На агранёманскіх палетках ажыўленне

Нумары Сельская гаспадарка

У ААТ «Агранёманскі» пачаліся веснавыя палявыя работы. На мінулым тыдні рассявалі мінеральныя ўгнаенні, праводзілі закрыццё вільгаці. Апошняя аперацыя выконвалася з прымяненнем чызельных культыватараў і каткоў. На гэтых работах шчыравалі механізатары Аляксандр Фалюк, Арцём Дарашэвіч, Аляксандр Гярлоўскі і Віктар Семянько.

– Першым падрыхтавалі поле, на якім пасеем авёс, – патлумачыў намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі, з якім сустрэліся на полі. –  Пройдуць прагназуемыя сіноптыкамі замаразкі, і адразу кінем насенне ў глебу. Затым надыдзе чарга зернебабовых, яны размесцяцца на 200 гектарах. Сёлета набылі тры тоны гароху новага сорту «міленіум» – гадавальніка размнажэння. 

У таварыстве ўсе культуры высяваюцца ў аптымальныя тэрміны, з поўнай запраўкай глебы, выкарыстоўваецца якаснае элітнае і суперэлітнае насенне, таму і ўраджайнасць атрымліваюць высокую. Летась сабралі рэкордны ўраджай збожжавых – 51,6 цэнтнера на круг.

Сёлета раннія яравыя збожжавыя культуры зоймуць у таварыстве плошчу 1320 гектараў.  ААТ «Агранёманскі» як элітгас набудзе для размнажэння тры новыя сарты ячменю: «фэст», «радзіміч» і «дзівосны». У сваёй гаспадарцы перавагу аддадуць кармавому ячменю, каб назапасіць пабольш кармоў для жывёлы. Павялічаць плошчы пад аднагадовымі. Кукурузу пасеюць не толькі на сілас, а і 100 гектараў на зерне. Ёсць намер набыць і пасеяць азімае гібрыднае жыта. У кіраўніцтва гаспадаркі асноўны накірунак работы ў раслінаводстве – умацаванне кармавой базы. Пасеюць дадаткова 260 гектараў люцэрны і давядуць плошчу пад гэтай пажыўнай травой да 625 гектараў. На травяных палетках разам з цімафееўкай, аўсяніцай і канюшынай прапісаліся баркун і фестулоліум. Дарэчы, летась намалацілі 18 тон насення канюшыны чырвонай  і рэалізоўваюць яго гаспадаркам раёна.

– Азімыя збожжавыя, а высяваем сарты айчыннай селекцыі, выйшлі з зімоўкі ў добрым стане, таму калі ўстановіцца аптымальная тэмпература для іх падкормкі, у поле адразу выйдзе спецыяльная тэхніка, – працягвае гаворку Іван Іванавіч. – А вось рапс не парадаваў, на палове плошчаў, дзе ён быў пасеяны на корм жывёле, расліны загінулі. Перасеем плошчу аднагадовымі або кукурузай. А ўвогуле будзем мяняць сарты рапсу і закладваць доследныя палі для таго, каб намалочваць не менш як па 40 цэнтнераў масланасення з гектара.

Гэтымі днямі ў таварыстве завяршаецца рамонт тэхнікі. Назапашваюцца пад патрэбнасць мінеральныя ўгнаенні. Рыхтуецца насенне, набыты эфектыўныя пратручвальнікі. Робіцца ўсё для таго, каб атрымаць высокі ўраджай.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі (справа) даводзіць заданне механізатарам Арцёму Дарашэвічу і Аляксандру Фалюку.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *