У сэрцах паўтараецца Хатынь

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

18-03-2016-1

22 сакавіка 1943 года, 73 гады таму назад, фашысцкія акупанты спалілі вёску Хатынь разам з жыхарамі. Былі знішчаны 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, зруйнаваны 26 двароў. На месцы вёскі пабудаваны мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Трагічны лёс Хатыні напаткаў дзясяткі беларускіх вёсак, у тым ліку і на нашай Стаўбцоўшчыне.

Вецер падыхвае холадам.

Зноў снегам цярушыць зіма?

Вясна хоць і ранняя сёлета,

Але ж сакавік – не май.

Агляд па намечаным курсе,

Ды жартам і ўсмешкам не месца.

Бо гэта зусім не экскурсія,

Тут сэрца ўсхвалёвана б’ецца.

І, пэўна, ва ўсіх, хто прыходзіць

Да самай трагічнай з святынь,

Праз доўгія дзесяцігоддзі

Паўторыцца ў сэрцы Хатынь.

Зноў карнікаў зграя  – ад Мінска,

І выстралы рвуць цішыню,

Знямелага хлопца Камінскі

Ніяк не ўратуе з агню.

Узрушаць трывожна званы,

Нібы галашэнне, іх гук.

І ўзнятыя ўверх каміны,

Як дзясяткі абпаленых рук.

А можа яны, як крыжы,

Счарнелыя – горкія лёсы.

Бярозка журботна дрыжыць

На Могілках спаленых вёсак.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

РЭКВІЕМ ПА СПАЛЕНЫХ ВЁСКАХ

Каля велічнага касцёла ў Налібаках – стары вясковы могільнік. На многіх помніках высечаны адзін год вечнага спачыну жыхароў вёскі – 1943-ці.

Башура, Далідовіч, Кажушка, Стасюкевіч, Фарботка, Шэмет… Гэтыя  і іншыя прозвішчы ўвекавечаны на могільных плітах. Вяскоўцы захоўваюць памяць, прыносяць сюды жывыя кветкі.

Ёсць яшчэ сведкі жудаснай трагедыі, што чорнай хмарай абрынулася тым горкім майскім днём 73 гады таму назад. Вёска гарэла, па вуліцы цяклі ручаі крыві. Карнікі ўрываліся ў хаты, забівалі нявінных людзей – жанчын, дзяцей, старых. Знішчана 109 чалавек, спалена 369 сядзіб – такая страшная статыстыка па Налібаках у спісе ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтая жорсткая акцыя азвярэлых фашыстаў была іх помстай за актыўныя дзеянні партызанскіх брыгад і атрадаў, якія дыслацыраваліся ў Налібацкай пушчы. Гітлераўцы разгортвалі маштабную карную аперацыю «Герман» супраць партызанаў і мясцовага насельніцтва. Карнікі дашчэнту спалілі вёску Кляцішча, якая налічвала тады 55 двароў, расстрэльвалі мірных жыхароў. Звыш 200 чалавек яны вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Вёска Церабейнае: спалены ўсе 320 двароў, Пруды – 245, Рудня Налібацкая – 170,  Падгорная – 130, Несцеравічы –123, Крачаты – 80, Рудня Пільнянская – 62, Дзяражнае – 60,  Пятрылавічы – 60…

У гэтым трагічным спісе каля 50 паселішчаў Стаўбцоўшчыны. Уявіўшы, што сёння ў раёне прыкладна 200 населеных пунктаў, зноў жа можна сказаць: кожная чацвёртая вёска была мёртвай.

Згаданыя тут усе адрадзіліся. Але ж у кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён» прыведзены вялікі спіс населеных пунктаў, якія не існуюць. Для таго ёсць розныя прычыны: адны аб’яднаны з больш вялікімі, з іншых, асабліва хутароў, жыхары перасяліліся. А вось пра Калюгу, Крэты, Навасёлкі, Навіну, Ручча, Шэметы кароткая эпітафія: «У 1943 годзе спалена нямецкімі карнікамі і не адноўлена»…

Помнікі, абеліскі – па ўсёй беларускай зямлі, у тым ліку і па нашай Стаўбцоўшчыне. Вечныя агні памяці, яны ніколі не згаснуць.

Ф. ФЯДОТАЎ

Фота з інтэрнэту



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *