Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

777Дзяжурства камунальнікаў

Аварыйныя брыгады камунальнай службы нясуць у гэтыя марозныя дні кругласутачнае дзяжурства. Падобная вахта спецыялістаў розных профіляў распаўсюджваецца і на выхадныя. Свае аварыйныя машыны камунальнікі трымаюць напагатове.

Як адзначыў намеснік дырэктара аб’яднання камунальных службаў па ідэалагічнай рабоце Андрэй Суднік, сур’ёзных аварыйных сітуацый у жылым сектары, на цепласетках вялікія маразы не выклікалі. Усё абсталяванне цеплавузлоў і цеплапунктаў працуе ў штатным рэжыме, пад кантролем энергетычнай службы прадпрыемства. Хаця не абыходзіцца без пытанняў падтрымання тэмпературнага рэжыму ў асобных дамах, кватэрах.

З асаблівай ашчаднасцю ў АКС ставяцца цяпер да спецтэхнікі, аснашчанай гідраўлічным кіраваннем, якое «баіцца» нізкіх тэмператур. Графікі вывазу цвёрдых бытавых адходаў у цэлым не парушаюцца, але з-за перамярзання помпаў узнікаюць некаторыя накладкі са своечасовым вывазам вадкіх адходаў.

Калі збіраць шышкі

Напрыканцы лістапада ў лясной гаспадарцы пачалі збор шышак. За гэты час сабрана сем тон.

У многіх, канешне, узнікла цікавасць: для чаго такі клопат? Гэта вытворчая справа, кожнаму лясніцтву даводзіцца план. Як расказвае вядучы інжынер стаўбцоўскага доследнага лясгаса Валерый Самахвал, шышкі адпраўляюцца на перапрацоўку ў селекцыйна-насенняводчы цэнтр пад Мінскам. З іх збіраецца насенне, а самі шышкі служаць палівам.

Можна было б падумаць, што збор шышак – справа, якую могуць выканаць і школьныя лясніцтвы. Аднак 9 школьных лясніцтваў прыцягваюцца толькі для пасадкі лесу вясною. Зборам шышак займаюцца работнікі лесу. Прычым, кожны год ураджайнасць шышак розная. Сёлетні год – малаўраджайны. Цікава, што сасна пладаносіць кожны год, а елка – раз у пяць гадоў.

Прарыў у цэнтры Стоўбцаў

На працягу двух дзён на пачатку гэтага тыдня камунальнікі разам з выратавальнікамі раёна спраўляліся з наступствамі буйной аварыі на магістральным водаправодзе ў цэнтры Стоўбцаў. Вада хлынула наверх каля магазіна «Дзіцячы свет».

Без халоднай вады заставаліся ў гэты час тры магазіны, што суседнічаюць з месцам аварыі, рэстаран «Нёман», а таксама адзін са шматпавярховых жылых дамоў па вуліцы Ленінскай. Прарыву такога маштабу, як сцвярджаюць камунальнікі, у нас даўно не памятаюць. Дыяметр магістральнай трубы, якая дала цечу, складае 420 см. Ён адзін з самых вялікіх на нашых гарадскіх сетках. Трубы хоць і няновыя, але і зношанымі іх назваць нельга.

На прарыў аператыўна адрэагавалі аварыйная брыгада аб’яднання камунальных службаў, падраздзяленні МНС. Нягледзячы на замёрзшую зямлю, месца прарыву з дапамогай тэхнікі было знойдзена і лакалізавана, пасля чаго прыступілі да рамонтных работ. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях забяспечыў на месцы прарыву дзяжурнае асвятленне (рамонтныя работы вяліся да позняга вечара) і вёў адпампоўванне вады.

У сувязі з тым, што гэта не звычайная труба, а «магістраль», у ходзе работ давалі знаць пра сябе розныя тэхнічныя складанасці і асаблівасці. Да іх трэба дадаць і экстрэмальныя пагодныя ўмовы – тэмпература на вуліцы мінус 13-150 С, было ветрана. Нягледзячы на гэта, спецыялісты аварыйнай брыгады апускаліся ў катлаван з вадою, каб аднавіць водазабеспячэнне ў сціслыя тэрміны. Побач аб’яднанне камунальных службаў устанавіла для іх аўтамабіль-«кунг», які ацяпляецца.
Нармальнае функцыянаванне водаправодных сетак адноўлена ў сераду вечарам.

У 75 – пара наваселля

Пад эгідай упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама рыхтуецца выданне, прысвечанае 75-годдзю міліцыі Мінскай вобласці. У ім кожны з райаддзелаў «піша» асобныя старонкі і раздзелы, перыяды жыцця і службы. Для міліцыі Стаўбцоўшчыны, таксама ўтворанай у 1939-м, у першых чыслах лістапада, летапіс гэты асабліва важны і неабходны. Сёлета і РАУС чакае свайго 75-гадовага юбілею.

– Калектыў рыхтуецца да юбілейных дат – у першым паўгоддзі мяркуецца здаць у эксплуатацыю прыбудову да будынка міліцыі,– адзначае значную падзею гэтага года намеснік начальніка райаддзела міліцыі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Богач.

Разам з наваселлем, якое, безумоўна, створыць умовы для больш эфектыўнай дзейнасці супрацоўнікаў аховы правапарадку, нельга не назваць і цікавыя традыцыі калектыву. Адна з іх –шматгадовае шэфства міліцыянераў над Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Стоўбцах, з дзецьмі якога яны дзеляцца і падарункамі, і цяплом сваіх сэрцаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *