Як рыхтуемся да пасяўной

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

На пасяджэнні райвыканкама заслухана інфармацыя аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да веснавых палявых работ. Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень, работа вядзецца, распрацаваны заданні па забеспячэнні вытворча-эканамічных паказчыкаў сёлетняга года. 

Яравыя культуры ў гэтым годзе размесцяцца на плошчы 25 943 гектары, у т. л. збожжавыя і зернебабовыя зоймуць 10 586  гектараў. Пад бульбу і цукровыя буракі адведзена адпаведна 834 і 3100 гектараў, пад лён – 545, пад гародніну – 82. На зялёны корм будзе пасеяна 7527 гектараў кукурузы, на зерне – 130. Аднагадовыя травы зоймуць у севазвароце плошчу 2937 гектараў, шматгадовых падсеюць на 4600 гектарах, перазалужэнне будзе праведзена на 2480.

Запланавана атрымаць у амбарнай вазе 93 644 тоны збожжавых і зернебабовых, 7913 – масланасення рапсу, 170 500 – цукровых буракоў, 30 040 – бульбы, 1800 – ільнотрасты, 1400 – гародніны, 230 351 – зялёнай масы кукурузы, 57 246 – зялёнай масы з аднагадовых траў.

Праведзеныя доследы паказваюць, што азімыя збожжавыя і рапс на большай плошчы перазімавалі няблага, аднак ёсць участкі, засмечаныя пустазеллем і самасейкай папярэдняй культуры. Падкрэслівалася, што ніводная гаспадарка не завяршыла восенню хімпраполку ў поўным аб’ёме, таму з сямнаццаці тысяч гектараў азімага кліну даны агратэхнічны прыём неабходна правесці на 13,2 гектара вясной. Ён будзе выконвацца адначасова з падкормкай азімых азотнымі ўгнаеннямі, а гэта змяшчэнне тэрмінаў і як вынік – страты ўраджаю. На плошчы 5,2 тысячы гектараў неабходна правесці ворыва, больш за іншых – у ААТ «Шашкі», «Вішнявецкі-агра», «Дзераўное» і «Рочавічы».

Для забеспячэння падсявання шматгадовых траў на пашы, перазалужэння палепшаных сенакосаў і пашаў, стварэння шматкампанентных пашаў у сельгасарганізацыях засыпана 98 тон насення кандыцыйных шматгадовых траў, што склала 85 працэнтаў да задання. У наяўнасці 27 тон насення люцэрны, насення якога не хапае, гаспадаркі закупяць самастойна. Не займаюцца насенняводствам бабовых траў і не маюць уласнага насення ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ААТ «Жацерава». ААТ  «Дзераўное» і «Радзіма Якуба Коласа» маюць невялікую колькасць. А вось у «Агранёманскім» у наяўнасці 18 тон кандыцыйнага насення канюшыны лугавой, у «Вялікім Двары» – адзінаццаць, у «Шашках» – чатыры.

У наяўнасці 60 тон насення кукурузы. Насенне замежнай селекцыі на плошчу 900 гектараў плануецца закупіць праз «Мясамалпрам». На астатнюю плошчу гаспадаркі павінны набыць яго ў айчынных вытворцаў самастойна. Для сортаабнаўлення і сортазмены заказана ў элітгасах вобласці 213 тон насення збожжавых і зернебабовых культур. Элітгас  «Агранёманскі» закупляе 14 тон насення новых перспектыўных сартоў высокіх рэпрадукцый.

Для павелічэння ўрадлівасці ў глебу ўносяцца арганічныя ўгнаенні. Пры заданні 530 тысяч тон, пад яравую сяўбу нарыхтавана звыш 515 тысяч (98 працэнтаў), вывезена 93 працэнты, а вось унесена толькі 32 працэнты.

Пад яравую сяўбу па стане на 4 сакавіка назапашана 6,4 тысячы тон мінеральных угнаенняў у дзеючым рэчыве, або 43 працэнты да патрэбнасці.

Запатрабаванасць сельгаспрадпрыемстваў у сродках абароны раслін складае 98,3 тоны на суму 11,1 мільярда рублёў. Набывацца яны будуць гаспадаркамі самастойна па выніках праведзенага ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» тэндара.

На веснавой сяўбе будуць задзейнічаны 372 трактары, з іх 51 – энерганасычаны. Механізатары забяспечваюцца спецадзеннем. Сельгасарганізацыі працягваюць супрацоўніцтва з раённым камбінатам бытавога абслугоўвання, які выканаў летась большую частку заказаў па яго пашыве. Патрабаванне да спецадзення – абавязковая наяўнасць святлоадбівальных элементаў. 

Ва ўсіх гаспадарках выдадзены загады па арганізацыі перадрэйсавага кантролю вадзіцеляў і механізатараў перад выездам на работу з прымяненнем алкатэстара. Паводле праведзеных праверак такіх прыбораў у некаторых гаспадарках недастаткова і не ўсюды яны своечасова павяраюцца. Работнікі, якія працуюць з ядахімікатамі, пройдуць медыцынскія агляды. Для ажыццяўлення пажарнай бяспекі падчас правядзення сельгасработ самаходныя машыны камплектуюцца двума парашковымі вогнетушыцелямі. Будзе арганізавана і праведзена навучанне работнікаў па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Ёсць неабходнасць даўкамплектавання аптэчак першай медыцынскай дапамогі ў васьмі сельгасарганізацыях. Асноўная ўвага, як і заўсёды, удзяляецца ахове працы.

Галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч выступіў з інфармацыяй па прывядзенні ў адпаведнасць сталовых і санітарна-бытавых памяшканняў у рамонтна-механічных майстэрнях. Да 15 красавіка сталовыя павінны быць належным чынам падрыхтаваны да работы. Адзначалася, што практычна ва ўсіх гаспадарках патрэбна аднавіць работу або правесці рамонт душавых.

У адпаведнасці з вышэйпададзеным матэрыялам райвыканкамам прынята адпаведнае рашэнне.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *