Паспець папярэдзіць

Медыцына Нумары Факты, падзеi, людзi

Сярод набыткаў цэнтральнай раённай бальніцы пасля праведзенага рамонту – адкрыццё аддзялення прафілактыкі як асобнага структурнага падраздзялення. Яму адведзена месца на першым паверсе райпаліклінікі, побач з рэгістратурай. Загадчыца гэтага аддзялення Марыя Васільева лічыць, што такое суседства прадуманае і лагічнае.

–       На аддзяленне прафілактыкі, – расказвае Марыя Пятроўна, – ускладзены задачы правядзення ўсеагульнай дыспансерызацыі, прафілактычных аглядаў па дагаворах з прадпрыемствамі і арганізацыямі, правядзенне абавязковых медаглядаў працаўнікоў, выдача даведак па запатрабаванні.

–       Гэтую дзейнасць медустанова праводзіла і раней?

–       Так. Аднак былі толькі два кабінеты прафілактыкі на базе аддзялення функцыянальнай дыягностыкі. А цяпер структурнае падраздзяленне аб’ядноўвае аглядавы кабінет для жанчын, аглядавы кабінет для мужчын, даўрачэбны кабінет, кабінет урача. Ранняе выяўленне новаўтварэнняў ускладаецца на аглядавыя кабінеты, гэта патрабаванне часу, і яно актуальнае. Што датычыць медыцынскіх аглядаў, то на базе нашага аддзялення іх могуць прайсці жыхары не толькі нашага раёна, але і іншых рэгіёнаў рэспублікі па заключэнні дагавору. Аддзяленне на платнай умове абслугоўвае і грамадзян замежных краін. У штаце аддзялення вопытныя медыцынскія работнікі. Як урач-тэрапеўт Іна Міхно, якая 50 гадоў працуе ў нашай бальніцы, акушэрка з больш чым 20-гадовым стажам Маргарыта Галавачэнка, фельчары даўрачэбнага кабінета Наталля Шкляр, Галіна Глушак, стаж работы якіх у медыцыне таксама больш за 20 гадоў, медыцынскія сёстры Яна Разанцава, Ларыса Мішкевіч.

–       Марыя Пятроўна, улічваючы назначэнне гэтага аддзялення, можна меркаваць, што аб’ём работы, які выконвае медперсанал, дастаткова важкі?

–       Лічыце самі: у мінулым годзе праз аддзяленне прайшло каля 20 тысяч пацыентаў. Праведзены анкетаванне асоб, якія ўпершыню звярнуліся ў аддзяленне прафілактыкі, вымярэнне росту, масы цела, індэксу масы цела, вымярэнне артэрыяльнага ціску, унытрывочнага ціску, вастрыні зроку, правядзенне ЭКГ-даследавання, вызначэнне глюкозы крыві і агульнага халестэрыну, правядзенне анкалагічнага агляду і апытання, накіраванне пацыентаў на абследаванне ў адпаведнасці з картай уліку дыспансернага назірання, прыём пацыентаў па іх зваротах, правядзенне індывідуальных кансультацый з асобамі, якія маюць рызыку захворванняў, выдача даведак, выпісак з медыцынскіх дакументаў, стварэнне банка даных аб пацыентах, якія прайшлі агляд у аддзяленні… Гэта няпоўны пералік паўсядзёных клопатаў медыцынскіх работнікаў. І немалаважны з іх – інфармацыйная работа з пацыентамі, каб павысіць іх матывацыю да пастаяннага назірання ва ўрачоў, прафілактычных аглядаў і вядзення здаровага ладу жыцця.

На здымку: загадчыца аддзялення прафілактыкі Марыя Васільева (злева) з медыцынскай сястрой Янай Разанцавай.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *