Здатнасць

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

ЭКІПІРОЎКА – АД «СНЕЖНАГА СНАЙПЕРА»

23 і 24 лютага ў Мінску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Нам вельмі прыемна, што ў гэтых спаборніцтвах прымаў удзел вучань нашай школы Глеб Арлоўскі. У абласных спаборніцтвах Глеб заняў першае месца ў малодшай узроставай групе (2004-2005 гг. н.) і атрымаў магчымасць прыняць удзел у фінале. На старт выйшлі 196 юных спартсменаў, якія выйгралі канкурэнтную барацьбу сярод больш чым 21 тысячы равеснікаў. Першы дзень навучэнцы спаборнічалі ў стральбе ў ціры ДТСААФ,  другі – беглі на лыжах па трасе ў Вяснянцы. У падарунак юны спартсмен атрымаў  поўны камплект спартыўнай экіпіроўкі, а таксама пасведчанне фіналіста рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер».

Наогул, Глеб – удзельнік і прызёр шматлікіх спаборніцтваў.  А наперадзе шмат новых спартыўных мерапрыемстваў. Таму мы жадаем Глебу высокіх спартыўных вынікаў і яркіх уражанняў. Тым больш  што характар у яго сапраўднага спартсмена: адказнага і патрабавальнага да сябе як у спорце, так і ў вучобе.

Марыя КАЗАЦКАЯ, намеснік дырэктара ДУА «Заямнаўская СШ»

 

СА ШЧЫРАВАННЕМ ТРЭНЕРАЎ

Мемарыял заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Т. І. Сосінай стаў і прызнаннем заслуг выдатнай спартсменкі і педагога, і аглядам умення маладых талентаў, якія гартуюцца дзякуючы шчыраванню спартыўных настаўнікаў. У спаборніцтвах, якія набылі статус міжнародных, праявілі сябе і нашы юныя спартсмены.

Аліна Навіцкая ўдастоена дзвюх узнагарод. Пераможным стаў вынік яе выступлення ў бегу на 800 метраў, на 400-метровай дыстанцыі ў Аліны трэці вынік. Дарэчы, цяпер здольная спартсменка ўдасканальвае сваё ўменне ў вычылішчы Алімпійскага рэзерву, займаецца ў трэнера Н. І. Бажко. Трэнер Т. Ф. Нарэйка рыхтуе да стартаў выхаванца Коласаўскай школы Аляксея Міронава, які стаў бронзавым прызёрам у бегу на 800 і 1500 метраў. За каманду «Дынама» (Гродна) выступае цяпер Мікіта Ключнік, азы ж спартыўнага майстэрства асвойваў ён у Цясноўскай школе. Мікіта на згаданых спаборніцтвах выйграў 800-метровую дыстанцыю і паказаў другі вынік на 400-метровай.

Андрэй Ліпніцкі заняў другое месца ў скачках у даўжыню, Яўген Валадзько – трэцяе ў бегу на 400 метраў. Ганарыцца гэтымі сваімі выхаванцамі трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ А. М. Турчановіч, які ўсё новым зорачкам дае пуцёўку ў спартыўны шлях.

 

ВАЛЕЙБАЛІСТЫ – НА ЎЗРОЎНІ

У Салігорску адбыўся турнір першынства вобласці па валейболе сярод юнакоў 2000-2001 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 8 мацнейшых камандаў Міншчыны. Спартыўны гонар Стаўбцоўскага раёна абараняла зборная Дзераўнянскай ДЮСШ.

Перамогі з лікам па партыях 2:0 на папярэднім этапе над камандамі Жодзіна, Слуцкага і Нясвіжскага раёнаў зябяспечылі нашым валейбалістам выхад у фінал. Рашаючая сустрэча з гаспадарамі пляцоўкі, зборнай Салігорскага раёна, стала прынцыповай. У мінулым годзе на турніры, які праводзіўся ў Беразіно, перамогу святкавалі валейбалісты Стаўбцоўшчыны. І цяпер гульня ішла роўная, ачко ў ачко. У выніку абедзве партыі закончыліся з аднолькавым лікам 25:23 на карысць Салігорскай каманды. Яны ўзялі рэванш, але і другое месца нашага калектыву можна прызнаць паспяховым.

Добрую гульню ў нашай камандзе паказалі Ілья Супрановіч, Арсеній Гаптар, Сяргей Навіцкі, Данііл Віцько, Цімафей Макась, Дзяніс Шаламоўскі. Рыхтаваў каманду да спаборніцтваў трэнер-выкладчык Дзераўнянскай ДЮСШ Віктар Гаптар.

 

З АЛІМПІЙСКІМ НАСТРОЕМ

Занальныя абласныя спаборніцтвы па лёгкаатлетычным шмтбор’і прайшлі ў суседнім горадзе Узда. І адтуль выхаванцы трэнераў Анатоля Турчыновіча  і Дар’і Варывоцкай не вярнуліся без узнагарод. Андрэй Ліпніцкі і Карына Уліч вызначыліся ў стартах юніёраў 2001 года нараджэння. Яны набралі найбольшую суму ачкоў пасля выступленняў у дысцыплінах лёгкаатлетычнай праграмы.

На вышэйшай прыступцы п’едэстала гонару стаяў і Іван Багдановіч, які стаў лепшым сярод рабят 2003 года нараджэння. Ілья Туміловіч  заняў трэцяе месца. Пачатак года ў юных лёгкаатлетаў Стаўбцоўшчыны ўдалы. Сапраўды, год жа алімпійскі.

 

НУ ХІБА Ж ЯНЫ ВЕТЭРАНЫ?

Два выхадныя дні ў канцы лютага даставілі прыемныя ўражанні нашым аматарам футбола. У зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу праходзілі фінальныя спаборніцтвы па міні-футболе сярод камандаў ветэранаў.

Ветэран у спорце – паняцце адноснае. І ў камандах Барысаўскага, Слуцкага, Маладзечанскага і Смалявіцкага раёнаў былі задзейнічаны футбалісты, якія выступалі раней і ў рэспубліканскіх чэмпіянатах. Прыемна, што нашы далі ім у кожнай сустрэчы бой, праўда, поспех быў пераменным.

Барысаў мае славу футбольнай сталіцы Беларусі, там базіруецца чэмпіён рэспублікі клуб БАТЭ, дзейнічае на сёння лепшы ў нашай краіне стадыён. І ў згаданым турніры барысаўчане не разгубіліся, знайшлі магчымасць арганізаваць контргульню. У выніку ўсё ж перамаглі госці, але з перавагай толькі ў адзін мяч 4:3.

З лікам 2:3 нашы футбалісты ўступілі сапернікам з Маладзечанскага раёна. Напружаным стаў паядынак і з камандай Слуцкага раёна. І толькі за паўтары хвіліны да заканчэння гульні Сяргей Котаў правёў адзіны, пераможны для стаўбчан, мяч – 1:0. У сустрэчы з камандай Смалявіцкага раёна наша зборная перамагла з лікам 3:1. У выніку стаўбчане занялі трэцяе прызавое месца. Пераможцам спаборніцтва стаў калектыў Маладзечанскага раёна, на другім месцы – Барысаўскага.

Ф. ФЯДОТАЎ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *