Інфармацыя для чытачоў

Нумары Соцыум

ПЕРАНАСТРОЙКА ЦІ ЯШЧЭ АДЗІН ПРЫЁМНІК

Радыёпрыёмнік – рэч такая ж неабходная, як, напрыклад, тэлевізар або камп’ютар. Яна ёсць у кожным доме, службовым кабінеце.

Апошнім часам па тэхнічных прычынах, а іменна  ў сувязі са зменай частаты вяшчання раённага радыё з частаты Першага нацыянальнага канала на частату «Минской волны», перад жыхарамі раёна «замаячыла» перспектыва набыцця яшчэ аднаго радыёпрыёмніка.

– Каб слухаць Першы нацыянальны канал і перадачы раённага радыё, неабходна кожны раз перанастройваць прыёмнік або дадаткова набыць яшчэ адзін. Кожны выбірае той варыянт, які яму зручны, – тлумачыць начальнік Стаўбцоўскага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі.

Сама па сабе працэдура перанастройкі нескладаная для ўсіх тыпаў прыёмнікаў, аднак дае знаць аб сабе старая прывычка слухаць на адной хвалі і адно, і другое. З пакупкай дадатковага радыёпрыёмніка пытанняў няма.

Іх па-ранейшаму рэалізуе Стаўбцоўскі вузел электрасувязі, спецыялізаваныя магазіны райспажыўтаварыства і індывідуальных прадпрымальнікаў, – зазначае Міхаіл Касабуцкі. – У свой час, калі масава ішло адключэнне праваднога радыёвяшчання, мы шмат рэалізавалі радыёпрыёмнікаў бясплатна па заяўках сацыяльных устаноў на тэрыторыі раёна – дамоў-інтэрнатаў, бальніцы. Выдзялялі іх тэрытарыяльнаму цэнтру – для ўдзельнікаў вайны, інвалідаў і іншых катэгорый малазабяспечаных грамадзян. Цана на радыёпрыёмнік асабліва не вырасла: падчас апошняга паступлення ён каштаваў 187 000 рублёў.

– Міхаіл Іванавіч, жыхароў раёна яшчэ цікавіць пытанне тэлефоннага даведніка з новымі нумарамі. У горадзе пасля праведзенай рэканструкцыі змяніліся амаль усе нумары тэлефонаў як у абанентаў – фізічных асоб, так і ў арганізацыях.

– База тэлефонных нумароў абанентаў раёна падрыхтавана (яна фарміруецца ў аўтаматычным рэжыме). У красавіку бягучага года Мінскі філіял РУП «Белтэлекам» плануе правядзенне аўкцыёну, на якім выставіць яе для таргоў. Кошт базы фактычна роўны сабекошту, але выдаўцы асабліва не спяшаюцца…  З набыццём права друкавання тэлефоннага даведніка яны адначасова атрымліваюць і права яго далейшай рэалізацыі. Таму лёс новага тэлефоннага даведніка будзе залежаць ад таго, як пройдзе аўкцыён. Пакуль у нас ёсць такая навіна: на сайце раённай газеты «Прамень» змешчаны тэлефонныя нумары юрыдычных асоб, зарэгістраваных на тэрыторыі раёна.

– У гэтым годзе працягнецца змена тэлефонных нумароў – у сельскай мясцовасці.

– Так, запланаваны тры асноўныя аб’екты рэканструкцыі. Гэта замена каардынатных станцый у Мархачоўшчыне і Тонаве, будаўніцтва новай станцыі ў Прудах. Акрамя таго, сваімі сіламі будзем рэканструяваць тэлефонныя станцыі і сеткі ў Ніўным і Старыне. Будзе вялікі аб’ём работы. Аднак яго выкананне дазволіць поўнасцю адысці ад каардынатнага абсталявання, якое састарэла фізічна і маральна. Праблемы тэлефанізацыі ў раёне не існуе, таму што сучасныя тэхналогіі дазваляюць задаволіць усіх жадаючых. Калі няма магчымасці для ўстаноўкі правадной тэлефоннай лініі, то можам прапанаваць бесправадную. Бесправадны тэлефон захоўвае ўсе тыя ж функцыі, што і правадны.     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

 

ПРАФСАЮЗНЫЯ ЗДРАЎНІЦЫ

Нікому не хочацца праводзіць каштоўны час у чэргах у паліклініцы, траціць са свайго бюджэту сродкі на дарагія лекі. Таму вельмі важна падумаць аб прафілактыцы захворванняў. З гэтай актуальнай задачай паспяхова спраўляюцца прафсаюзныя здраўніцы.

Яшчэ жыве стэрэатып, што пуцёўкі ў прафсаюзныя санаторыі не дастаць, а калі і ўдалося атрымаць іх, то адпачынак прыйдзецца на міжсезонне, а не на самыя запатрабаваныя летнія месяцы. Аднак гэта – праблема мінулых гадоў. Пуцёўку ў прафсаюзныя санаторыі можна забраніраваць загадзя. І чым раней гэта зрабіць перад сваім адпачынкам, тым больш багатым будзе выбар нумароў для пражывання – на любы густ і любы кашалёк.

Для ўсіх членаў прафсаюзаў і іх дзяцей існуе скідка ў памеры 25 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, яна дзейнічае пастаянна. Да таго ж, многія прафсаюзныя камітэты праз калектыўныя дагаворы гарантуюць сваім членам яшчэ і дадатковыя выплаты на аздараўленне ці напрамую аплачваюць пуцёўкі. Усё залежыць ад актыўнай работы прафкама, ад калектыўнага дагавору і сацыяльна-эканамічнага стану прадпрыемства.

Многія бацькі імкнуцца завезці сваіх дзяцей да мора, каб максімальна пазбегнуць прастудных захворванняў на працягу года. Аднак і дарослыя гэтак жа маюць патрэбу ў прафілактыцы. Чаму б не паехаць разам з дзецьмі? На сучасны момант амаль усе прафсаюзныя здраўніцы абсталяваны салянымі пакоямі, дзе мікраклімат максімальна набліжаны да марскога. У кошт пуцёўкі ўваходзяць не толькі харчаванне і пражыванне, але і цэлы комплекс аздараўленчых працэдур. Так што напярэдадні адпускной кампаніі ёсць над чым задумацца, каб зрабіць выбар.

Галіна ШАПЕЦЬКА,старшыня раённагааб’яднання прафсаюзаў

 

ЯКІ ЭФЕКТ АБСЛЕДАВАННЯЎ 

Штомесяц інспектары энерганагляду праводзяць абследаванні бытавых спажыўцоў, у тым ліку сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян. Інфармацыя акумулюецца і, пры неабходнасці, накіроўваецца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сельвыканкамы – для разгляду пытання аб аказанні дапамогі пажылым, шматдзетным сем’ям у плане электрабяспекі.

Асноўнае парушэнне, з якім даводзіцца сутыкацца ў дамах сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, – старая электраправодка, наяўнасць скруткаў і т. п. За гэтым скрываецца пагроза жыццю і здароўю людзей.

Электрычны ток немагчыма ўбачыць або пачуць – яго прысутнасць вызначаецца толькі з дапамогай спецыяльных прыбораў. Разам з тым, часцей за ўсё прычынамі паражэння электрычным токам у быце з’яўляецца эксплуатацыя няспраўных электрапрыбораў, неасцярожныя і няўважлівыя адносіны да электраўстановак. Сустракаюцца таксама выпадкі траўматызму, звязаныя з выкананнем рамонтных работ некваліфікаваным персаналам.   

Пазбегнуць няшчасных выпадкаў можна пры захаванні элементарных правіл электрабяспекі.

Вадзім ХАЛОПІЦА,інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»  

 

ПАЧАЎСЯ НЕРАСТ

З наступленнем вясны ў большасці відаў рыб пачынаецца перыяд нерасту.

З 1-га сакавіка па 15-га красавіка рыбаловам-аматарам забаронена лоўля драпежніка – шчупака звычайнага, таму што, згодна з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, устанаўліваецца забарона на яго здабычу. Пры выпадковай здабычы рыбаловамі шчупака неабходна выпусціць яго ў жывым выглядзе назад у рыбалоўныя ўгоддзі.

У перыяд забароны на лоўлю, як сведчыць статыстыка міжрайінспекцыі, на рэках і вадаёмах павялічваецца колькасць фактаў браканьерства. Так, у 2015 годзе нашымі супрацоўнікамі выяўлена ў перыяд нерасту 16 фактаў браканьерства – усе парушальнікі прыцягнуты да адказнасці. За кожную асобіну незаконна здабытай падчас нерасту рыбы ім прыйшлося аплаціць страты, нанесеную навакольнаму асяроддзю, у трохкратным памеры.

Усё, што створана прыродай, развіваецца і ўдасканальваецца самастойна. Галоўнае, што патрабуецца ад чалавека, – не перашкаджаць. У залежнасці ад віду рыб і тэмпературы вады нераст рыбы праходзіць у розны час, але звычайна ў адных і тых жа месцах – нерасцілішчах. Рыбаловаў-аматараў, якія не наносяць шкоды прыродзе, рэкі і вадаёмы аддзячваюць навакольнай прыгажосцю і ўдалай рыбалкай.     

Дадаткова нагадваем, што захаваць і прымножыць жывёльны і раслінны свет можна не толькі выкананнем правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, а і інфармаваннем аб фактах браканьерства (тэлефон даверу – 5-10-27).

Валерый МАКОЎСКІ,старшы дзяржінспектар Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

 

ВЫКОНВАЙЦЕМЕРЫ ПРАФІЛАКТЫКІ

Распаўсюджванне афрыканскай чумы свіней у еўразійскай зоне, на жаль, прагрэсіруе. Перадача захворвання здаровай жывёле можа ажыццяўляцца праз заражаныя вірусам кармы, подсціл, гной, трупы і прадукты забоя жывёлы. Таму тым, хто трымае на асабістым падвор’і свіней, неабходна выконваць меры прафілактыкі. А іменна, утрымліваць жывёлу ў закрытых памяшканнях, без свабоднага выгулу, рэгулярна праводзіць ачыстку і дэзынфекцыю. Пры ўваходзе ў памяшканне абсталяваць дэзынфіцыруючы дыванок. Не дапускаць на падвор’е пабочных асоб. Для догляду жывёлы выкарыстоўваць спецыяльныя абутак і адзенне.

Не набываць жывых свіней без ветэрынарных суправаджальных дакументаў. Строга прытрымлівацца правілаў кармлення свіней: не дабаўляць у корм мясныя кампаненты або кампаненты, якія атрыманы пасля кулінарнай апрацоўкі свініны; абавязкова падвяргаць кармы тэрмічнай апрацоўцы (буракі, бульба, збожжасумясі і інш.); выкарыстоўваць для кармлення канцэнтраваныя кармы, набытыя праз сістэму Белкаапсаюза. Паіць свіней вадой толькі з калодзежа або водаправода. Весці пастаянную барацьбу з грызунамі.

Свінапагалоўе павінна быць зарэгістравана ў сельскіх выканаўчых камітэтах. Трэба абавязкова інфармаваць сельвыканкам, а таксама дзяржаўную ветэрынарную службу раёна аб усіх выпадках захворвання і падзяжу свіней.

Нельга праводзіць падворны забой свіней без ветэрынарнага перадзабойнага агляду жывёлы і ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і прадуктаў забою спецыялістамі ветэрынарнай службы. Не трэба купляць мясапрадукты ў несанкцыянаваных месцах гандлю. Ні ў якім разе не выкідваць трупы жывёлін, адходы ад іх утрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог.

У сувязі з тым, што зараз асноўнай пагрозай распаўсюджвання віруса афрыканскай чумы свіней з’яўляюцца дзікі, уладальнікам свіней, якія выконваюць работы ў лясных угоддзях, неабходна пасля наведвання лесу дэзынфіцыраваць абутак і спецадзенне і па магчымасці абмежаваць наведванне памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца свінні. Паляўнічым не рэкамендуецца трымаць свіней ва ўласных падсобных гаспадарках.

Грамадзянам, хто гадуе свіней, неабходна памятаць аб адказнасці (заканадаўствам прадугледжана не толькі адміністрацыйная, а і крымінальная), якую яны нясуць у выпадку ўзнікнення афрыканскай чумы свіней. Акрамя парушэння ветэрынарна-санітарных правіл утрымання, забою, перамяшчэння жывёлы, будуць улічвацца ўсе абставіны, якія садзейнічалі ўзнікненню і распаўсюджванню гэтага захворвання.

Нагадваю, што згодна з рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкама ад 22 мая 2014 года № 728 «Аб зняцці абмежаванняў па недапушчэнні ўзнікнення і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна», рэалізацыя парасят на гарадскім рынку забаронена. Гандаль мясам свініны на рынку дазволены. У мэтах забеспячэння эпізаатычнай дабранадзейнасці на тэрыторыі раёна забой свіней з наступнай рэалізацыяй мяса і прадуктаў забою праводзіцца ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць забой сельскагаспадарчай жывёлы.

Анатолій ГУСАЧОНАК, галоўны ветурач раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *