Чысціня і парадак – у горадзе і вёсках

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Распараджэннем Мінаблвыканкама з 11 сакавіка па 30 красавіка аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў. Рашэннем раённага выканаўчага камітэта зацверджаны план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на тэрыторыі раёна.

Кожны год з надыходам вясны і абуджэннем прыроды пытанні ўборкі і дагледжанасці прысядзібных і прылеглых тэрыторый набываюць актуальнасць. Правядзенне гэтай работы асабліва важна ў 2016 годзе, аб’яўленым у нашай краіне Годам культуры, у тым ліку фарміравання культуры адносін да навакольнага асяроддзя і ўладкавання населеных пунктаў, уласных дамоў і двароў. Высокая планка была зададзена гэтай рабоце яшчэ летась, падчас падрыхтоўкі да святаў вёсак. І сёлетні год будзе не выключэннем: запланавана правесці 14 святаў вёсак. 

У сувязі з аб’яўленым месячнікам сельвыканкамам, камунальнай і дарожным службам, прамысловым і сельскагаспадарчым арганізацыям, прадпрыемствам усіх формаў уласнасці неабходна ажыццявіць саначыстку тэрыторый населеных пунктаў, ліквідаваць несанкцыянаваныя звалкі смецця, прывесці ў парадак могілкі і памятныя месцы, прыдарожныя палосы, тэрыторыі фермаў, мехдвароў і іншых аб’ектаў. Лепшы адказ на гэта – суботнікі па санітарнай ачыстцы і азеляненні тэрыторый з прыцягненнем юрыдычных асоб усіх формаў уласнасці і, у першую чаргу, грамадзян.

Быць актыўнымі ўдзельнікамі работ па навядзенні парадку  заклікаю і суб’екты гаспадарання прыватнай формы ўласнасці, індывідуальных прадпрымальнікаў, органы кіравання і членаў садовых, гаражных і жыллёва-будаўнічых кааператываў. Найперш гэта датычыць прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, прыдарожнага сэрвісу, дробнарознічнага гандлю.

Уладальнікам зямельных участкаў, індывідуальных жылых дамоў неабходна ўключыцца ў агульную работу. Нельга забываць пра патрабаванні да добраўпарадкавання індывідуальных жылых забудоў на тэрыторыі Мінскай вобласці (утрымліваць у парадку фасады дамоў і гаспадарчых пабудоў, вулічную агроджу, своечасова рамантаваць іх і фарбаваць, замяняць непрыгодныя канструкцыйныя элементы; падтрымліваць чысціню і парадак на тэрыторыі, прылеглай да домаўладання, да восі праезджай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні ўчастка, у тым ліку і на прысядзібнай тэрыторыі, сістэматычна ачышчаць яе ад смецця, адходаў будаўніцтва, абкошваць пустазелле; не дапускаць утварэння звалак бытавых і іншых адходаў, утылізаваць раслінныя рэшткі ў кампосных ямах на ўласным участку; заключыць дагавор на вываз камунальных адходаў з аб’яднаннем камунальных службаў).

Памятайце, што парадак на зямлі – наша агульная справа. Разам зробім наш агульны дом – Стаўбцоўшчыну – чыстым, дагледжаным, зручным і камфортным для адпачынку і працы!

Алена ЛОЙКА,загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *