Чалавек на зямлі

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Чалавек на зямлі. У агульным так можна сказаць пра кожнага, хто з’явіўся на нашай планеце. Больш дакладна – пра тых, хто пабачыў свет у вёсцы, змалку зведаў нялёгкую сялянскую працу, хто пакінуў родныя мясціны толькі на нядоўгі час вучобы, вярнуўся і зямлі прысвяціў свае сілу, рабочыя ахвоту і старанне, а яна пачала шчодра аддзячваць за вернасць, разуменне, падмогу.

Адзін з такіх палюбленых матухнай-зямелькай Барыс Барысевіч – цяперашні начальнік аддзела раслінаводства ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Стаўбцоўскага райвыканкама. З ім мы сустрэліся каля 40 гадоў таму, напрыканцы 1970-х, у маіх Янковічах, куды я, яшчэ не маючы лецішча, даволі часта зазіраў. Найперш у момант, калі мне, старэйшаму ў сям’і, трэба было памагчы бацьку ў ягоных асабліва няпростых сезонных турботах па нарыхтоўцы дроў, сена, выбіранні бульбы. Не мог не заўважыць, што часцей чым звычайна імкнецца ў бацькоўскі дом і мая сястра-студэнтка. Мая больш пільная жонка заўважыла, што тут ёсць асаблівы інтарэс. І ён па-маладому спалучаны з новым брыгадзірам у нашай вёсцы. Яго я ўжо колькі разоў бачыў: зусім малады, рослы, моцна складзены, рыжавата-светлы, і ён, гэты колер, хораша пасуе яго натуральнай усмешцы. Толькі здаўся сарамлівым, хоць бацька адразу паправіў: гэты сарамлівец – хлопец-агонь! Вясковы, маючы чырвоны тэхнікумаўскі дыплом, кампанейскі характар, умее з людзьмі ладзіць, ведае, дзе, што і калі садзіць. На полі, на ферме, каля складоў – ад рання да змяркання. А калі  ёсць у чым запынка, то ідзе параіцца да брата маёй бабулі Стэфана Шабуні,   які яшчэ   да 1939-га арандаваў нямала зямлі, на памяць ведаў кожныя ямінку, узгорак на ёй. З ім нават раіўся наш старшыня – былы грозны партызан. Карацей, асабістая сімпатыя да жыццярадаснага, агністага маладога чалавека ўзмацнілася яшчэ павагай: абапіраючыся на працавітасць нашых не такіх ужо і шматлікіх вяскоўцаў, у тым ліку і дзетвары ў час канікулаў, ён ужо неўзабаве іхнюю брыгаду № 3 з 540 га ворнай зямлі, з высокімі ўраджаямі (запомнілася: было 250 ц/га бульбы) вывеў на першае месца. Могучы змалку касіць, неабдзеленымоцай, з ахвотай выходзіў разам з усімі на луг з касой, станавіўся апошні, але  хутка аднаму-другому «падразаў пяткі» і апынаўся наперадзе. Яму, каб былі маладзейшыя, маглі скласці канкурэнцыю толькі некалькі чалавек.

Мне добра запомніўся 1979 год. І не столькі таму, што тады я выбіўся ўжо ў літаратурнае начальства, а тым, што тады Барыс і наша Яніна – будучая настаўніца  беларускай, рускай мовы і літаратуры, пажаніліся, і малады яе муж пачаў падвышаць веды ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце.

Зразумела, што тагачаснае раённае кіраўніцтва не магло доўга затрымліваць у невялікіх  Янковічах перспектыўнага спецыяліста, і яго ўжо ў 1981-м аграномілі ў калгасе «Чырвоны сцяг», дзе ў вёсцы Горкі  маладой сям»і (з дачушкай Алёнай) выдзелілі яшчэ не зусім гатовы домік. Як маглі, бацькі маладых, браты  Барыса і Яніны, дружна даводзілі яго да ладу. Праз некалькі гадоў у абладжанай будыніне з’явіцца неабходнае на пражытак, зазвініць галасок іхняй  дачушкі Юлі.

У  нашых Янковічах яго не называлі Барыс Барысавіч, ён стаў сваім:  па-простаму, шчыра і годна – ці Барысевіч, ці Барыс. Яго праводзілі з жалем, а пасля, прызнаюся, сустракалі не менш радасна, пачэсна, чым мяне, карэннага янкоўца. Ды яго і цяпер светла помняць, паважаюць, і ў суседніх Агародніках, Ніўным, Налібаках.

Старэйшае пакаленне кіраўнікоў стаўбцоўскіх гаспадарак, безумоўна, лепш ведае працу Барысевіча  ў калгасе  «Чырвоны сцяг», дзе ён адаграноміў каля 20 гадоў. Асабіста я, час ад часу прыязджаючы ў Горкі, бачыў і таго самага Барыса (няўрымслівага, апантанага на ўсіх участках работы цэлы светлы дзень), і новага (захопленага новымі метадамі агратэхнікі, барацьба з пустазеллем), што спрыяла гаспадарцы неаднойчы займаць другое, першае месцы ў раёне па ўраджайнасці, быць узнагароджанай бронзавым, сярэбраным медалямі ВДНГ СССР.  Яго пасылалі ў Вялікабрытанію для вывучэння вопыту агранамічнай  дзейнасці і прапаганды яе ў гаспадарках не толькі аднаго раёна. Паспяховая ягоная праца з 2002 года была і ў вялікай шматнацыянальнай гаспадарцы імя Мічурына, што і ў няпростыя гады ўносіла не менш за 22% прадукцыі ў набытак раёна. Не выпадкова і тое, што ў 2007 годзе Мінскі абласны выканаўчы камітэт вырашыў выкарыстаць веды і вопыт Барысевіча на больш высокім узроўні – на вышэйназванай пасадзе ў Стаўбцоўскім раёне.

Мы, Далідовічы, мелі, маем цёплыя адносіны з Барысевічамі. Бацька Барыса Барыс Яфімавіч доўгі час  працаваў мельнікам, а па натуры ён быў чалавек негаваркі, ураўнаважаны. Старэйшы сын, бясспрэчна, пайшоў у маці – такую ж жвавую, цягавітую шмат гадоў у цяжкай працы на ферме. Дзеці, Барыс не выключэнне, змалку былі прывучаныя  да клопатаў па сваёй гаспадарцы, па дапамозе бацькам у калгасе. Ева Антонаўна неаднойчы расказвала з захапленнем пра тое, як яе Барыс мае час, энергію  яшчэ і на іншае. У летні час мог працаваць на зернятоку, памочнікам камбайнера, у школе займаўся спортам, асвойваў тэхніку, уносіў свой уклад у афармленне  мясцовага музея. Армія загартавала яго яшчэ больш. І цяпер, калі яму 16 сакавіка споўнілася 60, не паверыш такому ўзросту: дзед ужо, але мацак, лёгкі на пад’ём, цікаўны да ўсяго, увесь у клопатах  і працы. Відаць, народнымі генамі закладзена яму быць такім. То і пажаданне: усюды паперадзе, больш, лепш, радасней!      

Ад імя жонкі Марыі, сясцёр Ганны і Ірыны, братоў Рычарда і Івана, швагра Міхаіла, швагерак Соф’і  і Ядзі, ад  нашых дзяцей і ўнукаў паважлівы да Барыса Барысавіча Барысевіча Генрых  Далідовіч.

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *