Баль, дзе музыка эпох

Адукацыя Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

18-03-2016-1

Нарэшце надышоў той самы дзень. Ярка і эфектна аформлена зала гімназіі, вакол проста магія прыгажосці – дзяўчынкі ў шыкоўных сукенках і сур’ёзныя хлопчыкі ў строгіх касцюмах. Своеасаблівы дрэс-код – гэта адна з умоў нашага балю. Гучыць прыгожая музыка, баль пачынае Віка Башылава з рамантычнай песняй з фільма «Анастасія». Кружыцца ў танцы трыо дзяўчынак – Вольга Рушанян, Марына Абрамовіч, Вікторыя Нарановіч, а на экране адзін за адным праходзяць слайды прэзентацыі з цікавай інфармацыяй. З даўняга часу людзі імкнуліся наладзіць добрыя адносіны і для гэтага праводзілі балі. Госці свята з дапамогай вядучых Марыі Францкевіч, Анастасіі Суднік і Паўла Лябедзькі зазірнулі ў далёкае мінулае і даведаліся аб гісторыі з’яўлення першых рытуальных танцаў і правядзення першых баляў, якія адносяцца да ХІV стагоддзя.

Нікога не пакінула раўнадушным выкананне мелодыі на скрыпцы вучаніцай 9 «А» класа Сабрынай Пракаповіч. А затым вядучыя прапанавалі развучыць і пратанцаваць падэспань, пагуляць ў гульні, вядомыя яшчэ з ХVІІІ-ХІХ стст. Сапраўднай кульмінацыяй стала выкананне танца паланэз. Да трыо дзяўчынак далучыліся іх партнёры па танцы – Павел Дзяргай, Данііл Ігнаценка і Мікіта Мукоід. Строга і прыгожа выглядалі яны ў чорных фраках. Ніводзін іншы танец не патрабуе такой строгасці, сабранасці, грацыі, як паланэз. Падчас шэсця пад урачыстую музыку госці звычайна паказвалі сябе, свой строй, свецкасць манер, годнасць. Паланэз змяніўся контрдансам, а затым – вальсам, які з сярэдзіны ХІХ стагоддзя стаў самым папулярным бальным танцам. Гісторыя вальса звязана з імем Іагана Штрауса, венскага кампазітара, які напісаў больш за 500 вальсаў. Спецыяльна для вальса будаваліся вялікія танцавальныя залы. Вальс і зараз з задавальненнем танцуюць і маленькія, і дарослыя. Гэты прыгожы танец у выкананні маладых педагогаў гімназіі  матэматыка І. У. Чуйко і настаўніка фізічнай культуры  Я. Ю. Рымашэўскага выклікаў сапраўдныя авацыі.

Кожная эпоха мае свае традыцыі. Не стала выключэннем і ХХ стагоддзе, калі з’явіліся новыя танцы – факстрот, твіст, самба, ча-ча-ча, рок-н-рол і шэйк. Пад вясёлую кампазіцыю 80-х гадоў  усе госці з задавальненнем танцавалі. ХХ стагоддзе стала і часам узнікнення  новай субкультуры – стыляг. Як быццам хтосьці кінуў кліч: «Стылягі ўсіх краін, аб’ядноўвайцеся!», і яны аб’ядналіся. Надзелі рознакаляровыя гальштукі, туфлі с вострымі насамі, чорныя акуляры, вузкія штаны-дудачкі, дзяўчынкі зрабілі начос – і на танцы. Яны былі сапраўднымі фанатамі танцпляцоўкі і вельмі любілі Элвіса Прэслі і «Бітлз». Гэта былі нашы бабулі і дзядулі – тыя самыя стылягі, і музыка ў іх тады была  адпаведнай. Гарачымі апладысментамі сустрэлі госці балю танец стыляг у выкананні адзінаццацікласніц Вікторыі Луцік і Алены Мешыч. Гучала тут і сучасная музыка, кампазіцыю на англійскай мове пад уласны акампанемент выканалі вучні 10 «А» класа. Напэўна, баль быў бы незавершаным, каб не прыгожае дэфіле дзяўчынак у бальных сукенках, якое адкрылі першакласніца Ксенія Найдзяновіч (самая маленькая ўдзельніца балю) і дзявяцікласніца Вікторыя Башылава. Даўным даўно добрай традыцыяй на балі было атрыманне запіскі з найлепшымі пажаданнямі. Кожны госць нашага свята таксама атрымаў  прыемнае пажаданне. Будем чакаць, что ўсе яны хутка збудуцца, а першы вясновы баль стане добрай традыцыяй у нашай гімназіі. Як добра, што балі зноў уваходзяць у моду. І ў нашай моладзі ёсць такая магчымасць – не толькі дакрануцца да старажытнай гісторыі, адчуць  прыгажосць той ці іншай эпохі, засвоіць этыкет, але і навучыцца выхаванасці і ўменню зносін.

Таццяна ТАТАРЫНЕЦ,кіраўнік клуба «Рагнеда»,настаўніца гісторыі

 

СТАЎБЧАНЕ НА «ПЕЦЯРБУРГСКАЙ ВЯСНЕ»

Выкладчыкі духавога аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч (загадчык аддзялення), Уладзімір Татарыцкі, Раман Бець і Дзмітрый Вяршэня разам са сваімі вучнямі здзейснілі далёкую аўтобусную паездку ў Санкт-Пецярбург, дзе паўдзельнічалі ў Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў «Пецярбургская вясна». Некалькі гадоў назад у гэтым конкурсе прымаў удзел духавы аркестр школы мастацтваў, а ў гэтым годзе – 11 выканаўцаў на трубе, саксафоне, барытоне і блок-флейце.

У конкурсе юных выканаўцаў на духавых інструментах у старадаўнім горадзе на Няве прынялі ўдзел 80 юных музыкаў з Расіі, Беларусі, Славеніі, Польшчы, Германіі і Латвіі. Слухалі і ацэньвалі юных музыкаў на розных духавых музычных інструментах прафесары музыкі. Каб быць адзначанымі дыпломамі, юным талентам патрэбна было сыграць конкурсную праграму без адзінай памылкі, тэхнічна прыгожа, гарманічна і сугучна сваёй душы.

Выкладчыкі Стаўбцоўскай школы мастацтваў удзячныя сваім вучням, што яны сумелі сабрацца ўнутрана пасля нялёгкай дарогі даўжынёю больш за тысячу кіламетраў, пераадолець хваляванне і выдатна выканаць музычныя творы. Найбольш лаўрэацкіх дыпломаў атрымалі вучні Рамана Беця. У старэйшай групе лаўрэацкім дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны барытаніст Мацвей Калошыч. Дарэчы, Мацвей прыязджае на заняткі музыкай да Рамана Вітольдавіча з Дзераўной, умеючы спланаваць свой такі каштоўны час. У малодшай групе васьмігадовыя дзеці Глеб Жыбуль і Кацярына Рылко звярнулі ўвагу журы сваім стараннем і ўменнем ігры на блок-флейце і ўзнагароджаны лаўрэацкімі дыпломамі ІІІ ступені. Яшчэ адзін вучань Рамана Беця, Вадзім Босы (труба), у малодшай групе стаў дыпламантам ІІ ступені.

Лаўрэацкага дыплома ІІІ ступені ў старэйшай групе ўдастоены саксафаніст Раман Шайноў, з якім працуе Уладзімір Татарыцкі. А вучаніца гэтага выкладчыка, саксафаністка Ганна Булаш, у малодшай групе таксама сумела заваяваць лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені.

Дыпламантамі І ступені сталі вучні Аляксандра Нічыпаровіча Павел Ажгірэвіч і Арцём Маскалейчык (малодшая група), Мікалай Артамонаў (сярэдняя група), дыпламантам ІІ ступені ў малодшай групе – Назар Папкоўскі. Усе яны ігралі на трубе.

Вучань Дзмітрыя Вяршэні, барытаніст Яўген Казацкі, у старэйшай групе стаў дыпламантам ІІ ступені.

Конкурс праходзіў у музычным каледжы імя М. А. Рымскага-Корсакава.

За высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў усе чатыры выкладчыкі адзначаны журы падзякамі. Высокую ацэнку свайго прафесіяналізму атрымала канцэртмайстар Наталля Сінягуб. Нават вядучыя не адзін раз акцэнтавалі увагу на тым, што зноў акампаніруе Наталля Сінягуб. Суправаджаць на фартэпіяна адзінаццаць конкурсных праграм юных удзельнікаў – гэта сур’ёзная праца. Выканала сваю справу Наталля Сінягуб бліскуча: як важна салісту давяраць канцэртмайстру, быць упэўненым, што ён не перашкодзіць, а наадварот сваім майстэрствам падтрымае, дапаможа.  Наталля Сінягуб яшчэ раз пацвердзіла свой аўтарытэт аднаго з лепшых канцэртмайстраў Стаўбцоўскай школы мастацтваў.

Удзел у конкурсе пакінуў шмат уражанняў у дзяцей. Гэта і від на Няву з вокнаў гасцініцы, і пешаходная экскурсія па Санкт-Пецярбурзе, і экскурсіі ў Петрапаўлаўскі сабор і Ваенна-гістарычны музей артылерыі.

Выхаванцаў духавога аддзялення чакаюць паездкі на наступныя конкурсы як у межах Беларусі, так і на міжнародныя.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ВЯСЁЛКАВЫ КАРАГОД

Танцавальны ансамбль ДУА «СШ № 2 г. Стоўбцы» «Светлячок» (мастацкі кіраўнік Ала Ярмак) сумесна з выхаванцамі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прыняў удзел у абласным этапе ХІ рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецшкол і цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі «Вясёлкавы карагод», які праходзіў у горадзе Узда.

Мэтай мерапрыемства стала духоўна-маральнае і эстэтычнае развіццё дзяцей, садзейнічанне іх сацыялізацыі і паўнацэннай інтэграцыі ў грамадства. На фестываль была прадстаўлена праграма, якая ўключала песенна-танцавальныя нумары, у якіх бралі ўдзел вучні школы і выхаванцы карэкцыйнага цэнтра. Сумесная творчасць, супрацоўніцтва і партнёрства дзяцей – адна з умоў фарміравання талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Вынікі фестывалю прадстаіць даведацца, але эмацыянальны зарад, цёплая атмасфера і радасць ад сумесных рэпетыцый і святаў працягваюць жыць у сэрцах рабят.

Пр

 

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *