Адукацыя, выхаванне

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

0348
Інструментарый педагога
У адной з намінацый у прафесійным майстэрстве сапернічалі выхавацелі дашкольнай адукацыі. Пасля адборачнага тура ў ІІ этапе першага завочнага тура рэспубліканскага конкурсу прынялі ўдзел 10 педагогаў, якія падрыхтавалі на суд журы пісьмовае прадстаўленне праекта адкрытых заняткаў, самапрэзентацыю ў электроннай форме, завочнае пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме «Навучаючы, я выхоўваю…». У другім туры канкурсанты прайшлі і псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Ім давялося прадставіць на суд калег і камісіі адкрытыя заняткі ў незнаёмай групе ясляў-сада № 7 г. Стоўбцы.
Па выніках гэтых заданняў былі вызначаны фіналісты для ўдзелу ў заключным этапе ІІ тура конкурсу, які адбыўся на базе Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга». У фінале спаборнічалі выхавацелі ясляў-сада № 5 Ірына Харкова, Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга» Марына Семяняка, Дзераўнянскіх ясляў-сада Таццяна Патоцкая, Коласаўскіх ясляў-сада Ганна Дземідовіч, Шашкоўскага дзіцячага сада Людміла Бізгень.
З прывітальным словам да ўдзельніц прафесіянальнага конкурсу звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юрый Ларычэў.
Усе канкурсанты справіліся з напружаннем і сумелі ярка і ўмела раскрыць свае прафесійныя сакрэты, метады, якія яны выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі. Кожны з іх мае сваю асабістую думку, што патрэбна захаваць, а што – змяніць у дашкольнай адукацыі, каб работа выхавацеля была эфектыўнай і радаснай. Падчас прафесійнага саперніцтва канкурсанткі прадставілі свае методыкі выкладання, правялі адкрытыя заняткі з дзецьмі ў незнаёмай групе, якія сталі своеасаблівым майстар-класам перад калегамі.
Пасля завяршэння выпрабаванняў усе чакалі абвесткі аб выніках конкурсу: хто найлепш справіўся з нервамі і конкурснымі патрабаваннямі? Пераможцай па колькасці набраных балаў аб’яўлена Людміла Бізгень, якой належыць прыняць удзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу. Людміла Васільеўна 17 гадоў працуе ў Шашкоўскім дзіцячым садзе. Выхавацель першай кваліфікацыйнай катэгорыі, яна стараецца будаваць заняткі так, каб дзецям было цікава. Шмат дэманстрацыйнага матэрыялу рыхтуе сама, навучанне вядзе праз дыдактычныя і развіваючыя гульні. Выхавацелю ўдаецца працаваць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, выкарыстоўваць групавую і індывідуальную работу з дзецьмі. Шмат працуе над самаадукацыяй, вывучае навінкі метадычнай літаратуры, чытае часопісы па дашкольнай адукацыі. І сама бачыць задачу ў тым, каб распаўсюджваць лепшыя практыкі і методыкі дашкольнай адукацыі. На яе нястомную працу, самаахвярнасць дзеці адказваюць любоўю і прыхільнасцю. Людміла Васільеўна стараецца дапамагчы кожнаму дзіцяці развіць індывідуальныя здольнасці, а яны ёсць у кожнага. Узаемаразуменне з выхаванцамі дапамагае ёй знаходзіцца ў свеце дзяцінства.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Смірнова падкрэсліла:
– Конкурс паказаў высокі прафесійны ўзровень педработнікаў у дашкольнай адукацыі. Канкурсанты прадэманстравалі высокі прафесійны ўзровень, панавала атмасфера салідарнасці і супрацоўніцтва. Значнасць дашкольнай адукацыі цяжка пераацаніць. Менавіта ў гэтым узросце закладваецца фундамент асобы маленькага чалавека, фарміруецца будучае нашых дзяцей, а значыць – і будучае Беларусі.
Канкурсанткі таксама засталіся задаволеныя арганізацыяй прафесіянальнага конкурсу і каштоўнымі падарункамі, якія прафінансаваў аддзел адукацыі, спорту і турызму.
На здымку: плённая праца журы.
Фота Васіля ЗЯНЬКО

У супрацоўніцтве са свяшчэннікам
У сярэдняй школе № 3 адбылася запланаваная сустрэча з настаяцелем Свята-Уваскрэсенскага прыхода г. Стоўбцы протаіерэем Віталіем Шарковым.
Актавую залу разам са сваімі класнымі кіраўнікамі запоўнілі вучні 9-11 класаў. Гутарка была акрэслена тэмай «Вера і дабро ў нашым сэрцы». Адпраўным пунктам да размовы стала Ражджэственскае пасланне Мітрапаліта Філарэта да духавенства і беларускага народа, якое зачытаў вучням айцец Віталій. Паняцці «вера» і «дабро» – вельмі аб’ёмістыя. Таму гутарка была скіравана на многія моманты выхавання душы.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 Ларыса Паўлоўская дзеліцца такімі ўражаннямі. Для настаўнікаў было нечакана назіраць за рэакцыяй аўдыторыі. Вучні былі паслухмянымі, уважлівымі і з цікавасцю ўспрымалі тое, аб чым гаварыў ім свяшчэннік. І гэта іх просьба і надалей мець кантакт з айцом Віталіем, сустракацца ў больш цеснай аўдыторыі свайго класа.
Як расказвае Ларыса Аркадзьеўна, у гадавым плане выхаваўчай работы самай вялікай навучальнай установы раёна, запланаваны сумесныя мерапрыемствы са свяшчэннікам. Для агульнаадукацыйнай школы, у якой навучаецца без малога паўтары тысячы дзяцей, пытанне духоўна-маральнага выхавання моладзі з’яўляецца актуальным. І яно немагчыма без выхавання хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія захаваны для нас шматвекавым укладам Царквы. Протаіерэй Віталій Шаркоў зрабіў крок насустрач педагогам і гатовы ўзяць на сябе духоўнае акармленне навучальнай установы, якая знаходзіцца на тэрыторыі новага праваслаўнага прыхода.
Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *