У пытанні павышэння пенсіённага ўзросту трэба ісці ад жыцця

Нумары

image_pdfimage_print

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў пытанні павышэння пенсіённага ўзросту трэба ісці ад жыцця, улічваючы рэальныя працэсы ў дэмаграфічнай абстаноўцы і не пагаршаючы матэрыяльнага становішча. Аб гэтым ён заявіў 10 сакавіка на нарадзе, прысвечанай абмеркаванню пытанняў развіцця пенсіённай сістэмы.

Адбываюцца значныя змяненні ў структуры грамадства, дзе колькасць работнікаў скарачаецца, а колькасць пенсіянераў пастаянна расце. Так, на 100 працуючых прыпадае больш за 60 пенсіянераў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтая тэндэнцыя будзе абвастрацца і прапорцыі будуць разыходзіцца.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго здзіўляе ў сацыялагічных даследаваннях, што працуючая частка насельніцтва нармальна ўспрымае павышэнне пенсіённага ўзросту, а не падтрымліваюць гэтую меру пенсіянеры. «І я зразумеў, што ў нас ідэолагі і ўрад проста недапрацоўваюць. Пенсіянерам трэба растлумачыць: не дай Бог, мы паўстанем перад фактам, што нам давядзецца паніжаць пенсію! – адзначыў Прэзідэнт. – Вось гэтага нельга дапусціць. Таму што ў нашых пенсіянераў і так пенсіі невялікія. І скарачаць пенсіі ні ў якім разе нельга».

Прэзідэнт закрануў і яшчэ адзін бок гэтай праблемы. Калі ў краіне пойдуць на павышэнне пенсіённага ўзросту, то неабходна будзе ствараць яшчэ больш рабочых месцаў. І, на яго думку, гэта будзе добрым стымулам для стварэння рабочых месцаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта павінна не проста ўлічвацца, а быць добра падлічана.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што ў выпадку павышэння пенсіённага ўзросту гэты працэс будзе, хутчэй за ўсё, паэтапным, каб насельніцтва адаптавалася.

«Трэба рабіць усё акуратна, – адзначыў Прэзідэнт.  – І калі мы гаворым аб тым, што чалавек – галоўнае ў нашай палітыцы, трэба ўсё ж такі прыслухоўвацца да чалавека або пераконваць яго, як мы гэта і робім».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць справядлівым, калі павышэнне пенсіённага ўзросту закране ўсіх. «Але трэба ўлічваць усё: розніцу працягласці жыцця мужчын і жанчын, спецыфіку горада і вёскі, умовы працы ў некаторых сферах і іншыя фактары», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што сярэдняя працягласць жыцця ў краіне павялічылася ў параўнанні з 90-мі гадамі мінулага стагоддзя. «Таму 55-60 гадоў – гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пенсіянерка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пенсіянерка, давай папрацуй – іншая нейкая думка. У 60 гадоў мужык – гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а трохкорпусны зачапіць і пацягне», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Не хачу ўжо тут гаварыць пра нашых праслаўленых прадстаўнікоў сілавых структур, якія сёння ў прынцыпе ў 45 гадоў могуць пайсці на пенсію. Больш за 90 працэнтаў могуць пайсці ў 45 гадоў на пенсію. І што ж гэта за пенсіянер у 45 гадоў?! Лічу, будзе справядліва, калі пытанне павышэння пенсіённага ўзросту закране ўсіх», – лічыць Прэзідэнт.

«Трэба ўважліва і ўсебакова разгледзець усе аспекты тэмы, якую абмяркоўваем, і выпрацаваць найбольш аптымальныя варыянты, каб наша пенсіённая сістэма была надзейная і працавала без збояў на карысць людзей», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Я доўга думаў над гэтай праблемай і буду зыходзіць з аднаго прынцыпу, якім я карыстаюся заўсёды: не працэсы, што адбываюцца ў грамадстве, эканоміцы, павінны кіраваць намі, а мы павінны кіраваць гэтымі працэсамі. І калі сітуацыя цярпіма, можна цярпець, але калі яна набліжаецца да таго рубікона, які немагчыма дапусціць і перайсці, значыць, трэба прымаць рашэнне, каб потым гэтыя працэсы не кіравалі намі, таму што гэта будзе сабе даражэй як у палітыцы, эканоміцы, так і ў фінансах», – лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што нават у самых багатых краінах пенсіённы ўзрост значна вышэйшы, чым у Беларусі: дзесьці на пяць, дзесьці на 10 гадоў. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Германію, у якой, паводле яго слоў, пенсіёны ўзрост надыходзіць у 67 гадоў.

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку былі прапанаваны тры варыянты павышэння пенсіённага ўзросту, яны эканамічна падлічаны, у тым ліку з прыцягненнем вучоных.

Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65. Прааналізаваўшы дэмаграфічныя працэсы, прапанаваны таксама варыянт выхаду на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын – у 63 гады. Трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсіённага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 – для мужчын.

Што датычыць тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсіённы ўзрост, то найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам паўгода. Прапануецца разгледзець магчымасць паэтапнага павышэння пенсіённага ўзросту з 1 студзеня 2017 года.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *