Працаваць так, каб быць неабходным

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Вадзіцель-экспедытар Юрый Мастоўскі, які  прадстаўляў на раённым злёце перадавікоў калектыў Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»,  за добрасумленную працу адзначаны падзякай райвыканкама.

Новы завод на месцы былога садавіна-агародніннага завода фактычна падымаўся на вачах Юрыя Міхайлавіча. Пяць гадоў таму, калі ён уладкоўваўся сюды на працу, усё сур’ёзнае толькі пачыналася. За пераменамі ён  і яго калегі не проста сачылі збоку, а мелі магчымасць аказаць пэўную дапамогу, унесці свой уклад. Напрыклад, яны наводзілі парадак на тэрыторыі пасля правядзення будаўнічых работ. І цяпер не адмаўляюцца папрацаваць на суботніку, каб завод іх выглядаў чыстым і добраўпарадкаваным, каб раніцай хацелася ісці сюды з думкай аб тым, што і твая праца прыносіць карысць.

Юрый Мастоўскі на сваім аўтамабілі МАЗ-4370, аснашчаным ізатэрмічным кузавам, заняты пераважна на дастаўцы гатовай прадукцыі завода па розных рэгіёнах нашай рэспублікі (шмат яе адгружаецца і ў краіны Мытнага саюза). З улікам таго што прадукцыя высокай якасці, разнастайнага асартыменту і робіцца на карысць людзям,  развозіць яе асабліва прыемна. У буйныя гандлёвыя сеткі дастаўляюцца розныя віды сокаў і нектараў, павідла, гароднінныя пюрэ, на малочныя заводы і камбінаты – фруктова-ягадныя напаўняльнікі, якія можна назваць новым імпартазамяшчальным відам прадукцыі. Раней, калі на заводзе сокі і нектары разлівалі ў трохлітровы шкляны посуд, Юрый Міхайлавіч напрамую абслугоўваў сацыяльныя ўстановы – бальніцы, школы і т. п. Цяпер упакоўка ў вітаміннай прадукцыі ад стаўбцоўскіх перапрацоўшчыкаў адпавядае самым сучасным патрабаванням і густам заказчыкаў. Вадзіцель-экспедытар імкнецца даставіць яе ў тым нязменным выглядзе, у якія яна  сышла з канвеера.

Грузападымальнасць аўтамабіля – каля пяці тон. «Я нясу адказнасць за груз, працую з дакументацыяй і грузаатрымальнікамі», – расказвае пра свае абавязкі Юрый Міхайлавіч. – З раніцы паехаў у рэйс, а калі вярнуся з яго – залежыць ад многіх акалічнасцяў. – Усю Беларусь аб’ехаў!» – міжволі заўважае ён.

Аўтамабіль яму дастаўся новы. І ён падтрымлівае яго ў такім стане і праз пяць гадоў эксплуатацыі. Аўтамабіль жа – кармілец, таму, натуральна, заўсёды на хаду, на лініі. І вадзіцель не лянуецца «здзімаць» з яго пылінкі. За гэтыя і іншыя прафесійныя якасці кіраўніцтва завода прызнавала Юрыя Мастоўскага лепшым вадзіцелем прадпрыемства. Ён жа гаворыць пра сваіх калегаў: «Вадзіцельскі калектыў на заводзе невялікі, але вельмі граматны, дружны».

І ў жыцці асабістым Юрый Міхайлавіч мае нямала дасягненняў. Любімая жонка. Двое дзяцей. Трое ўнукаў. Дом, пабудаваны ўласнымі рукамі. Свая лазня. Ёсць хобі – сад, цяпліца, якім аддае ўвесь свой вольны час… У мінулым годзе адзначыў свой паўвекавы юбілей. У знак павагі на прадпрыемстве яго віншавалі на самым высокім узроўні, з непасрэдным удзелам дырэкцыі, прафсаюзнага камітэта. Падарунак на памяць – карціна – упрыгожыў дамашні інтэр’ер, а яшчэ – ён грэе душу і радуе вока, настройвае працаваць так, каб прыносіць карысць іншым.          

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *