Чалавек і справы

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

І інжынер дасведчаны, і камбайнер перадавы

Віктар Дошчачка працуе інжынерам-механікам у ТАА «СЖК «Налібакі». Віктар Тамашавіч з сялянскай сям’і, нарадзіўся і вырас у Прудах.

Пачынаў працоўную дзейнасць пасля заканчэння Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума ў калгасе «Налібоцкі».

Віктар Тамашавіч – вопытны спецыяліст. Яго працоўны стаж налічвае васямнаццаць гадоў. Акрамя гэтага, з сезона ў сезон,  на перыяд жніва, ён садзіцца на камбайн і ўбірае хлеб. Прымаў удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2006», які праходзіў у Бабруйску.

Сёлета ў таварыстве ў некалькі разоў пабольшала зямлі і, зразумела, прыбавілася тэхнікі, якую неабходна было рыхтаваць да пасяўной. З задачай рамонтнікі справіліся, паставілі на лінейку гатоўнасці трактары і сельгасмашыны своечасова.

 

каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў

Міжрэгіянальны семінар на тэму «Бяспечная праца – залог пасяўной і ўборачнай кампаній 2016» прайшоў ва Уздзе. У ім прынялі ўдзел галоўныя спецыялісты па ахове працы райсельгасхарчаў, інжынеры па ахове працы і галоўныя інжынеры сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пяці раёнаў вобласці – Стаўбцоўскага, Уздзенскага, Клецкага, Дзяржынскага і Нясвіжскага. Ад нашага раёна на пасяджэнні прысутнічалі 25 чалавек.

Падобныя мерапрыемствы праводзяцца штогод  і накіраваны на папярэджанне няшчасных выпадкаў і ў першую чаргу падчас правядзення масавых палявых работ. 

Адкрыла семінар першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Таццяна Дамарацкая. Удзельнікі семінара праслухалі выступаючых па некалькіх тэмах. У прыватнасці, аб пажарнай і  транспартнай бяспецы з дэманстрацыяй фільмаў, заснаваных на рэальных падзеях. Вялася размова аб асноўных парушэннях, якія звычайна маюць месца падчас правядзення масавых сельскагаспадарчых работ. Адначасова і аб патрабаваннях па ахове працы, якія прад’яўляюцца да сельгаспрадпрыемстваў па папярэджанні гібелі і траўміравання людзей. На гэтую тэму з дакладам выступіў галоўны дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Уладзімір Савіцкі, які прывёў прыклады няшчасных выпадкаў, якія адбыліся ў вобласці, засяродзіўшы на іх асаблівую ўвагу, каб у будучым дапушчаныя памылкі не паўтараліся.

Падрабязна разглядаўся парадак накіравання работнікаў з іншых арганізацый для аказання дапамогі вяскоўцам. Не засталіся па-за ўвагай і такія пытанні, як забеспячэнне занятым на палявых работах належных бяспечных умоў працы і быту, асабліва пры абслугоўванні электрыфіцыраваных механізмаў і перасоўных электрычных машын на аб’ектах уборкі ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў, рабоце ў ахоўных зонах паветраных ліній электраперадачы.

Аб расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці расказаў (быў паказаны і відэафільм) намеснік старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Філімонаў.

Як падкрэсліла галоўны дзяржаўны інспектар па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы райсельгасхарча Людміла Магер, у гэтым годзе ўвага была сакцэнтавана не толькі на прытрымліванні правілаў аховы працы на перыяд пасяўной, а і на жніве.

 

ТРЫМАЮЦЬ СПРАВАЗДАЧЫ

У сельскагаспадарчых таварыствах раёна пачаліся сходы акцыянераў, на якіх падводзяцца вынікі работы за мінулы год і намячаюцца планы на бягучы. Першым трымала справаздачу кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі». Дарэчы, на гэтых  гадавых мерапрыемствах не толькі агучваюцца лічбы, а і ўшаноўваюцца лепшыя работнікі, якія дасягнулі летась найвышэйшых паказчыкаў у працы. Прайшлі сходы ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Жацерава», «Радзіма Якуба Коласа», «Рочавічы», «Рубяжэвічы» і «Вялікі Двор».

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *