

Паспяхова выступіў Дзмітрый Хвалей – ён удастоены лаўрэацкага дыплома І ступені і грашовай прэміі. Выкладчык С. В. Крамко таксама адзначаны журы дыпломам за высокае педагагічнае майстэрства.

Дыпламантам конкурсу ў малодшай групе стала Ганна Абрамовіч, з якой паспяхова працуе педагог Л. С. Крамко.

Вучні Г. У. Несялоўскага Лявон Несялоўскі і Паліна Міткевіч атрымалі дыпломы ўдзельнікаў конкурсу.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *