За званне «Настаўнік года»

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

0312
12 лепшых педагогаў школ раёна прынялі ўдзел у ІІ этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у 2013-2014 гадах.
Галоўнай асаблівасцю конкурсу ў гэтым годзе з’яўляецца тое, што ўпершыню ён праводзіцца па прадметных намінацыях. У склад удзельнікаў уключаны і педагогі дашкольных устаноў.
Традыцыйна ў праграме конкурсу былі конкурсныя майстар-класы, творчыя самапрадстаўленні, урокі ў незнаёмым класе, педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне. Раённы этап конкурсу ўключаў два этапы: завочны з пісьмовым прадстаўленнем праекта адкрытага ўрока, самапрэзентацыяй і пісьмовым прадстаўленнем з сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме «Навучаючы, я выхоўваю…» і вочны.
Фінал конкурсу адбыўся на базе СШ № 3 г. Стоўбцы. Навучальная ўстанова ў гэты дзень пераўтварылася ў цэнтр педагагічнага майстэрства, майстар-класаў. Педагогі, якія прынялі ўдзел у конкурсе з прадстаўленнем сістэмы педагагічнай дзейнасці, – яркія, цікавыя настаўнікі. Даставіла задавальненне і калегам, і журы ацэньваць іх індывідуальныя напрацоўкі, іх падыходы ў рабоце.
У кожнай з пяці намінацый быў вызначаны пераможца.
0330
Лепшымі настаўнікамі прызнаны: замежнай мовы – Наталля Шыкуць (гімназія № 1), біялогіі – Ала Вяршэня (СШ № 2 г. Стоўбцы), пачатковых класаў – Наталля Навіцкая (СШ № 3 г. Стоўбцы), рускай мовы і літаратуры – Валянціна Пяўнёва (Старасвержанская СШ), фізічнай культуры і здароўя – Іна Муравейка (Нававёскаўская СШ).
Адметна, што ў ходзе прафесійнага саперніцтва прыгожа спалучыліся і вопыт, і маладосць пераможцаў. Каштоўныя напрацоўкі ў сваёй педагагічнай дзейнасці паказалі вопытныя педагогі Валянціна Пяўнёва і Наталля Навіцкая, падкупілі сваім энтузіязмам, індывідуальнасцю, жаданнем праявіць сябе ў прафесіі маладыя перспектыўныя педагогі Ала Вяршэня, Іна Муравейка, Наталля Шыкуць. Яркімі запамінальнымі былі выступленні Аляксандра Жыбуля (Налібацкая СШ), Таццяны Бухавецкай (Цясноўскай СШ), Ганны Філіповіч і Наталлі Беляковіч (Дзераўнянская СШ), Алены Бухавецкай і Ліяны Хука (Залужскі вучэбна-педагагічны комплекс).
0307
Конкурс дазволіў выявіць лепшых педагогаў устаноў адукацыі раёна, а яшчэ – убачыць і распаўсюдзіць эфектыўны педагагічны вопыт. Кожны з удзельнікаў падрыхтаваў яркую прэзентацыю, што засведчыла, наколькі таленавітыя педагогі і ў сваіх здольнасцях, і ў фантазіях, і ў творчасці. Іх адкрытыя ўрокі, педагагічныя праекты выявілі інавацыі, былі дэманстрацыяй цікавых падыходаў у рабоце. Гэта педагогі, якія ўмеюць зацікавіць вучняў прадметам, зрабіць так, каб дзецям хацелася вучыцца. Педагогі падзяліліся сваімі назіраннямі, выказалі думку аб тым, што патрэбна змяніць у сістэме адукацыі, каб данесці да вучняў вучэбную праграму і ашчадна паставіцца да іх сіл і здароўя.
Наперадзе – наступны абласны этап конкурсу. Педагогам, якім прыйдзецца прадстаўляць Стаўбцоўшчыну, пажадаем спаўна праявіць талент у прадстаўленні сваёй прафесіі, якая стала для кожнай канкурсанткі часткай жыцця.
НА ЗДЫМКАХ: Цясноўскую СШ прадстаўляла Таццяна Бухавецкая; выступленне Вольгі Крыт са Старасвержанскай СШ; расповед Алы Вяршэня з СШ № 2 г. Стоўбцы.
Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *